Як адаб’ецца паражэнне партыі Орбана на парламенцкіх выбарах у выдзяленні Еўрасаюзам 90 мільярдаў крэдыту Украіне
У гэтыя выхадныя ў Венгрыі прайшлі парламенцкія выбары. Да іх была прыкавана пільная ўвага большасці вядучых сусветных СМІ, бо тут фактычна вырашалася пытанне падтрымкі Еўрасаюзам ваенных дзеянняў ва Украіне.
Паводле звестак Цэнтральнай выбарчай камісіі, апазіцыйная партыя «Ціса» на чале з Петэрам Мадзьярам атрымлівае абсалютную большасць — 138 з 199 месцаў у парламенце. У сваю чаргу, кіруючы блок, у які ўваходзяць партыя «Фідэс» Віктара Орбана і Хрысціянска-Дэмакратычная народная партыя (ХДНП), атрымліваюць усяго толькі 55 мандатаў.
Паражэнне Орбана — гэта не проста перамога венгерскай апазіцыі, гэта хутчэй ідэалагічны трыумф ліберальнага Бруселя, які стараўся зрабіць усё, каб прыбраць незгаворлівага прэм’ер-міністра. Кіраўніца Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен назвала вынікі парламенцкіх выбараў у Венгрыі вяртаннем краіны на еўрапейскі шлях і выказала надзею, што перамога апазіцыі ўмацуе Еўрапейскі Саюз. Сын фінансіста і мільярдэра Джорджа Сораса (вядомага арганізатара «каляровых рэвалюцый» і дзяржпераваротаў. — Заўв. аўт.) Аляксандр напісаў у сацсетцы X, што венгерскі народ «вярнуў сабе сваю краіну». Аднак у адказ на яго публікацыю амерыканскі прадпрымальнік і мультымільярдэр Ілан Маск напісаў: «Арганізацыя Сораса захапіла ўладу ў Венгрыі».

Сярод скептыкаў перамогі «Цісы» апынулася і кіраўніца апазіцыйнай французскай партыі «Нацыянальнае аб’яднанне» Марын Ле Пен, якая заявіла, што венгры павінны быць занепакоеныя тым, як Еўракамісія адрэагавала на паражэнне партыі Віктара Орбана на выбарах. Паводле яе слоў, адабрэнне з боку Еўракамісіі павінна насцярожыць венграў і прымусіць задумацца аб захаванні нацыянальнага суверэнітэту, які венгры адстойвалі многія гады.
На думку шэрагу экспертаў, пасля атрымання «Цісай» большасці месцаў у парламенце ўзнікнуць асцярогі, што Венгрыя можа сысці са шляху мірнай палітыкі, якую праводзіў Віктар Орбан, і стаць на бок Украіны ў канфлікце супраць Расіі. Шмат у чым гэта тлумачыцца тым, што Петэр Мадзьяр не прызнае законнасць патрабаванняў Масквы ў галіне бяспекі, тым самым ускосна адмаўляючы прынцып роўнай, узаемнай, непадзельнай бяспекі, і лічыць легітымнай экспансію НАТА на ўсход. У гэтым кантэксце як сам Мадзьяр, так і ўзначаленая ім «Ціса» карыстаюцца падтрымкай лідараў Еўрасаюза і Уладзіміра Зяленскага і ўваходзяць у наднацыянальнае фарміраванне — Еўрапейскую народную партыю, якую ўзначальвае, па словах Орбана, прыхільнік «плана Сораса па навадненні Еўропы мігрантамі» Манфрэд Вебер.
Па выніках венгерскіх выбараў, ЕС чакае, што новы прэм’ер ухваліць 90 мільярдаў еўра крэдыту для Украіны, заблакіраванага Орбанам. Мадзьяр ужо паспеў адзначыць, што ён мае намер выбудаваць новыя адносіны з Кіевам і адмовіцца ад канфрантацыйнай палітыкі Орбана.

Гаворачы аб першых кроках пасля перамогі на выбарах, Мадзьяр заявіў аб планах абнавіць супрацоўніцтва Вышаградскай чацвёркі (Чэхія, Венгрыя, Польшча, Славакія) і, адпаведна, свой першы візіт у якасці прэм’ер-міністра ён зробіць у Варшаву, а следам — у Вену і Брусель.
Пры гэтым палітык у інтэрв’ю венгерскай газеце Népszava падкрэсліў, што незалежна ад зыходу выбараў Будапешту ў любым выпадку прыйдзецца сесці за стол перагавораў з расійскім прэзідэнтам. Ён таксама адзначыў, што мае намер умацаваць дэмакратыю ў Венгрыі, якая, з яго слоў, была падарваная папярэднім урадам. «Мы адновім функцыянаванне інстытутаў, якія забяспечваюць дэмакратыю і яе незалежнасць. Венгрыя зноў стане моцным саюзнікам у Еўрапейскім саюзе і НАТА».
Варта адзначыць, што выбарчая кампанія адбывалася ў Венгрыі пры актыўным выкарыстанні лічбавых тэхналогій, дзе штучны інтэлект быў выкарыстаны, каб уздзейнічаць у тым ліку на мікрамэтавыя групы маладых выбаршчыкаў. Сама кампанія «Цісы» будавалася на трох кітах: барацьба з карупцыяй, эканамічныя праблемы, збліжэнне з ЕС. Мадзьяр абяцаў разблакіраваць еўрапейскія 90 мільярдаў еўра на дапамогу Украіне, адмовіцца ад расійскіх энерганосьбітаў да 2035 года і ўзмацніць незалежнасць судоў.
Зрэшты, як сябе будзе весці на міжнароднай арэне будучы венгерскі прэм’ер, пакажа будучыня, бо вядома, што перадвыбарныя лозунгі ў Еўропе адна справа, а рэальнасць — іншая.
Сяргей ЧЫЧЫЛАЎ
У тэму
Лідар Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў віншаванне старшыні Партыі «Ціса» Петэру Мадзьяру, выказаўшы перакананасць, што традыцыі дружбы і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, якія склаліся за многія гады паміж Мінскам і Будапештам, павінны працягвацца.