Top.Mail.Ru

Ці пачнецца новая эра алімпійскага руху з новым лідарам?

У сусветным спорце — перамены. Кардынальныя ці не, пакажа час. Але значныя і нават гістарычныя — гэта адназначна. У чацвер, падчас 144-й сесіі Міжнароднага алімпійскага камітэта прайшлі выбары новага прэзідэнта гэтай арганізацыі. У першым туры, набраўшы 49 галасоў, перамагла прадстаўніца Зімбабвэ Кірсці Ковентры.


Ковентры — двухразовая алімпійская чэмпіёнка па плаванні — стала першай жанчынай-прэзідэнтам МАК у гісторыі і першай прадстаўніцай Афрыканскага кантыненту на такой высокай пасадзе. З перамогай новага кіраўніка сусветнага спорту павіншаваў і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. «Перакананы, што пад Вашым кіраўніцтвам міжнародны алімпійскі рух зможа ўнесці важкі ўклад ва ўмацаванне дружбы і ўзаемаразумення паміж народамі і краінамі, забеспячэнне даступнасці спорту для ўсіх», — гаворыцца ў віншаванні.

Выбары прэзідэнта Міжнароднага алімпійскага камітэта вельмі закрытыя. Але гэтым разам за імі сачылі надта ўважліва, бо менавіта ад новага кіраўніка МАК чакаюць валявога рашэння наконт поўнага вяртання беларускіх і расійскіх спартсменаў на міжнародную арэну і, адпаведна, допуску на Алімпійскія гульні без абмежаванняў. На кандыдатуру Кірсці Ковентры глядзелі з апытмізмам, маўляў, сама ў нядаўнім часе спартсменка павінна разумець, што значыць для атлета не мець магчымасці спаборнічаць. Ды і ў цэлым чалавек, у памяці якога яшчэ свежыя ўспаміны аб духу спаборніцтваў, хутчэй за ўсё будзе дзейнічаць найперш на карысць спартсменаў. На гэта ў сваім віншаванні звяртаў увагу і прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі Віктар Лукашэнка. «Ваша абранне сімвалізуе паваротны момант у гісторыі Міжнароднага алімпійскага камітэта, і, упэўнены, што Ваша бачанне і досвед прывядуць арганізацыю да новых вышыняў», — сказана ў віншаванні. Віктар Лукашэнка адзначыў, што НАК Беларусі разлічвае на пазітыўныя змяненні і ініцыятывы, якія новы кіраўнік МАК прыўнясе ў арганізацыю, умацоўваючы сувязі паміж краінамі і развіваючы роўнасць, спартыўнае майстэрства і ідэалы сумленнай гульні. «Ваша кіраўніцтва, несумненна, адыграе вырашальную ролю ў фарміраванні будучыні Алімпійскіх гульняў і забеспячэнні таго, каб яны заставаліся сімвалам адзінства і справядлівасці», — адзначыў прэзідэнт НАК Беларусі. 

Наконт вяртання беларусаў і расіян Кірскі Ковентры пакуль напрамую не выказвалася. «Думаю, што нам трэба зрабіць усё, каб абараніць і падтрымаць атлетаў з усіх зон канфліктаў, у тым ліку і з майго кантынента. Нам трэба абмеркаваць, як менавіта мы будзем гэта рабіць», — сказала Кавентры на прэс-канферэнцыі. Таксама яна казала, што спартсмены не павінны пакутваць ад дзеянняў і рашэнняў палітыкаў. Гэта, канешне, выклікае аптымізм, але насцярожаны. Усё ж такі характар заяўленняў пакуль неадназначны, а нейтральны. 

«Спорт мае непераўзыдзеную сілу для аб’яднання, натхнення і роўных магчымасцяў для іх, і я імкнуся да таго, каб мы выкарыстоўвалі гэту сілу ў поўнай меры. Разам з алімпійскай сям’ёй, якая ўключае спартсменаў, аматараў і спонсараў, мы будзем абапірацца на моцны фундамент, укаранять інавацыі і захоўваць каштоўнасці сяброўства і павагі. Будучыня алімпійскага руху вельмі светлая і мы не можам дачакацца, калі яна пачнецца», — з такім пасылам Кірсці Ковентры пачала новы этап у сваім жыцці, да і ва ўсім алімпійскім руху. Праўда, да непасрэднай працы яна зможа прыступіць толькі ў чэрвені, калі ўступіць у сілу рашэнне аб адстаўцы былога прэзідэнта МАК Томаса Баха. «Перад ёй стаіць задача ўзначаліць алімпійскі рух у эру лічбавых трансфармацый, палітычных абавязкаў і экалагічных праблем. Новая эра патрабуе новых лідараў», — адзначыў Томас Бах. 

Прэзідэнт Міжнароднага алімпійскага камітэта абіраецца тэрмінам на восем гадоў. За гэты час можна зрабіць нямала, тым больш працаваць ёсць над чым. Сучасны сусветны спорт з кожным годам сутыкаецца з разнастайнымі выклікамі: палітычныя турблентнасць, допінгавыя праблемы, спрэчкі вакол трансгендараў — гэта толькі тое, што на паверхні і ў медыйным полі. Але Цірсці Ковентры добра ведае спартыўную кухню. Яна дэбютавала на Алімпійскіх гульнях у 2000-м годзе ў 16 гадоў. А скончыла спартыўную кар’еру ў 2016 годзе, прайшоўшы пяць Алімпіяд. На момант заканчэння кар’еры Кірсці Ковентры займала першае месца па колькасці асабістых алімпійскіх медалёў сярод жанчын — у яе актыве два золата, чатыры серабра і адна бронза. Кірсці Ковентры мае і досвед спартыўнага функцыянера. У 2012 годзе яе абралі ў склад камісіі спартсменаў Міжнароднага алімпійскага камітэта, якую ў 2018 годзе яна ўзначаліла. У 2023-м годзе ўвайшла ў выканаўчы камітэт МАК. З верасня 2019 года Кірсці Ковентры займае пасаду міністра па справах моладзі, спорту, мастацтваў і адпачынку Зімбабвэ. 

А яшчэ Кірсці Ковентры ўсяго 41 год. Маладзейшым прэзідэнтам Міжнароднага алімпійскага камітэту быў толькі яго заснавальнік — П’ер дэ Кубертэн, яму на той момант было 33 гады. Сімвалізм пакуль шукаць рана. Але гэта гісторыя можа быць такой жа прыгожай і слаўнай, як у бацькі сучаснага алімпійскага руху, які зараз набыў і маці.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю