Адказ на гэтае і іншыя пытанні шукаюць падчас ХХХI Міжнародных Кірыла-Мяфодзіеўскіх чытанняў.
Адметна, што ёсць зварот да мінулага: сёлета спаўняецца 1700 гадоў з таго часу, як адбыўся Нікейскі Сабор (ці першы Усяленскі), дзе прынялі Сімвал Веры, агульны для ўсіх хрысціян, і іншыя правілы жыцця як самой царквы, так і прыхаджан — на стагоддзі, ці нават тысячагоддзі. Але немагчыма ігнараваць сучаснасць, якая «падкідвае» глебу да разваг: як захаваць чысціню веры, калі чалавецтва падышло да выкарыстання геннай інжынерыі ці тэхналогій штучнага інтэлекту?..
Насамрэч актуальных тэм вельмі шмат, нездарма сёлета ў Кірыла-Мяфодзіеўскіх чытаннях бяруць удзел каля 200 вучоных і даследчыкаў з розных краін. Але для Беларускай Праваслаўнай царквы гэты год асаблівы памятнымі датамі, за кожнай з якіх вялікая гісторыя пошуку і захавання веры, нават у складаныя часы. Але тады людзям было вельмі неабходнае святло — яго адчувалі праз Слова Божае. І як вынік: 1020 гадоў таму заснавана Тураўская епархія, 900 гадоў як узнік Полацкі жаночы манастыр, 800 як існуе Лаўрышаўскі мужчынскі манастыр, а 500 гадоў таму доктар Францыск Скарына выдаў «Апостал» на старабеларускай мове — гэта была першая такая кніга ў хрысціянстве. Тут сапраўды варта казаць пра ролю асобы ў гісторыі: шэраг даследчыкаў аналізуе дзейнасць Скарыны па распаўсюджванню біблейскіх ідэй, а ў Інстытуце тэалогіі БДУ 14 мая адбудзецца круглы стол «Дыялог праз стагоддзі» з удзелам прафесара, члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Ігара Марзалюка, дэкана філалагічнага факультэта БДУ, прафесара Сяргея Важніка, прафесара Івана Саверчанкі.
Яшчэ адна значная асоба для нашай краіны — Мітрапаліт Філарэт, першы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, якому сёлета споўнілася б 90 гадоў. Але памяць пра яго жывая не толькі сярод служыцеляў царквы, але і сярод простых прыхаджан. Насамрэч дзеля іх збіраюцца мысляры, каб асэнсаваць найноўшы этап гісторыі і яго выклікі. Напрыклад, у чым місія Царквы ў пераломныя моманты гісторыі? А даследчыкі, між іншым, звяртаюцца да падзей мінулай вайны і служэння святароў падчас яе: у кантэксце 80-годдзя Перамогі шмат якія складанасці цяперашняга жыцця падаюцца штучнымі.
Праўда, ёсць такія змены ў нашай рэчаіснасці, што ўжо на парозе і нават «грукаюць» у дзверы: гаворка найперш пра найноўшыя сучасныя тэхнічныя распрацоўкі, якія ўплываюць на развіццё людзей, асабліва маладых. Пра юныя душы шмат клопату і ў асобных выступоўцаў (як прадстаўнікоў рэлігійных, так і свецкіх адукацыйных структур). А 15 мая ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі пройдзе фестываль мастацтваў «Я. Мы. Роднае», арганізаваны сталічнымі рэсурснымі цэнтрамі па маральным і эстэтычным выхаванні.
У працяг тэмы 16 мая ў канферэнц-зале Хрысціянскага адукацыйнага цэнтра імя святых Кірыла і Мяфодзія збяруцца ўдзельнікі Свята-Мікалаеўскіх духоўна-асветніцкіх чытанняў, якія ладзяцца паводле пагаднення паміж Міністэрствам адукацыі нашай краіны і Беларускай Праваслаўнай Царквой дзеля клопату пра выхаванне маладога пакалення. Пра духоўнае адраджэнне грамадства і ролю ў ёй праваслаўнай кнігі пойдзе размова падчас канферэнцыі ў Прыходзе храма ў гонар Божай Маці «Усіх тужлівых радасць», якая запланавана на 22 мая — тады можна будзе канчаткова падвесці вынікі сёлетніх Кірыла-Мяфодзіеўскіх чытанняў.
Кірыла-Мяфодзьеўскія чытанні, Беларуская Праваслаўная Царква, Нацыянальная бібліятэка Беларусі, БДУ, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Нікейскі Сабор, Лаўрышаўскі мужчынскі манастыр
Ларыса ЦІМОШЫК.