Ці можна пазбавіць супрацоўніка прэміі праз бальнічны? На гэтае пытанне адказала Галіна Камароўская, адвакат Мінскай гарадской калегіі адвакатаў.
«Пазбавіць прэміі праз бальнічны нельга. Аднак можа не быць падстаў для яе выплаты, бо прэмія — гэта вынік фактычнай працы», — пракаменціравала Галіна.
Парадак выплаты прэмій павінен быць дакладна вызначаны ў лакальных актах прадпрыемства: за які вынік, за які перыяд і пры якіх умовах яна налічваецца.
Калі бальнічны доўжыўся 2–3 дні, то прэмія павінна быць выплачаная прапарцыйна фактычна адпрацаванаму часу.
Сам па сабе факт хваробы не з’яўляецца падставай для поўнага пазбаўлення прэміі, але яе памер можа быць паменшаны, калі яна залежыць ад канкрэтных паказчыкаў працы і часу, адпрацаванага ў разліковым перыядзе.