Top.Mail.Ru

Ці могуць пацыенты з раёнаў прыехаць лячыцца ў мінскія паліклінікі і бальніцы? Адказалі ў Міністэрстве аховы здароўя

Ці можа чалавек, які пражывае ў раённым цэнтры ці іншым населеным пункце, атрымаць медыцынскую дапамогу ў мінскіх паліклініках і бальніцах? На гэта пытанне адказала першы намеснік міністра аховы здароўя Беларусі Алена Богдан, паведамляе SB.by.


Алена Богдан адзначыла, што ў Беларусі ёсць рэспубліканскія цэнтры — іх 42. 

— Яны размешчаны ў арганізацыях аховы здароўя Мінска, у Мінскай абласной бальніцы, ёсць у Віцебску. Туды пацыенты з пэўнымі захворваннямі не толькі могуць прыехаць, але і павінны быць накіраваны. Усе гэтыя захворванні дакладна прапісаныя, — дадала яна. — Пры адкрыцці 42-й паліклінікі кіраўніком дзяржавы было дакладна дадзена даручэнне. У Гродне гэта таксама прагучала. Усё роўна, мясцовы гэта бюджэт або рэспубліканскі, гэта ўсё роўна нашы дзяржаўныя грошы.

Першы намеснік кіраўніка Міністэрства аховы здароўя падкрэсліла, што грамадзянін, які не пражывае ў Мінску, можа атрымаць там меддапамогу, але ёсць пэўны парадак:

— Ён павінен прыйсці замацавацца ў паліклініцы. Мы зараз з горадам Мінскам скончылі рэалізацыю гэтага даручэння. У Мінску таксама ёсць свае пацыенты. І каб не атрымалася такога, што людзі прыедуць і сядуць у чаргу... Зараз даручэнне, якое прагучала ў пятніцу ў Гродне, таксама будзе адпрацоўвацца. Усе гэтыя даручэнні мы атрымалі.

Пры гэтым важна, з якой праблемай звяртаецца пацыент.

— З чым прыедзе пацыент? З планавай дапамогай або з нейкай экстраннай? На сённяшні момант 2,5 мільёна выклікаў хуткай медыцынскай дапамогі (у год па ўсёй краіне. — Заўв. рэд.) у нас ёсць. У Мінску і любым іншым цэнтры хуткая дапамога не спытае, дзе вы прапісаны, яна прыедзе. У любым выпадку адвязе пацыента ў бліжэйшую бальніцу або па профілі ў патрэбную ўстанову. Тут пытанняў таксама няма, — патлумачыла Алена Богдан.

Ехаць у Мінск не заўсёды мэтазгодна. Дзяржава ўклала досыць вялікія грошы ў развіццё міжраённых цэнтраў, звярнула ўвагу першы намеснік кіраўніка Міністэрства аховы здароўя:

— Іх сёння 16. Калі ў нас ёсць правіла «залатога часу», а гэта 70 хвілін, не больш за 80 хвілін пры вострых парушэннях мазгавога кровазвароту, то пры паездцы ў Мінск мы проста страцім час. Для гэтага мы закупілі абсталяванне, перанавучылі нашых медыцынскіх спецыялістаў для таго, каб такая дапамога была аказана.

Алена Богдан таксама згадала абласныя бальніцы:

— Сёння ўзровень нашых абласных бальніц ніколькі не горшы, чым узровень устаноў горада Мінска. За выключэннем, вядома, высокіх тэхналогій.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю