Top.Mail.Ru

Ці дастаткова аднаго верша, каб сцвярджаць аб адметнасці аўтара?

Часам, каб упэўніцца, чым адметны паэт, дастаткова аднаго яго верша. Неабавязкова, каб ён быў найлепшы ці, ва ўсякім разе, адным з найлепшых. Дастаткова, каб гучала тое, што дазваляе сцвярджаць аб адметнасці аўтара, яго яркай мастакоўскай індывідуальнасці, а значыць, і вылучэнні сярод іншых творцаў. Ёсць падобны твор і ў Таісы Бондар. З’явіўся ён у 1980 годзе, калі толькі ўваходзіла ў літаратуру. Ды пра яго крыху пазней.


Хоць першая публікацыя адбылася дзесяццю гадамі раней і ўжо выйшлі кнігі «Захапленне» (1974), «Акно ў восень» (1977) і «І голас набыла душа» (1980), яе паэтычная душа толькі набывала свой голас. Выхад першага зборніка затрымаўся, што было звязана з жыццёвымі абставінамі. Пасля заканчэння сярэдняй школы ў родным ёй гарадскім пасёлку Рудзенску, а ў 1967 годзе — факультэта англійскай мовы Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута замежных моў настаўнічала ў малдаўскім горадзе Фалешты, выкладала гісторыю мастацтва ў школе, працавала мастаком. Пазней напісала шэраг даследчыцкіх работ пра беларускіх мастакоў, што публікаваліся ў часопісе «Беларусь», а таксама ва ўсесаюзным «Дружба народов».

Для напісання вершаў на роднай мове спрыяльныя часы насталі пасля вяртання ў 1977 годзе ў Беларусь. Аднак не ўсё адбывалася проста. Без прапіскі ў Мінску цяжка было знайсці работу. Праз год насустрач ёй пайшоў галоўны рэдактар «ЛіМа» Алесь Асіпенка. Якраз звольніўся загадчык аддзела выяўленчага мастацтва, архітэктуры і вытворчай эстэтыкі. Быў на той час у газеце і такі Узначаліць яго знайшлося нямала ахвотных. Алесь Харытонавіч нарэшце выбраў дзве кандыдатуры.

Без пахвальбы скажу: ставіўся да мяне добра. Зайшоў у кабінет, называе іх. Кажу, што, калі быў на практыцы ў «Чырвонай змене», загадчык аддзела літаратуры і мастацтва Валянцін Лукша пра адну з іх выказваўся не надта станоўча.

— Мала што скажа гэты твой Лукша, — прамовіў ён. — Але як наконт Таісы Бондар? 

— Бярыце, — кажу.

Не памятаю ўжо, калі з ёю пазнаёміўся. Гадзіны праз дзве заходзіць ужо яна, усміхаючыся, гаворыць:

— Дзякуй табе, Алесь.

— За што? — машынальна запытаўся.

— Яшчэ і пытаешся, — працягвае ўсміхацца. — Алесь Харытонавіч сказаў, што гэта ты параіў узяць мяне. 

У «ЛіМе» яна працавала тры гады, а ў 1981-м перайшла ў часопіс «Беларусь»: загадчык аддзела культуры, адказны сакратар, намеснік галоўнага рэдактара. У 1996 годзе ўзначаліла часопіс «Всемирная литература», а з 2002 да 2005-га была дырэктарам Рэдакцыйна-выдавецкай установы «Літаратура і Мастацтва». Асабліва ў час працы ў «Всемирной литературе» праявілася яе апантанасць у добрых пачынаннях. Пачалася ж яна, бадай, з уласнай паэтычнай дзейнасці. 

З захопленасці паэзіяй і з самаахвярнага служэння ёй. Верш, пра які я напомніў у пачатку, акурат пра гэта:

Я не пішу... Я гавару,
Каб словамі не захлынуцца,
Каб хоць адным з іх дакрануцца
Да песенных балючых струн, 
якія ладзіў дзень
Для смутку і для весялосці, —
Яны маўчаць. Бы песня помсціць
Тым, што не можа памагчы
Падняцца над сабой, 
шчаслівай,
Наб бегам думкі нецярплівай,
Трывогу — не перамагчы.
Я не пішу! Я гавару,
Я пець хачу, як маці пела,
Рыфмуючы з жыццём няўмела
Рук спрацаваных кожны рух.

«Я пець хачу...» — прагавітае жаданне не проста нешта сказаць, а абавязкова як мага паўней выказацца. Каб тое, што ў цябе на душы, на сэрцы, стала б і іншым гэтакім жа блізкім і зразумелым. Пісаць жа ёй было пра што, пачынаючы з уласнага маленства. Памёр бацька, якога звялі ў магілу раны. Маці адна мусіла ставіць дзяцей на ногі. Мела права сцвярджаць: «Год нараджэння. Год перамогі...», а гэта адзін з яе вершаў, у якім ёсць і такія радкі: «На прыску, ў дзежках, падыходзіць цеста // Галодных сноў, пасляваенных сноў».

Яшчэ раз прыгадайма: «Я не пішу. Я гавару...» Гаварыць жа яна хацела так, каб па-сапраўднаму зразумелі. Дасягнуць гэтага, вядома, можна пры той умове, калі ўдасца закрануць чуйныя струны чытацкай душы. Найперш, канешне, жаночай. Аднак і мужчынскай. Таццяна Шамякіна дакладна прыкмеціла, што Таіса Бондар — «пісьменніца з рэзка выяўленым мужчынскім інтэлектам, але са здзіўляючай жаночай інтуіцыяй». Праўда, гэта было сказана ў дачыненні да яе прозы, а калі канкрэтна — рамана «Ахвяры», ды сутнасць, калі мець на ўвазе і паэзію, не мяняецца. 

Лірычная гераіня яе — наша сучасніца, часта непрыкаяная ў сучасным жорсткім і непрадсказальным свеце. Не ў апошнюю чаргу і ад таго, што ёй цяжка напаткаць сапраўднае каханне. Назва адной з кніг Таісы Бондар — не проста невыпадковая, а шмат у чым і сімптаматычная — «Адна» (1989). Па свойму характэрны і назвы іншых паэтычных зборнікаў: «Спадчыны боль» (1987), «Хачу назваць цябе каханым» (1991), «Час душы, мой час вячэрні...» (1995). 

Калі асабліва не ўдавацца ў змест твораў, пункцірна яго можна пазначыць так: жанчына і грамадства, жанчына і час, жанчына і... А вось сваю палавіну — надзейную, вартую ўвагі, захаплення, усёпаглынальнай любові — яна якраз і не знаходзіць, хоць і настойліва шукае, не баючыся шчыра прызнацца: «Я слабая! Я жанчына і хачу любіць! Хачу, каб мяне любілі!». Падобнае прызнанне, праўда, прагучала ў празаічным «Дзённіку жанчыны». Ды не будзем забываць, што проза Таісы Бондар, па сутнасці, — працяг яе паэзіі, адзін з атожылкаў таго ж інтэлектуальнага дрэва, што настойліва, безупынку ўзрошчвалася ёю, жывілася сокамі яе таленту.

Вабіла Таісу Бондар і гістарычная праблематыка, як у кнізе «Рагнеда» — своеасаблівым суаўтарстве з мастаком Уладзімірам Тоўсцікам. У кнігу ўвайшла аднайменная паэма і некалькі, паводле аўтарскага вызначэння, гістарычных песень. Аб даўніх падзеях распавядае наша сучасніца, беларуская жанчына з актыўнай, дзейснай жыццёвай пазіцыяй, улюбёная ў сваю зямлю, у сваю Бацькаўшчыну. У паэме «Рагнеда» паэтэса заяўляе тое галоўнае, пра што гаворка пойдзе і далей, калі набліжэнне да Беларусі пачне адчувацца ўсё выразней і выразней, а праз сістэму вобразна-выяўленчых сродкаў ва ўсёй велічнасці і складанасці, а часам і супярэчнасці паўстане тое, што ні ў якім разе нельга забываць, таму што яно з’яўляецца часткай гісторыі. Нашай беларускай гісторыі. 

Былое турбавала Таісу Бондар і ў іншых творах, утвараючы той ланцуг, звенні якога ўбіраюць і сённяшняе, і заўтрашняе. Тым самым, кажучы словамі самой паэтэсы, «знікае рыса між былым і новым». Не толькі ў паэме «Няміга», на пачатку якой хораша пераасэнсоўваецца тое, што добра вядома яшчэ са славутага «Слова пра паход Ігаравы»: «І снапы, снапы, снапы! — // берагі абодва ўсланы, // хоць мячы, а не сярпы // у руках жняцоў старанных», а і ў іншых. Але і ў паэме «Свіцязь-возера». Да ўсяго ў гэтым творы, як і ў «Рагнедзе», ёсць нямала эпізодаў, што сведчаць на карысць таго, наколькі Таіса Бондар умее ствараць належны паэтычны малюнак, які здатны не проста ўсхваляваць, застацца ў памяці, але і здзівіць сваёй жывапіснай напоўненасцю. 

У свайго роду ўступе да паэмы «Менеск», што расказвае пра асілка, чарадзея, які, паводле падання, заснаваў Мінск, голас паэтэсы найбольш адчувальна зліваецца з голасам лірычнай гераіні, якую неадольная сіла кліча ў даўнія часы:

Менеск... Асілак? Чарадзей? Млынары?
Кім ён даводзіўся зямлі вялікай?
Кім мне даводзіцца? Навошта клікаў,
Падаўшы кліч, як падаюць ліхтар?

У гістарычнай праблематыцы не замыкалася толькі на канкрэтных лёсах, а і давала глыбокае асэнсаванне даўніх падзей у іх трыадзінстве: мінулае — сучаснае — будучыня. Нярэдка ў гэтай повязі на першы план зноў жа выступала жанчына, як, прынамсі, у паэме «Гон», у якой даўняе — своеасаблівы экран памяці, які высвечвае тое, што незалежна ад часу не губляе актуальнасці, а ў дадзеным выпадку — гэта безабароннасць жанчыны:

Ловы ўдачы... Яна не міне
Тых, хто гоніць — загоніць аленя!
Я ўжо чую яго набліжэнне
Праз гады — праз вякі — да мяне...
Ад пагоні ўцякаю
Я, жанчына, — праз пушчу, вякамі.
Гон не скончаны. Доўжыцца гон.

Праблема гэтай жаночай непрыкаянасці вырашаецца ў тых творах, у якіх лірычная гераіня шукае шлях да Бога. Аднак для Таісы Бондар, у адрозненне ад тых, для каго падобная тэматыка толькі даніна модзе, гэтыя памкненні былі душэўнай патрэбай і духоўнай неабходнасцю самавыявіцца. Не толькі ў часе, але і ў Сусвеце не баючыся прызнаць уласную слабасць, будучы ўпэўненай, што там будзе іншае існаванне, пазначанае Богам і самім Бязмежжам.

Нялюба з рамана «Мечаная» ўвогуле адначасова існуе як бы ў двух часавых вымярэннях. Іншы раз нават няпроста высветліць, дзе яна сама, а дзе яе маці, якая ўжо ў іншым свеце, што па-за нашай свядомасцю. І ў гэтым нічога дзіўнага, бо Нялюба з тых людзей, якія носяць на сабе асабліва вызначальныя радзімыя знакі. Пра такіх жа ў народзе кажуць, што яны — мечаныя. Пэўнае як бы раздвойванне асобы жанчыны бачыцца і ў аповесці «Паветраны замак». Таленавітая мастачка Міхаліна таксама прысутнічае быццам у дзвюх іпастасях, прытым гэтыя «дзве» Міхаліны далёка не заўсёды прыходзяць між сабой да згоды, а прычына, правільней нават вытокі — тая ж адчужанасць жанчыны ў сучасным грамадстве. Уяўленне аб Бондар-празаіку не будзе поўным, калі не згадаць яе раман «Спакуса», аповесць «Імем Айца і Сына».

...Зімовай парой з’явілася Таіса Бондар на свет. Магчыма, таму так і любіла зіму. Ва ўсякім разе ў гэтым пераконваюць тыя яе вершы, у якіх ажываюць блізкія сэрцу вобразы. малюнкі, паўстае такая настраёвасць, што чытаеш напісанае, а адчуванне, быццам гэта нарадзілася і ў тваёй свядомасці, хоць і не валодаеш паэтычным талентам. Неяк спакваля, непрыкметна пабачанае вылілася ў надзіва пранікнёныя, шчырыя і такія цудоўныя радкі, што іх хочацца паўтараць і паўтараць, здзяйсняючы сваю мару аб па-сапраўднаму прыгожым і зямным, на што з-за імклівай хуткасці будняў часта не стае часу:

Зіма. Ну, вось яна й прыйшла!
Мільгаюць белыя афішы —
Усюды, дзе ёсць сколак шкла,
Усюды, дзе намерзла ціша.

Усё пазначана раней:
І гэта ноч, і гэта снежнасць.
Зіма. Вызвоньвае ўва мне
Падораная ёй бязмежнасць.

І, зразумела, любіла паэзію, але не толькі ў яе традыцыйным выяўленні, пішучы вершы, паэмы. Любіла і паэзію як жыццёвую сутнасць. Тую паўсядзённую рэальнасць, якую, калі ў цябе вока пільнае, а душа чуйная, талент вялікі, абавязкова заўважыш. Нават тады, калі скрушна і балюча сэрцу, а розум напаўняе смутак расчараванасці і часовай няпэўнасці. І зразумееш: ніколі бяда, гора, зло, людская няўдзячнасць не перамогуць радасць, шчасце, дабро, людскую шчырасць, калі цябе не пакіне вера ў лепшае. 

З такой верай і ўпэўненасцю і жыла, працавала паэтэса, празаік, крытык, публіцыст, мастацтвазнаўца, а да ўсяго і перакладчыца. У вечнасць яна таксама пайшла зімой. Можна сказаць, што ў самым росквіце жыццёвых і творчых сіл, бо хіба гэта шмат пражытых гадоў, якія абмяжоўваюцца прамежкам: 20 лютага 1945 года — 19 снежня 2005-га. Адно суцяшэнне, што зроблена шмат.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю