Кампанія па выбарах прэзідэнта Польшчы набліжаецца да свайго завяршэння і праходзіць ва ўмовах напалу інфармацыйнай барацьбы паміж 13 прэтэндэнтамі на вышэйшую дзяржаўную пасаду. У медыяпрасторы ў прамым сэнсе слова іскрыць ад іх публічных заяў і вострых выказванняў па пытаннях унутранай і знешняй палітыкі, а таксама прапанаваных траекторый развіцця польскай дзяржавы ў поствыбарны перыяд.
На думку намесніка старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Алега Дзячэнкі, жорсткая палеміка паміж саіскальнікамі прэзідэнцкага партфеля, безумоўна, адбіваецца на ваганнях грамадскай думкі:
— Рэйтынгі галоўных фаварытаў прэзідэнцкай гонкі то падымаюцца, то зніжаюцца, уводзячы ў стан шоку экспертаў і знаўцаў выбарчага працэсу, што яшчэ раз пацвярджае зменлівасць палітычных настрояў выбаршчыкаў, — акцэнтуе парламентарый. — Таму сёння цяжка адназначна спрагназаваць, хто з гэтых 13 удзельнікаў выбарчай кампаніі стане пераможцам, адбудзецца адзін тур галасавання ці ж выбаршчыкам прыйдзецца яшчэ раз у чэрвені з’явіцца на ўчасткі для паўторнага галасавання.
Суразмоўца канстатуе, што на бягучы момант па выніках апытанняў грамадскай думкі вызначылася трое палітыкаў, якія карыстаюцца найбольшымі сімпатыямі польскіх грамадзян: мэр Варшавы Рафал Тшаскоўскі, які прадстаўляе інтарэсы «Грамадзянскай платформы», далей — вылучэнец кансерватараў з «Права і справядлівасці» Караль Наўроцкі і, нарэшце, кандыдат ад вельмі правай партыі «Канфедэрацыя свабоды і незалежнасці» Славамір Ментцэн.
— У фокусе разгорнутай імі палемікі — узаемаадносіны Польшчы з Еўрасаюзам, знешняя палітыка ў дачыненні да Расіі, Беларусі і Саюзнай дзяржавы ў цэлым, эскалацыя баявых дзеянняў у паўднёва-ўсходняй Украіне і праблемы з украінскімі імігрантамі, паглыбленне эканамічнага крызісу і рост беднасці насельніцтва на фоне павелічэння выдаткаў на ваенныя патрэбы, спусташэнне з прычыны санкцыйнай палітыкі дробнага і сярэдняга бізнесу, у тым ліку ў польска-беларускім памежжы, узмацненне эканамічнай і палітычнай залежнасці Варшавы ад Страсбурга і Вашынгтона, ператварэнне краіны і шэраг іншых надзённых для звычайных абывацеляў тэм, — тлумачыць эксперт.
Ён звяртае ўвагу на тое, што перадвыбарная рыторыка, а таксама «чортаў тузін» удзельнікаў выбарчай кампаніі стварае як унутры краіны, так і за мяжой ілюзію дэмакратычнасці выбараў, іх празрыстасці і справядлівасці.
— Аднак разумныя палякі ўсё часцей задаюць пытанне: ці могуць быць свабоднымі і дэмакратычнымі выбары ва ўмовах усё большай мілітарызацыі дзяржавы, агрэсіўных паводзін ваенна-палітычнага блока НАТА, размяшчэння ў краіне 10-тысячнага амерыанскага вайсковага кантынгенту і дакучлівай прысутнасці ў грамадска-палітычным жыцці прадстаўнікоў амерыканскіх разведвальных органаў? — падкрэслівае парламентарый.
Алег Дзячэнка перакананы: простыя людзі добра памятаюць пра сакрэтныя турмы для ўтрымання асоб, якія падазраюцца ў тэрарызме, створаныя ў ліхія двухтысячныя гады ў Польшчы супрацоўнікамі з Цэнтральнага разведупраўлення:
— Тады справа аб парушэнні правоў чалавека нават дайшла да Еўрапейскага суда ў Страсбургу, — нагадвае ён. — Практыка паказвае, што і сёння амерыканскія спецслужбы працягваюць зладжана ўзаемадзейнічаць з польскімі ўладамі, прычым адчуваюць сябе ў краіне ўпэўнена і вельмі прывольна.
На думку суразмоўцы, мінулыя дзесяцігоддзі наглядна пацвердзілі, што амерыканцы і заходнееўрапейцы не шкадуюць намаганняў для ўмацавання свайго становішча ў краінах былога сацыялістычнага блока і ўсё робяць для ўтрымання кантролю над імі.
— Адзін з апрабаваных інструментаў — правядзенне нібыта свабодных выбараў, — адзначае эксперт. — Аднак за іх кулісамі, як правіла, стаяць вопытныя рэжысёры з заакіянскай метраполіі, якія назапасілі велізарны досвед умяшання ва ўнутраныя справы іншых краін з дапамогай інфармацыйна-ідэалагічнага ўздзеяння на выбаршчыкаў, маніпулявання грамадскай свядомасцю, а дзе сітуацыя становіцца некіравальнай — то і праз «каляровыя рэвалюцыі» і «гібрыдныя войны», якія ажыццяўляюцца пад сцягам прымусу да «дэмакратыі».
Ён звяртае ўвагу на той факт, што імкненне амерыканцаў (якое не ўяўляе сакрэту ні для каго) захаваць сваё дамінаванне ў гэтым рэгіёне планеты і рэальны лёс краіны на найбліжэйшую пяцігодку будзе вызначацца не на Вісле, а на берагах Патамака.
— Таму не будзем мець ілюзій — знешняя палітыка нашага заходняга суседа, што кіруецца заакіянскімі палітыкамі, у найбліжэйшы час наўрад ці зменіцца ў лепшы бок, — канстатуе намеснік старшыні профільнай камісіі Палаты прадстаўнікоў.
У завяршэнне ён акцэнтуе ўвагу на тым, што, нягледзячы на гэта, наша краіна па-ранейшаму адкрыта для народа Польшчы і гатовая ўзаемадзейнічаць з дружалюбнымі нам палітычнымі сіламі, з той часткай грамадскасці, для якой важны не шлях да далейшай бессэнсоўнай канфрантацыі, а характэрна імкненне да аднаўлення ўзаемавыгаднага гандлёва-эканамічнага і грамадска-палітычнага супрацоўніцтва, да стабільнасці ў міждзяржаўных адносінах на аснове прынцыпаў мірнага суіснавання.