Зыходзячы з аналізу гідраметэаралагічнай абстаноўкі, можна меркаваць, што разводдзе на рэках краіны сёлета будзе невысокім. Значэнне максімальных узроўняў чакаецца блізкім да сярэдніх шматгадовых і ніжэйшым за іх, заявіла начальнік аддзела гідралагічных прагнозаў службы гідралогіі і аграметэаралогіі Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды Алена Зубчонак.
Яна адзначыла, што асноўнымі фактарамі, якія ўплываюць на фарміраванне вясновай паводкі, з’яўляюцца воднасць рэк, колькасць ападкаў, глыбіня прамярзання глебы і наяўнасць снежнага покрыва. А ў нашай краіне ў гэтым сезоне на працягу першых двух месяцаў зімы адзначаўся недабор ападкаў, а таксама павышаны тэмпературны рэжым.
Потым прыйшло марознае надвор’е ў лютым. Гэта спрыяла з’яўленню на рэках ледзяных утварэнняў. На асобных вадаёмах краіны ўсталявалася тонкае лядовае покрыва. Нягледзячы на ўстанаўленне ледаставу, выходзіць на лёд яшчэ вельмі небяспечна. Глеба прамерзла на глыбіню ад 4 да 20 сантыметраў, што значна менш за норму. Снежнае покрыва на палявых участках адзначаецца на большай частцы краіны, аднак вышыня яго нязначная — ад 1 да 5 сантыметраў.
У сувязі з гэтым цяпер цяжка разлічваць на сапраўды масіўную паводку, але... Для гідралагічнага маніторынгу штодня апрацоўваецца і аналізуецца ў рэжыме рэальнага часу інфармацыя, якая паступае з пунктаў дзяржаўнай сеткі гідраметэаралагічных назіранняў Мінпрыроды.
Быць гатовым да горшага
Нягледзячы на тое, што зіма сёлета не цешыла багатымі снегападамі, спецыялісты падкрэсліваюць важнасць гатоўнасці да магчымых паводак. Як адзначыў галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый і грамадзянскай абароны МНС Максім Бута, нават невялікія ападкі могуць справакаваць затапленні, таму неабходна ўважліва сачыць за сітуацыяй. Для своечасовага інфармавання насельніцтва аб абстаноўцы з падтапленнямі ажыццяўляецца фарміраванне інтэрактыўных карт, якія размешчаны на сайтах МНС Беларусі, БелТА і Чырвонага Крыжа. Таксама магчыма апавяшчэнне ў выпадку неабходнасці насельніцтва з дапамогай СМС. Штогадовы ўздым узроўню вады ў рэках, на жаль, нярэдка прыводзіць да трагічных сітуацый. Гэты час становіцца асабліва небяспечным для школьнікаў.
Спецыялісты адзначаюць, што паводкавыя з’явы асабліва часта адзначаюцца ў Гомельскай, Брэсцкай і Магілёўскай абласцях. Летась заліў ракі Сож затапіў велізарную колькасць дарог. І на ратавальных катарах перавозілі людзей з берага на бераг. У канцы студзеня ўжо гэтага года па ініцыятыве таварыства ратавання на водах сумесна з МНС было закуплена 11 адзінак тэхнікі, якія накіравалі ў Брэсцкую і Гомельскую вобласці, у тым ліку і на ратавальную станцыю Мазыра, для забеспячэння бяспекі.