Top.Mail.Ru

Ці будзе веснавая паводка на Палессі? Мясцовыя жыхары робяць прагнозы

Ратавальнікі ў Брэсцкай вобласці рыхтуюцца да веснавой паводкі, асаблівая ўвага пінскаму Палессю, дзе мясцовасць гістарычна схільная падтапленням. Старажылы-палешукі зрабілі свае прагнозы аб вясновай паводцы, паведаміла БелТА.


Вялікая вада на Піншчыне была каля 15 гадоў таму, а ў канцы 1990-х некаторыя жыхары вясной нават маглі перасоўвацца па сваіх агародах на лодках. Паводле ацэнак МНС, на тэрыторыі Пінска магчымыя падтапленні шасці домаўладанняў у пойме ракі Піна. «Сёлета паводкі не будзе на 100%, — перакананы пінчук Віктар Кірылюк. — Я ўпэўнены: балота сухое, усё сухое. У мяне ў сажалцы рыбкі гінуць, вады не хапае. Раней вада была страшная, не дай Бог. Але яна хутка сыходзіла. Апошнім часам з кожным годам яе ўсё менш і менш».


Паводле слоў пенсіянера, паводкі ён не баіцца. Усё жыццё жыве ў гэтай мясцовасці і не адчувае нязручнасцяў ад капрызаў прыроды. «Нічога страшнага: вада прыходзіць і сыходзіць. Гэта прырода», — разважае мужчына.

Недалёка ад яго жыве Святлана Хілюціч. Яна ўспомніла, як у яе дзяцінстве вада вясной падымалася да вокнаў дома. «У 2013 ці 2015 годзе (дакладна не памятаю) вада даходзіла да парога, а вакол усё плавала. У асноўным кожны год падтоплівае адрыны, агароды. Але, можа, сёлета нас абміне і не будзе паводкі. Мы спадзяемся на лепшае», — сказала пенсіянерка. Разводдзе дадае клопатаў. «Затапляе тое, што мы садзім на зіму, у адрынах вада. Не ведаеш, куды брыкет і дровы падзець. У гэтым — нязручнасці. У доме трэба падымаць мэблю, рабіць рамонт. Працы хапала, калі ў хаце вада была. Але ў апошнія гады такіх паводак не было, — заўважыла жанчына. — Я думаю, што сёлета не павінна быць вады, але — як Бог дасць».

Рыгор Туровіч жыве ў вёсцы Кнубава Пінскага раёна, недалёка ад яго двара працякае рака Прыпяць. «Я тут жыву з 1989 года. Раней пастаянна здараліся падтапленні. Апошнія пару гадоў не было такога. Як толькі ўзровень у рацэ падымаецца — і ў мяне вада. Пакуль усё спакойна, але хто ведае, як далей будзе», — сказаў вясковец.


Паводле яго слоў, калодзеж у двары цяпер пусты, але жыццёвы вопыт падказвае, што надвор’е можа кардынальна змяніць сітуацыю. «Чым больш снегу, тым больш будзе вады. У нас яшчэ тыдзень таму процьма снегу ляжала, цяпер яго ўжо амаль няма», — звярнуў увагу пенсіянер. У блізкасці да ракі ёсць шмат пераваг, але ёсць і нюансы. «У мяне рыба плавае, лічы, за адрынай. Але ў красавіку нічога не магу пасадзіць. У канцы траўня саджаю, калі ўсё высахне. Вось так жывем», — дадаў мужчына.

Міністр па надзвычайных сітуацыях Вадзім Сіняўскі ацаніў сёння гатоўнасць органаў па надзвычайных сітуацыях Брэсцкай вобласці да бяспечнага пропуску веснавой паводкі. «У адпаведнасці з прагнозам Белгідрамета чакаецца, што максімальныя ўзроўні вады падчас паводкі будуць блізкія да сярэдніх шматгадовых значэнняў або вышэйшыя за іх. Гэта абумоўлена значным запасам вады ў снежным покрыве. Дадатковую пагрозу могуць стварыць заторы лёду падчас крыгаходу, асабліва на вузкіх участках. Ключавую ролю ў развіцці падзей згуляе надвор’е ў бліжэйшыя тыдні», — акцэнтаваў увагу начальнік Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС Валерый Рудольф.


На думку спецыялістаў, сцэнар можа развівацца двума шляхамі. Умовы надвор’я ў далейшым могуць ускладніць паводкавую сітуацыю, калі выпадзе вялікая колькасць ападкаў. Могуць, наадварот, змякчыць яе пры дэфіцыце ападкаў, станоўчых тэмпературах днём і адмоўных ноччу.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю