Top.Mail.Ru

Цэнтрвыбаркам зацвердзіў вынікі прэзідэнцкіх выбараў

Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь выбраны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, за кандыдатуру якога прагаласавала 5 136 293 выбаршчыкі, што склала 86,82% — гэта значыць больш за палову грамадзян Беларусі, якія прынялі ўдзел у галасаванні.


Вынікі выбараў устаноўлены на падставе пратаколаў абласных і Мінскай гарадской камісій па выбарах Прэзідэнта аб выніках галасавання па абласцях і Мінску, якія былі прадстаўлены ў Цэнтральную выбарчую камісію. 

Агульная колькасць выбаршчыкаў па краіне склала 6 903 994 чалавекі. Бюлетэні атрымалі 5 916 834 выбаршчыкі. У галасаванні прынялі ўдзел 5 916 195 выбаршчыкаў. Як удакладніла сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Алена Балдоўская, датэрмінова прагаласавалі 2 887 052 выбаршчыкі. «Па месцы знаходжання прагаласавалі 278 850 выбаршчыкаў, — дадала яна. — У дзень выбараў у памяшканні ўчастка для галасавання прынялі ўдзел у галасаванні 2 750 293 выбаршчыкі».

За Алега Гайдукевіча прагаласавалі 119 272 выбаршчыкі, за Ганну Канапацкую — 109 760, за Сяргей Сыранкова — 189 740, за Аляксандра Хіжняка — 102 789. Супраць усіх кандыдатаў прагаласавалі 213 277 выбаршчыкаў.

Выбары асвятлялі 812 прадстаўнікоў СМІ 

Як падкрэсліў на пасяджэнні ЦВК старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Ігар Карпенка, кампанія па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь праведзена ў тэрміны, устаноўленыя нацыянальным заканадаўствам, на падставе патрабаванняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Выбарчага кодэкса, у поўнай адпаведнасці з прынцыпамі адкрытасці і галоснасці, з удзелам шырокага кола назіральнікаў — як нацыянальных, так і замежных. 

«Выбары шырока асвятляліся ў інфармацыйнай прасторы, у тым ліку на афіцыйным сайце, у сацыяльных сетках і месенджарах Цэнтральнай выбарчай камісіі, — удакладніў ён. — Так, толькі ў афіцыйным тэлеграм-канале Цэнтральнай камісіі колькасць праглядаў нашай інфармацыі ў асноўны дзень галасавання перавысіла 1,8 млн., было зафіксавана амаль 9 тысяч рэпостаў».

Ігар Карпенка адзначыў якасную работу Інфармацыйнага цэнтра. «У Інфармацыйным цэнтры было акрэдытавана 812 прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі, у тым ліку 331 з замежных медыя, якія прадстаўляюць краіны Еўропы, Азіі, Лацінскай і Паўночнай Амерыкі, Блізкага Усходу, — удакладніў ён. — Сярод акрэдытаваных — журналісты 70 вядучых сусветных медыя».

У інфармацыйна-даведачны цэнтр ЦВК паступіла больш за 2200 званкоў

Старшыня Цэнтрвыбаркама звярнуў увагу на высокую актыўнасць маладзёжных арганізацый, якімі праведзена вялікая і якасная асветніцкая работа ў маладзёжным асяроддзі па падрыхтоўцы да прэзідэнцкай выбарчай кампаніі. Да гэтых выбараў пашырыўся валанцёрскі рух, праінфармаваў Ігар Карпенка. 

У перыяд правядзення кампаніі таксама працаваў інфармацыйна-даведачны цэнтр ЦВК. «Мы аператыўна рэагавалі на запыты выбаршчыкаў, якія паступаюць, прымалі неабходныя меры, накіраваныя на рэалізацыю выбарчых правоў грамадзян, — падкрэсліў старшыня Цэнтрвыбаркама. — Было апрацавана больш за 2200 званкоў. Асноўныя тэмы зваротаў — гэта пошук участка для галасавання, удакладненне звестак аб месцах размяшчэння перадвыбарных праграм кандыдатаў, жаданне галасаваць не па месцы рэгістрацыі. Вялася таксама работа па разглядзе пісьмовых зваротаў грамадзян. З пачатку кампаніі іх паступіла больш за 100. На ўсе звароты па пытаннях кампетэнцыі Цэнтральнай камісіі былі дадзены адказы».

Актыўна выкарыстоўваўся размешчаны на сайце Цэнтрвыбаркама сэрвіс па пошуку ўчастка для галасавання. Гэтай пошукавай сістэмай скарысталася каля 80 тысяч чалавек. 

За выбарамі назіралі 44 361 нацыянальны і 486 замежных назіральнікаў 

За ходам прэзідэнцкай кампаніі ажыццяўлялі назіранне 44 361 нацыянальны, а таксама 486 замежных (міжнародных) назіральнікаў з 52 краін свету, у тым ліку місіі назіральнікаў ад СНД, ШАС, прадстаўнікі дэлегацыі Панафрыканскага парламента, дэлегацыя МЗС КНР, прадстаўнікі 17 цэнтральных выбарчых органаў замежных дзяржаў, а таксама эксперты ў сферы выбарчага права і тэхналогій. «ЦВК Беларусі былі акрэдытаваны прадстаўнікі з 17 краін Еўропы, 15 краін Азіі, 9 краін СНД, 7 краін Афрыкі, з 4 краін амерыканскага кантынента», — канкрэтызаваў Ігар Карпенка.

Для арганізацыі і правядзення выбараў Прэзідэнта былі створаны 153 тэрытарыяльныя камісіі, 5 325 участкаў для галасавання, сфарміравана такая ж колькасць участковых камісій. Працу камісій забяспечвалі 58 239 чалавек.

«Улічваючы, што тэрытарыяльныя і ўчастковыя камісіі — гэта грамадскія структуры, якія фарміруюцца на перыяд правядзення выбараў, асаблівая ўвага была нададзена іх падрыхтоўцы, — канстатаваў старшыня Цэнтрвыбаркама. —Больш за 5 тысяч патэнцыйных арганізатараў выбараў паспяхова прайшлі навучанне на курсах павышэння кваліфікацыі, дзе вывучылі тэарэтычныя асновы выбарчага заканадаўства, прайшлі трэнінгі, практычныя заняткі і тэсціраванне. Навучанне патэнцыйных арганізатараў выбараў паказала сваю эфектыўнасць і будзе працягнута».

Паколькі ў адпаведнасці з выбарчым заканадаўствам участкі для галасавання за мяжой не ствараліся, для арганізацыі галасавання грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія пастаянна пражываюць за мяжой і стаяць на консульскім уліку, было вызначана па адным участку ў кожным абласным цэнтры і ў Мінску. У галасаванні, па словах кіраўніка ЦВК, прынялі ўдзел 114 грамадзян названай катэгорыі.

639 бюлетэняў вынеслі з участкаў для галасавання

Па словах Ігара Карпенкі, былі зафіксаваны факты ўчынення выбаршчыкамі адміністрацыйных правапарушэнняў: фатаграфаванне запоўненых бюлетэняў для галасавання, выпадкі вынасу бюлетэняў за межы памяшканняў для галасавання. «Па наяўных афіцыйных звестках, 639 бюлетэняў былі вынесены з участкаў для галасавання», — праінфармаваў ён.

Старшыня ЦВК паведаміў, што ад грамадзян або назіральнікаў скаргі аб парушэннях патрабаванняў выбарчага заканадаўства ў працэсе галасавання або пры падліку галасоў, якія маглі б паўплываць на вынікі выбараў, не паступалі.

Рэзюмуючы, Ігар Карпенка адзначыў, што праведзеныя выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь завяршылі электаральны цыкл па фарміраванні органаў дзяржаўнага кіравання на аснове абноўленага канстытуцыйнага заканадаўства. «Наша задача на бліжэйшую будучыню — абагульніць практыкі прымянення выбарчага заканадаўства з улікам меркавання арганізатараў выбараў, выпрацаваць прапановы па ўдасканаленні заканадаўства і выбарчых працэдур, у тым ліку з прымяненнем элементаў лічбавізацыі», — падкрэсліў ён. 

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю