Top.Mail.Ru

Цэнтральны батанічны сад працягвае абнаўляць экспазіцыі

Установа, якая размяшчаецца на 93 гектарах у самым сэрцы Мінска, застаецца найбуйнейшым у краіне цэнтрам захавання біяразнастайнасці флоры, галоўнай навуковай установай у галіне інтрадукцыі, акліматызацыі, фізіялогіі, малекулярнай біялогіі, біятэхналогіі, біяхіміі і экалогіі раслін. Тут прадэманстравана флора Далёкага Усходу, Паўночнай Амерыкі, Усходняй, Еўрапейскай і Цэнтральнай Азіі, Беларусі і іншых рэгіёнаў свету.


У калекцыі — больш за 16 тысяч відаў раслін, расказаў дырэктар Цэнтральнага батанічнага сада НАН Беларусі Фёдар Прывалаў: «Усё гэта мы не толькі захоўваем, але і развіваем, вядзём сваю селекцыю».



Вялікая роля Цэнтральнага батанічнага саду і як месца адпачынку і культурнай асветы насельніцтва. У мінулым годзе, напрыклад, адкрылася экспазіцыя «Японскі сад». Прастору ўпрыгожылі вароты-торыі ва ўсходнім стылі, дапоўнілі экспазіцыю пергола з лавай і традыцыйны чайны павільён. Сярод раслін тут прадстаўлены характэрныя для ўсходніх садоў віды: сакуры, дэкаратыўна-ліставыя і прыгожаквітнеючыя бэзы, а таксама хваёвыя, сфарміраваныя ў тэхніцы японскай абрэзкі «нівакі».



Сярод навінак гэтага года — два новыя экспазіцыйныя аб’екты: калекцыйна-доследны ўчастак «Жэньшэнарый» і аптэкарскі агарод, дзе на параўнальна невялікай тэрыторыі засяроджаны ўнікальны генафонд лекавых і рэзкаараматычных культур.


Для паспяховага вырошчвання жэньшэню, дарэчы, было зманціравана спецыяльнае збудаванне, а пад пасевы і пасадкі адведзена 90 квадратных метраў. У аптэкарскім агародзе, у сваю чаргу, налічваецца 137 відаў і сартоў каштоўных лекавых раслін, 58 з якіх уключаны ў Дзяржаўную фармакапею Рэспублікі Беларусь. Асаблівую цікавасць уяўляюць расліны, занесеныя ў Чырвоную кнігу нашай дзяржавы: дуброўка белая, купальнік горны і адоніс вясновы. Цяпер яны якраз знаходзяцца ў фазе цвіцення.




Адна з мэт абнаўлення экспазіцыйнай зоны — асветніцкая, расказала намеснік дырэктара па навуковай і інавацыйнай рабоце Цэнтральнага батанічнага сада НАН Беларусі Людміла Ганчарова:

— Тое, над чым мы ўсё больш працуем, ствараючы новыя экспазіцыі, прадстаўляючы наведвальнікам новыя расліны, — гэта каб паказаць разнастайнасць сусветнай флоры, прыцягнуць як мага больш людзей да ведаў аб прыродзе, аб ахове прыроды, магчымасцях выкарыстання раслін, — адзначыла Людміла Ганчарова.

Аміна НАЗАРАВА

Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю