На думку спецыялістаў ведамства, удзельнікі экзамену паказалі дастаткова добрыя веды. Максімальна магчымыя 100 балаў па профільных вучэбных прадметах у асноўны дзень правядзення ЦЭ атрымалі 622 навучэнцы, летась іх было 636. Больш за ўсё вышэйшых вынікаў «узяла » матэматыка — 175. На жаль, былі і тыя, хто не змог справіцца з экзаменацыйнай работай — нуль балаў атрымалі 64 выпускнікі, столькі ж іх было і ў 2024 годзе.
Сярэднія балы па ўсіх вучэбных прадметах перавысілі адзнаку ў пяцьдзесят: сярэдні бал па матэматыцы склаў 60,9, па хіміі — 63,4, па гісторыі Беларусі — 65,9, па грамадазнаўстве — 58,7 і па фізіцы — 65,9 бала. У Міністэрстве адукацыі канстатавалі, што колькасць выпускнікоў, якія па выніках ЦЭ атрымалі адзнакі 9 і 10, добра карэлюе ў працэнтных адносінах з гадавымі школьнымі адзнакамі. А колькасць выпускнікоў, якія па выніках ЦЭ атрымалі нездавальняючыя адзнакі — нязначная.
Выпускнікі, якія не змаглі прыняць удзел у цэнтралізаваным экзамене ў асноўныя тэрміны, змогуць прайсці яго ў рэзервовыя дні — 21 і 23 чэрвеня, якія, дарэчы, сумешчаныя з рэзервовымі днямі цэнтралізаванага тэсціравання. Інфармацыю аб выніках ЦЭ можна атрымаць у асабістым кабінеце на сайце Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў.
Алена ВІНАГРАДАВА
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА