Цэнтр для лячэння анарэксіі плануюць адкрыць на базе РНПЦ псіхічнага здароўя. Аб гэтым журналістам расказала дырэктар цэнтра Юлія Камінская, перадае БелТА.
«У гэты момант на базе РНПЦ разгортваецца цэнтр анарэксіі на функцыянальнай аснове, таму што патрэбнасць расце, колькасць пацыентак павялічваецца. І мы лічым, што трэба стварыць асобны цэнтр», — сказала Юлія Камінская.
Зараз лячэнне адбываецца на базе аднаго з аддзяленняў РНПЦ. Да спецыялістаў звяртаюцца пацыенты не толькі з нашай краіны, але і з блізкага замежжа, паколькі тут ім аказваецца комплексная дапамога ў лячэнні расстройстваў харчовых паводзін: анарэксіі, буліміі і кампульсіўнага пераядання.
Асноўны падыход у лячэнні — псіхатэрапеўтычны, з далейшым суправаджэннем пацыентак. Праходзіць псіхалагічная карэкцыя і сямейная псіхатэрапія. Таксама цэнтр супрацоўнічае з Беларускім саюзам жанчын. Напрыклад, зараз ідзе распрацоўка сацыяльнага праекта, у якім удзельнічаюць маці пацыентак, хворых на расстройствы харчовых паводзін.