Для аматараў кніг гэтыя дзве тэмы — найперш разважанні перад кніжнай паліцай аб тым, што актуальна і адгукаецца як на ўзроўні рэкамендацый, так і па пасылах, якія ўтрымлівае тое альбо іншае выданне. І кожны раз, калі ў рукі трапляе навінка любімага аўтара альбо зусім незнаёмага, але таго, хто ўжо паспеў назвай, вокладкай і анатацыяй абудзіць нашу цікавасць да напісанай гісторыі, у нас з’яўляецца пытанне: які скарб знойдзем гэтым разам? Адказ на яго паспрабавалі пашукаць за прачытаннем свежых навінак Выдавецкага дома «Звязда».
Казкі класіка
Дакладней, у чым іх адметнасць, можам зразумець падчас знаёмства з кнігай «Казкі» Васіля Віткі. Укладальніцай Наталляй Крыцкай пад адной вокладкай сабраны такія творы, як «Буслінае лета», «Вавёрчына гора» і «Казка пра цара зубра». У кожнай з іх не толькі цікавыя сюжэты, запамінальныя рыфмы і прыгожая беларуская мова. Кніга адрасавана дзецям малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту. Дзякуючы творам Васіля Віткі не адно пакаленне далучылася да чытання, авалодала граматай і палюбіла роднае слова, прыроду. Вось, да прыкладу, у казцы «Буслінае лета» пакуль галоўны герой шукае свой сшытак з напісаным у ім творам, па дарозе сустракае шмат самых розных птушак. Праз апісанне пярнатых і іх паводзіны аўтар раскрывае перад чытачом багацце, прыгажосць і мудрасць навакольнага свету. Толькі ўслухайцеся, «Срэбнаю пацеркай на нітцы\ Затрымцеў і песняю разліўся\ У альховым кусце салавей...»; «Цераз моры, цераз рэкі,\ Цераз горы і даліны\ Шлях пакладзены спрадвеку,\ Доўгі, цяжкі шлях бусліны...» — у кожнага слова тут свая мелодыя. І безліч ёй падобных знаходзім мы і ў іншых казках: «...Хто ж перадасць тэлеграму,\ Хто ж?\ — Дождж, — сказаў ім начальнік,\ — Дождж!» — («Вавёрчына гора»). Акрамя гэтага кніга ўпрыгожана ілюстрацыямі мастака Багдана Эйсманта. Набывайце, чытайце і атрымлівайце асалоду.
З акцэнтам на сапраўдныя каштоўнасці
Пра важнае і вечнае дае нагоду разважаць і кніга Іны Фраловай «У святле жоўтай лотаці». У зборніку сабраны вершы і абразкі аўтара, у якіх прадстаўлена разнастайная палітра выказванняў, вобразаў, пачуццяў. І сярод іх кожнаму чытачу нешта адгукнецца, штосьці зможа нават падштурхнуць да пераасэнсавання здавалася б даўно вядомага. Напрыклад, пачынаецца выданне раздзелам пад назвай «Пачатак неба». У ім знаходзім вершы з аўтарскімі разважаннямі пра радзіму, увасобленымі ў шэрагу паэтычных радкоў, напрыклад,: «Там у светлых барах\ Некранутай ад веку раскошы —\ На прасторы зямной,\ Для мяне не іначай як рай,\ Ёсць куточак малы,\ За чужыя не лепшы, не горшы,\ Але сэрцам сваім адчуваю — радзіму мой край». Можна сярод напісанага знайсці таксама вершы пра хуткаплыннасць жыцця і непазбежнасць яго фіналу, паспець пагаварыць і пабыць з блізкімі, заставацца самім сабою, захоўваць сваё: «З сівых паданняў, з глыбіні вякоў,\ Як скарб ад прашчураў, нібы святла крыніца,\ Нам мова дадзена. Сярод астатніх моў\ На ёй адной за Беларусь маліцца». Гэты зборнік варты таго, каб трапіць у рукі свайго чытача, які адчуе ўсё яго хараство і глыбіню.
І дарослым патрэбны цуды
Такая думка амаль увесь час не пакідае, калі чытач раскрывае для сябе чароўны свет твораў Кацярыны Купрыянавай у яе кнізе «Казкі, якія змяняюць нас». У зборніку метафарычных гісторый дакладна ёсць тое, што здольна парадаваць «унутранае дзіця» кожнага дарослага. Героі казак сустракаюцца са сваімі страхамі, пераадольваюць унутраныя бар’еры і раскрываюць сваю душу, калі знаходзяць каханне. Разам з чароўнымі персанажамі і мы спазнаём рэцэпты, як быць шчаслівымі тут і цяпер, як выбудоўваць гарманічныя адносіны з навакольным светам. Галоўнае — помніць, што многія адказы хаваюцца ўнутры нас, таму варта толькі ўважліва пашукаць іх. Натхніцца на гэта якраз і дапаможа наша кніга.
Алена ДРАПКО