Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі ў 34-м тэатральным сезоне прадставіць тры прэм’еры. Пра гэта расказала журналістам дырэктар РТБД Святлана Навуменка, перадае БелТА.
«У новым сезоне мы плануем тры пастаноўкі вялікай формы. У снежні выйдзе прэм’ера паводле аповесці Уладзіміра Караткевіча „Ладдзя Роспачы“. Караткевіч — сусветная велічыня. Ён перакладаўся на многія мовы свету. Я думаю, трупе будзе карысна папрацаваць з беларускамоўным матэрыялам, і рэжысёру таксама, таму што на сцэнічнай пляцоўцы гэта даволі складаная і рызыкоўная гісторыя», — сказала Святлана Навуменка.
Паводле яе слоў, таксама тэатр прадставіць пастаноўку паводле рамана «Хам» беларускай пісьменніцы Элізы Ажэшка і спектакль паводле твора расійскага пісьменніка Захара Прылепіна. «Цяпер мы вядзём перагаворы аб тым, каб заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі Юрый Пахомаў паставіў яго „Пацанскія аповеды“. Гэта больш сучасная літаратура, і я думаю, што пастаноўка зацікавіць не толькі беларускага, але і расійскага гледача, да якога мы плануем выязджаць на гастролі», — дадала Святлана Навуменка.
Яна адзначыла, што ў планах на 2025—2026 год вялікая колькасць фестывальных і міжнародных абменаў. Вядуцца перагаворы з Шанхайскім маладзёжным тэатрам у Кітаі, каб паказаць там два спектаклі «Май хомлэнд» і «Вечар» Аляксея Дударава. Гэта адна з самых яркіх п’ес драматурга, якая прайшла практычна на ўсёй постсавецкай прасторы.
«У рамках спецыяльнага праекта „РТБД па панядзелках“ мы паспрабуем паставіць рускую класіку на рускай мове, магчыма, з прыцягненнем акцёраў з іншых тэатраў. Таму што ў 2026 годзе ў многіх аўтараў юбілеі, а руская класіка — культурная прастора, у якую заўсёды хочацца паглыбіцца, спрыяльная глеба і для развіцця трупы, і для міжнародных сувязяў», — патлумачыла дырэктар РТБД
Акрамя таго, на працягу сезона разам з Цэнтрам беларускай драматургіі будуць праходзіць чытанні сучасных п’ес і выязная драматургічная лабараторыя.
«Таксама я хацела б даць пляцоўку для маладога рэжысёра з Масквы, выпускніцы музычнага тэатра, якая прапанавала зрабіць на нашай сцэне маленькую оперу. Выканаўчы склад для гэтага ёсць. У трупу на працягу года ўзята шэсць новых акцёраў. Адбор быў вельмі жорсткі. Мы глядзелі на веданне беларускай мовы, вакал і пластыку, узялі вельмі цікавую і разнастайную моладзь, якой пад сілу розныя жанры і формы спектакляў», — падсумавала Святлана Навуменка.