У Мінскай вобласці ў ДТЗ з дзікімі жывёламі за суткі пацярпелі тры чалавекі. Пра гэта паведамілі БелТА ва УДАІ УУС Мінаблвыканкама.
За мінулыя суткі на тэрыторыі Мінскай вобласці адбылося два дарожна-транспартныя здарэнні, у выніку якіх тры чалавекі атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці.
25 верасня ў 0.40 на 20-м км аўтадарогі Р28 Мінск — Маладзечна — Нарач у Мінскім раёне 22-гадовы хлопец на Volkswagen Passat збіў лася. Дзікая жывёла раптам выбегла на дарогу. У выніку ДТЗ кіроўца з траўмамі дастаўлены ў бальніцу.
У 20.45 на 59-м км аўтадарогі М4 Мінск — Магілёў у Чэрвеньскім раёне 28-гадовы жыхар Магілёва на ВМW 525i збіў лася, які перабягаў дарогу. Вадзіцель і яго 25-гадовая пасажырка шпіталізаваныя з траўмамі.
ДАІ настойліва рэкамендуе кіроўцам праяўляць павышаную ўвагу на дарогах, асабліва ў начны час сутак і паблізу лясных масіваў.