Top.Mail.Ru
138

Трэнд на водпуск у санаторыі расце

Адпачынак з душой

Запаўняльнасць беларускіх здраўніц летась дасягнула максімальных значэнняў і склала 84,5 % у сярэднім за год. У нашых санаторыях адпачыла больш за 1,5 мільёна чалавек, у тым ліку каля 260 тысяч замежнікаў з 80 краін свету (летась — з 68). Асноўныя крытэрыі, якія з’яўляюцца вырашальнымі для наведвальнікаў з іншых краін, — цана і якасць паслуг. Аднак беларускія здраўніцы выконваюць у поўным аб’ёме і ўсе сацыяльныя праекты. Курс на сацыяльна арыентаваную дзейнасць застанецца і сёлета. Дарэчы, у санаторыях ужо адкрыта браніраванне на лета, а на бліжэйшыя месяцы яно перавышае 60 %.

Запаўняльнасць дасягнула максімуму

Мінулы год быў адным з самых паспяховых для сістэмы санаторна-курортнага лячэння і аздараўлення насельніцтва. Як расказаў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзь БАЛБАТОЎСКІ, па ўсіх асноўных паказчыках дзейнасці адзначана станоўчая дынаміка. У прыватнасці, запаўняльнасць дасягнула летась сваіх максімальных значэнняў і склала 84,6 %. Лячэнне і аздараўленне прайшлі ў беларускіх здраўніцах 1 мільён 561 тысяча чалавек. Выручка ад рэалізацыі паслуг вырасла на 21 % у параўнанні з 2024-м і перавысіла 1,5 млрд рублёў.

Летась у беларускія санаторыі прыехала 260 тысяч замежнікаў з 80 краін. І тут можна казаць пра пашырэнне геаграфіі, бо ў 2024-м у нас адпачывалі прадстаўнікі 68 краін. Вырасла і выручка ад экспарту паслуг (больш чым на 40 %) і ў абсалютных лічбах склала 175 млн долараў. Ва ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы і закупку абсталявання ўкладзена звыш 251 млн рублёў, што таксама больш, чым у папярэднія гады.

Акцэнт — на сацыяльна арыентаваныя праекты

Пры гэтым усе сацыяльныя праекты і мерапрыемствы дзяржпраграм былі выкананы ў поўным аб’ёме. 

— За кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту і фонду дзяржаўнага сацыяльнага страхавання прайшлі аздараўленне і санаторна-курортнае лячэнне на льготных умовах 799 тысяч чалавек, — падкрэсліў Генадзь Балбатоўскі. 

Прыярытэтам у рабоце цэнтра традыцыйна з’яўляюцца аздараўленне і лячэнне дзяцей. З выдаткаваных 290 млн рублёў каля 70 % затрачана менавіта на гэтыя мэты. 

— Калі казаць пра перспектывы і планы на бягучы год, то нязменнай застанецца палітыка сацыяльна арыентаванай дзейнасці нашай арганізацыі. Усе дзяржпраграмы і фінансаванне, якое закладзена, мяркую, будуць выкананы і ў 2026 годзе, — адзначыў кіраўнік цэнтра.

У ліку бліжэйшых праектаў — аздараўленне дзяцей падчас дадатковых зімовых канікул (з 16 па 22 лютага) для вучняў 1-2 класаў. Сумесна з Міністэрствам адукацыі будзе арганізавана работа лагераў з дзённым знаходжаннем, плануецца, што ў іх пройдуць аздараўленне каля 16,5 тысячы малодшых школьнікаў. У перыяд вясновых канікулаў з 23 па 29 сакавіка пройдуць аздараўленне ў лагерах з дзённым знаходжаннем каля 65 тысяч дзяцей.

Час падумаць пра лета

Што датычыцца прагнозу па дзейнасці санаторыяў на гэты год, то адзначаецца вялікая глыбіня продажаў. Ужо сёння на ўсе вясновыя месяцы браніраванне перавышае 60 %. 

— Бадай, самы незапатрабаваны месяц года — люты. Пры гэтым браніраванне на люты сёлета складала 72 %. Таму я думаю, што мы па завяршэнні гэтага месяца падбяромся да 80 % запаўняльнасці. Усе астатнія месяцы будуць запоўнены недзе на 90 % ад максімальнай, — падзяліўся Генадзь Балбатоўскі.

Адзначым, што ўжо адкрыта браніраванне на лета. Улічваючы традыцыйна высокі попыт, усім, хто хоча выбрацца ў санаторый у зручны летні час, варта ўжо цяпер пра гэта паклапаціцца і забраніраваць нумар. 

Колькі будзе каштаваць пуцёўка?

Сярэдняя цана ў стандартны двухмесны нумар летась складала 131 рубель 50 капеек у суткі. У параўнанні са снежнем 2024 года яна падрасла на 5,5 %. У снежні мінулага года цана складала 124,5 рубля. Што датычыцца цэн на вясну, у другім квартале давядзецца заплаціць каля 135 рублёў у суткі за двухмесны стандартны нумар.

За пяцігодку колькасць месцаў вырасце на трэць 

У адпаведнасці з даручэннем урада і Прэзідэнта пастаўлена задача па павелічэнні ложкавага фонду лячэбна-аздараўленчых устаноў да 2030 года. 

— Урадам прынята праграма развіцця. Кожнаму ўласніку даведзены паказчыкі па павелічэнні ложкавага фонду, — адзначыў Генадзь Балбатоўскі.

На бліжэйшую пяцігодку запланавана будаўніцтва новых і рэканструкцыя дзейных аб’ектаў. У цэлым мяркуецца, што колькасць месцаў размяшчэння павялічыцца на 30 %.

Як адзначыў Генадзь Балбатоўскі, усе крыніцы фінансавання прымальныя для дасягнення выніку па павелічэнні магутнасці ложкавага фонду. Сёння ў тым ліку і Міністэрствам эканомікі прапанаваны механізмы будаўніцтва новых аб’ектаў і рэканструкцыі дзейных. Большая частка сродкаў (звыш 80 %), якія закладзены ў праграму па развіцці турызму, прыпадае на развіццё менавіта санаторна-курортнага комплексу. Таксама гэта будуць уласныя сродкі ўладальнікаў санаторыяў. Крэдытныя рэсурсы і дзяржаўныя сродкі будуць прыцягвацца ў меншай ступені.

Алена КРАВЕЦ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю