Top.Mail.Ru

Трэба верыць у сваю краіну, працаваць дзеля яе — і тады ўсё атрымаецца

«Прыярытэты былі ясныя — гэта харчаванне, экспарт і жыллё»


Віктар ПІНЧУК — дэлегат шасці Усебеларускіх народных сходаў, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларусі, кандыдат біялагічных навук, 25 гадоў узначальваў агракамбінат «Усход» Магілёўскага раёна. Ён падзяліўся сваімі ўспамінамі пра першы УНС і ўласнымі назіраннямі, як рашэнні сходаў увасабляліся ў жыццё.

— Віктар Фёдаравіч, вы былі дэлегатам самага першага УНС у 1996 годзе. Як вы трапілі на той форум?

— Тады я ўжо сем гадоў узначальваў «Усход» — саўгас-камбінат, які спецыялізаваўся на прамысловай свінагадоўлі. Да гэтага працаваў галоўным ветурачом калгаса «Гігант» на Бабруйшчыне, у 30 гадоў атрымаў медаль «За працоўную доблесць». Быў дэпутатам сельскага, раённага і абласнога Саветаў. Таму на першы УНС ехаў як вопытны кіраўнік. Памятаю, у той час многія кіраўнікі гаспадарак былі занепакоеныя: пасля развалу Саюза было незразумела, як будзе далей складацца лёс краіны. Але нас узрадавала, што на чале краіны стаў чалавек з нашай вобласці — Аляксандр 

Лукашэнка, які сам быў дырэктарам гаспадаркі ў Шклоўскім раёне. Ён ведаў не па чутках, што такое праца селяніна і цана хлеба.

— Што вам найбольш запомнілася з таго першага сходу?

— Форум праходзіў два дні ў Палацы спорту. Умовы былі сціплыя — вузкія пластыкавыя сядзенні, размяшчэнне ў небагатых гасцініцах. Але ўсё гэта не мела значэння. Галоўнае — тое, што мы пачулі ад Прэзідэнта.

Самым яркім момантам стала яго адкрытая размова, якая кардынальна адрознівалася ад прывычных партыйных дакладаў. Гэта быў жывы, шчыры зварот, у якім ён адкрыта выклаў рэальны стан спраў у краіне і даў зразумелыя арыенціры. Ён агучыў праграму «адвядзення рэспублікі ад краю бездані», і прыярытэты былі вызначаны канкрэтныя: харчаванне, экспарт, жыллё.

— Тады былі і складаныя моманты...

— Так, палітычны раскол і эканамічны тупік адчуваліся вельмі востра. Былі спробы дэструктыўных элементаў сарваць сход — нават у фае падчас перапынку даходзіла да правакацый. Але органы ўнутраных спраў змаглі не дапусціць бяды. Асобна хачу ўспомніць, як тагачасны старшыня Вярхоўнага Савета называў кіраўнікоў гаспадарак «чырвонымі памешчыкамі». Было крыўдна. Таму на першых прэзідэнцкіх выбарах у 1994 годзе мы аднадушна прагаласавалі за свайго — аграрыя Аляксандра Лукашэнку.

— Як рашэнні першага УНС паўплывалі на развіццё гаспадаркі, якой вы кіравалі?

— УНС зацвердзіла першую ў гісторыі краіны пяцігадовую праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця. Для нас, практыкаў, гэта мела каласальны прыкладны эфект. Мэтавае фінансаванне АПК дазволіла пачаць тэхнічнае перааснашчэнне комплексаў, закупку тэхнікі — мы адчулі магутны імпульс для росту.

«Усход» разгарнуў маштабную мадэрнізацыю свінагадоўчага комплексу на 24 тысячы галоў адкорму ў год, укаранялі перадавыя тэхналогіі кармлення. Ужо ў 1997 годзе выйшлі на еўрапейскі ўзровень: сярэднясутачныя прывагі свіней дасягнулі 700 і больш грамаў на адкорме. Пагалоўе вырасла з 20 тысяч да 30 тысяч галоў.

Атрымалі статус нарыхтоўшчыка збожжа па перапрацоўцы на камбікорм жывёле — маглі самі акумуляваць рэсурсы, весці гнуткую палітыку. Пабудавалі міні-мясакамбінат, адкрылі 26 гандлёвых пунктаў у Магілёве і раёне, будавалі новыя свінарнікі і малочнатаварныя фермы, зернесушылкі і зернясховішчы. Усур’ёз заняліся сацыяльнай сферай: у аграгарадку «Усход» узвялі 653 кватэры і індывідуальныя дамы, спартзалу, кафэ ў аграгарадку Усход, урачэбную амбулаторыю, бралі ўдзел у будаўніцтве храма Святой Тройцы — і ўсё гэта за сродкі прадпрыемства. У 2006 годзе Прэзідэнт наведаў наш агракамбінат, ацаніў перадавы вопыт і годны ўзровень жыцця сялян.

— Вы былі дэлегатам УНС шэсць разоў. Як мяняліся самі сходы?

— Наступныя збіраліся не на пустым месцы: Беларусь ужо мела пэўныя вынікі — па харчовай праграме, па будаўніцтве жылля, па экспарце. Таму з кожным разам адчувалася ўмацаванне дзяржавы, павышэнне значнасці гэтых форумаў. Задачы ставіліся ўсё больш маштабныя. Змяняліся і ўмовы. Калі першы УНС праходзіў у сціплых гасцініцах, то пазней — больш камфартабельна, з наведваннем прадпрыемстваў, выставачнымі мерапрыемствамі. Было што паказаць — вынікі таго першага сходу. Асобна хачу адзначыць ролю ветэранаў. З кожным сходам іх прысутнасць была ўсё больш значнай — ветэраны працы, навукі, адукацыі. Гэта сведчыць пра пераемнасць пакаленняў.

— Што вы захоўваеце як памяць пра першы УНС?

— Усім дэлегатам тады ўручылі невялікія прэзенты — наручныя гадзіннікі, на цыферблаце якіх было выгравіравана: «Першы Усебеларускі народны сход». Яны цікаюць у мяне і да гэтага часу. Роўна, упэўнена адмяраюць час. Для мяне і майго пакалення гэта сімвал таго, што родная Беларусь будзе квітнець і далей.

— Чым вы займаецеся сёння?

— Ужо 11 гадоў узначальваю Магілёўскую раённую ветэранскую арганізацыю. Наша галоўная задача — сацыяльная абарона ветэранаў працы і патрыятычнае выхаванне моладзі, захаванне гістарычнай памяці. Мы ўстанавілі больш за 20 памятных дошак людзям, якія працавалі на кіруючых пасадах і атрымлівалі найвышэйшыя ўзнагароды дзяржавы. Па нашай ініцыятыве многім школам раёна прысвоены званні ў гонар Герояў Савецкага Саюза і знакамітых землякоў. Выдалі Кнігу працоўнай славы Магілёўскага раёна, куды ўвайшлі больш за 630 чалавек, узнагароджаных ордэнамі і ганаровымі званнямі ў пасляваенны перыяд.

— Што б вы сказалі маладым людзям, якія толькі пачынаюць свой шлях?

— Галоўнае — любіць сваю зямлю і сваю справу. Я 25 гадоў адпрацаваў ва «Усходзе» і ні разу не пашкадаваў. Калі ты бачыш вынік сваёй працы — новыя дамы, дагледжаныя фермы, задаволеных людзей — гэта найлепшая ўзнагарода. І яшчэ: трэба верыць у сваю краіну. Мы ў 1996 годзе паверылі — і не памыліліся!

Надзея ЗУЕВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю