Top.Mail.Ru

Трэба сеяць і прасейваць. Не толькі збожжа

Кажуць, адзін з «добразычліўцаў» Сакрату неяк чутку прынёс: маўляў, ягоны, Сакратаў, сябра гаворыць аб ім такое...

Тут жа хацеў распавесці што (канкрэтна), ды філосаф яго спыніў: сказаў «ганцу», што ўсё пачутае, перш чым «несці» далей, добра было б тройчы прасеяць: праз сіта праўды, дабрыні і карысці. «Гэта як?» — не зразумеў чалавек. Давялося тлумачыць: «Ну вось скажы, — папрасіў Сакрат, — ты ўпэўнены, што пачутае табой праўда?» — «Не, — разгубіўся „ганец“, — але ж людзі казалі». — «Тады другое сіта: як думаеш, ці парадуе мяне твой расказ?» — «Мусіць, не...» — «Тады сеем далей: праз трэцяе сіта — карысці. Яе шмат ад твайго паведамлення?» «Добразычлівец» хіба рукамі развёў. «Вось бачыш, — усміхнуўся філосаф, — ты хацеў расказаць мне тое, у чым ні праўды, ні дабрыні, ні тым больш карысці. Тады навошта?»

...Гэта размова нагадала мне даўні расказ бабулі.

У 1941-м ёй было дзевяць гадоў, у 1945-м — «пад дзеўку бралася». Так яна гаварыла. І, напэўна ж, бачыла, што хлопцаў і дарослых мужчын — кот наплакаў: хіба старыя вакол ды калекі, дзеці яшчэ. А вось дужых ды прыгожых у бабулінай акрузе толькі двое было. І самы прывабны — для падрослых дзяўчат, для гаротніц-удоў — дзядзька Лявон, брыгадзір, бо ён жа яшчэ і начальнік...

Дык вось, неяк раз да ягонай жонкі, як да таго Сакрата, прыбягае адна з суседак і кажа:

— Цётка Лявоніха, а ты ведаеш, да каго твой дзядзька пайшоў?

Тая ў адказ:

— Пачакай, я карову падаю, — тады раскажаш.

Суседцы не цярпелася — хацелася паведаміць зараз жа, але села чакаць.

Лявоніха тым часам зрабіла, што хацела, з цёплым малачком у хату кіруе.

— Дык паслухай жа, — запыняе суседка. — Бабы казалі, што твой Лявон...

— Ты яшчэ хвілінку пачакай, — абрывае гутарку цётка. — Я свінням занясу: толькі ў хлеў і назад.

...Потым гаспадыня трохі посуд прыбрала, рукі памыла, урэшце падсела да суседкі:

— Ну дык якую навіну ты прынесла, што хацела расказаць?

— Ат, — пакрыўджана ўздыхнула жанчына, — ужо, мусіць, позна. Бабы гаманілі, што твой Лявон у Брод да Харашухі пайшоў. Ты магла б за ім, па гарачых слядах... 

А цяпер што? Ніякага толку...

— Як няма яго, то і няма, — згадзілася гаспадыня і, адчыніўшы перад суседкай дзверы, дадала:

— Ты яшчэ заходзь, калі нешта спатрэбіцца. Чым зможам — дапаможам. А вось плётак больш не прынось, не трэба.

...Згадзіцеся: мудрая была жанчына. А калі б ёй ды навуку?

М. Парфяновіч

г. Мінск

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю