Top.Mail.Ru
1097

«Трапны стралок»: ДТСААФ і Мінадукацыі далі старт новаму праекту для школьнікаў

ДТСААФ і Міністэрства адукацыі далі старт рэспубліканскім спаборніцтвам па кулявой стральбе «Трапны стралок». Пра гэта журналістам расказаў старшыня Цэнтральнага савета ДТСААФ Андрэй Некрашэвіч, паведамляе БелТА.



«Праект будзе ўключаць правядзенне спаборніцтваў у чатыры этапы і ахопіць практычна ўсе навучальныя ўстановы нашай краіны», — сказаў Андрэй Некрашэвіч. Этапы будуць падзеленыя на рэгіянальны, абласны, рэспубліканскі і заключны, які пройдзе восенню ў Расіі. «Упэўнены, што правядзенне падобных мерапрыемстваў будзе спрыяць навучанню і падрыхтоўцы нашай моладзі да абароны сябе, сваіх родных і блізкіх», — падкрэсліў ён.

Старшыня Цэнтральнага савета ДТСААФ асабліва адзначыў, што пытанні бяспекі — на першым месцы. «Непадрыхтаванаму спартсмену зброю выдаваць не будзем. Ёсць людзі, якія захочуць паспрабаваць свае сілы ў гэтым відзе спорту. Мы іх дапусцім толькі пасля таго, як яны пройдуць навучанне і будуць умець бяспечна валодаць тым ці іншым відам зброі. Гэта адназначна», — дадаў ён.

Адборачныя спаборніцтвы пачнуцца ўжо вясной. Удзел у іх змогуць прыняць школьнікі ад 14 да 16 гадоў. Па словах Андрэя Некрашэвіча, абмежаванняў па поле не прадугледжана.

Галоўная мэта праекта — масавасць. «Хочацца, каб кожны навучэнец сярэдняй школы паспрабаваў свае сілы ў спаборніцтвах. Вялікія чэмпіёны нараджаюцца з такіх невялікіх спаборніцтваў. І мы будзем гадаваць і весці да вяршыняў гэтай спартыўнай славы нашу моладзь», — сказаў старшыня Цэнтральнага савета ДТСААФ.

Намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў Павел Шасцярэнь расказаў аб сістэме заахвочвання для юных стралкоў. «Пераможцы і прызёры рэспубліканскіх спаборніцтваў, акрамя прызоў, якія вызначаны арганізатарамі, атрымаюць нагрудны знак, зацверджаны ДТСААФ. Таксама будзе магчымасць у адпаведнасці з класіфікатарам прысвоіць разрады нашым школьнікам-спартсменам», — растлумачыў ён.

Рэспубліканскія спаборніцтвы «Трапны стралок» — не проста турнір. Гэта важны крок у фарміраванні характару, выхаванні дысцыпліны, адказнасці і волі да перамогі ў падрастаючага пакалення беларусаў.

Фота БелТА і Ксеніі ЛІННІК
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю