У Мінтрансе расказалі пра дасягненні авіяцыйнай галіны
У прыватнасці, Нацыянальны аэрапорт Мінск стаў лаўрэатам Еўразійскай прэміі ў галіне транспарту і лагістыкі «Магістраль Awards-2025». У прафесійным асяроддзі прэмію называюць «транспартным Оскарам» — за высокі статус і шырокую геаграфію ўдзельнікаў. Сёлета ў конкурсе прынялі ўдзел 100 кампаній і экспертаў з краін СНД, ЕАЭС, Кітая, ААЭ і іншых краін.
Акрамя таго, у снежні «Белавія» пераадолела планку ў два мільёны перавезеных пасажыраў. Самымі папулярнымі напрамкамі сталі Санкт-Пецярбург, Масква (Шарамецьева і Дамадзедава), Стамбул і Дубай.
І яшчэ адну цікавую навіну з авіяцыйнай галіны расказалі ў профільным міністэрстве і датычыцца яна таксама папулярнага напрамку — у Паднябесную. У прыватнасці, у Мінск на рэгулярных рэйсах Air China за больш чым 10 гадоў дастаўлена звыш 425 тысяч пасажыраў.
Дарэчы, авіякампанія выконвае палёты ў Нацыянальны аэрапорт з Пекіна і Сіаня. Усяго за гэты час паміж Беларуссю і Кітаем выканана звыш 1,3 тысячы рэгулярных абаротных рэйсаў.