Top.Mail.Ru
229

Транспартная пракуратура правяла рэйд на водных аб’ектах паблізу Гомеля: якія парушэнні яна выявіла

Гомельская транспартная пракуратура сумесна з супрацоўнікамі рэгіянальнага ўчастка дзяржаўнай інспекцыі па маламерных суднах правяла рэйдавыя мерапрыемствы на водных аб’ектах і выявіла парушальнікаў, паведамляе БелТА.



Спецыялісты ведамстваў праводзяць рэйды пастаянна. Асноўная задача - устанавіць парушэнні нормаў заканадаўства, якое рэгламентуе правілы карыстання маламернымі суднамі, а таксама правесці тлумачальную і прафілактычную работу з грамадзянамі для забеспячэння безаварыйнага плавання суднаў.

Як растлумачылі ў пракуратуры, у паўднёва-ўсходнім рэгіёне з пачатку года зарэгістравана чатыры аварыйныя выпадкі на вадзе. Так, у маі трагедыя адбылася на рацэ Бярэзіна паблізу вёскі Гагалі Рэчыцкага раёна. Там патануў 38-гадовы мужчына. Як высветлілася, будучы нецвярозым, ён у цёмны час сутак кіраваў маламерным суднам, да таго ж быў у лодцы без выратавальнай камізэлькі. 

Яшчэ адзін прыклад надзвычайнага здарэння на акваторыі — 9 жніўня на рацэ Сож паблізу пасёлка Чонкі Гомельскага раёна работнікі АСВОДа выратавалі мужчыну. Ён, знаходзячыся ў стане моцнага алкагольнага ап’янення, плыў на маторнай лодцы, якая наскочыла на корч і перакулілася. Так мужчына апынуўся ў вадзе і пачаў тануць. 

«Маламерныя судны - гэта судны даўжынёй не больш за 20 м з дапушчальнай колькасцю людзей на борце не больш за 12 чалавек, у тым ліку судны з падвеснымі рухавікамі і гідрацыклы, якія знаходзяцца ў прыватнай уласнасці фізічных асоб. Вяслярныя судны грузападымальнасцю 225 кг і больш і ўсе маторныя судны павінны прайсці дзяржаўную рэгістрацыю, класіфікацыю і (або) тэхнічны агляд. Суднавадзіцелі павінны мець пасведчанне на права кіравання маторным маламерным суднам», — нагадалі ў Гомельскай транспартнай пракуратуры.

Падчас сумеснага рэйду ўстаноўлена шэсць парушальнікаў, у дачыненні да якіх вынесены пастановы аб вызваленні ад адміністрацыйнай адказнасці па ч. 1 арт. 18.7 КаАП з вынясеннем папярэджання. Адначасова ў дачыненні да гэтых асоб Гомельскім транспартным пракурорам вынесены афіцыйныя папярэджанні аб недапушчальнасці парушэнняў Правілаў карыстання маламернымі суднамі і базамі (збудаваннямі) для іх стаянак.

Самыя распаўсюджаныя парушэнні — эксплуатацыя маламерных суднаў без тэхагляду, без іх дзяржрэгістрацыі. Таксама частка кіроўцаў маламерных суднаў забыліся дакументы на беразе ў машыне, не надзелі выратавальныя камізэлькі альбо не зашпілілі іх.


Не абышлося падчас рэйду і без кур’ёзных сітуацый. Так, маладая пара вырашыла паплаваць на рацэ з надзіманым кракадзілам, але адпачываючы людзі не разлічылі свае сілы і не змаглі вярнуцца назад да берага. Ім аказана неабходная дапамога.

Гомельская транспартная пракуратура нагадвае суднавадзіцелям і суднаўладальнікам маламерных суднаў быць асабліва ўважлівымі і пільнымі, выконваць патрабаванні заканадаўства, і тады рыбалка і адпачынак на вадзе будуць бяспечнымі.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю