Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп назваў ашуканскай схемай амерыканскую ініцыятыву FireAid, накіраваную на аказанне дапамогі пацярпелым ад прыродных пажараў у штаце Каліфорнія, і заявіў, што $100 млн з сабраных на гэта сродкаў зніклі. Пра гэта піша ТАСС.
На сваёй старонцы ў сацсетцы Truth Social Дональд Трамп напісаў: «FireAid — гэта поўная катастрофа. Падобна на тое, што гэта яшчэ адна натхнёная дэмакратамі ашуканская схема. Зніклі $100 млн».
У паўднёвай частцы Каліфорніі, у раёне Лос-Анджэлеса, у студзені з-за прыродных пажараў загінулі больш за 30 чалавек, былі знішчаны каля 18 тыс.розных будынкаў. Грамадскія арганізацыі, у тым ліку звязаныя з Дэмакратычнай партыяй, абвясцілі аб правядзенні збору сродкаў на патрэбы тых, хто пацярпеў або пазбавіўся маёмасці з-за пажараў. У рамках гэтай ініцыятывы 30 студзеня ў Каліфорніі адбыўся дабрачынны канцэрт. Было сабрана каля $100 млн, але, як паведаміў тэлеканал Fox News, сродкі пасля былі размеркаваны паміж шэрагам няўрадавых арганізацый, а не перададзеныя непасрэдна пацярпелым.
Дональд Трамп у чарговы раз у сацсетцы раскрытыкаваў губернатара Каліфорніі Гэвіна Ньюсама. Па словах прэзідэнта ЗША, улады штата маглі б прадухіліць пажары, калі б своечасова прынялі належныя меры. Як мяркуе Трамп, дэфіцыт вады, з якім сутыкнуўся Лос-Анджэлес падчас пажараў, быў выкліканы ў першую чаргу нежаданнем Ньюсама адмяніць абмежаванні на яе выкарыстанне.
Як паведамлялі метэаролагі, прычынай хуткага распаўсюджвання агню ў Каліфорніі ў студзені было сухое і вельмі ветранае надвор’е.