Top.Mail.Ru

Традыцыі і навацыі ВДНГ: падрабязнасці другога дня рабочага візіту Прэм'ер-міністра Аляксандра Турчына ў Маскву

Кіраўнікі ўрадаў еўразійскай «пяцёркі» прыбылі ў расійскую сталіцу напярэдадні — 11 снежня, дзе правялі пасяджэнне Еўразійскага міжурадавага савета. У другі дзень візіту ім трэба было ўдзельнічаць у Міжнароднай канферэнцыі па супрацоўніцтве ў галіне навукі і тэхналогій. Але перш ім правялі экскурсію па павільёне «Атам» — адным з самых інавацыйных на ВДНГ, прысвечаным ядзерным тэхналогіям мінулага, сучаснасці і будучыні не толькі ў Расіі, але і ў свеце.


«З нас — фінансавая дапамога, з вас — мазгі»

Прэм’ер-міністры агледзелі экспазіцыю, прысвечаную стварэнню ядзернага шчыта СССР, азнаёміліся з незвычайнымі, а часам і фантастычнымі праектамі, якія сталі з’яўляцца, калі пачалося мірнае выкарыстанне энергіі атама. У завяршэнне агляду ім былі прадстаўлены сучасныя кірункі развіцця атамнай прамысловасці.

Затым кіраўнікі ўрадаў краін ЕАЭС пагутарылі з удзельнікамі Міжнароднай канферэнцыі па супрацоўніцтве ў галіне навукі і тэхналогій, якая праводзіцца з мэтай падтрымкі маладзёжных ініцыятыў і прасоўвання перспектыўных распрацовак на тэрыторыі Еўразійскага рэгіёна. Былі прадстаўлены работы фіналістаў конкурсу тэхналагічных распрацовак. Гэта распрацоўкі міжнародных калектываў маладых навукоўцаў, у тым ліку з Беларусі, у біятэхналогіях, прамысловай дыягностыцы, экалагічнай бяспецы і іншых сферах.

Так, Інстытут фізіка-арганічнай хіміі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі стаў удзельнікам інтэрнацыянальнага праекта па распрацоўцы і ўкараненні ўніверсальных модульных сістэм для ачысткі вады і газаў. Інстытут прыкладной фізікі НАН Беларусі прадставіў ідэю стварэння і развіцця інфраструктуры класа «мегасаенс» у мэтах правядзення перадавых навуковых даследаванняў і пашырэння Міжнароднай навуковай калабарацыі. Беларускія маладыя навукоўцы таксама прадставілі праект па перапрацоўцы літый-іонных акумулятараў.

Нацыянальная акадэмія навук Беларусі і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт выступілі партнёрамі праекта, які прадугледжвае распрацоўку і імпартазамяшчальную вытворчасць ключавых элементаў фатонікі: спецыяльных крышталёў для магутных і дакладных лазераў, оптавалакна для космасу і абароненых сетак, палімераў і матэрыялаў для аптычных сэнсараў і медабсталявання. Аляксандр Турчын пацікавіўся, калі можна чакаць серыйную вытворчасць гэтай прадукцыі. Распрацоўшчыкі паабяцалі, што гэта магчыма ўжо ў найбліжэйшай перспектыве.

— З нас — фінансавая дапамога, з вас — мазгі, — звярнуўся Прэм’ер-міністр Беларусі да аўтараў праекта.

Цікавасць Аляксандра Турчына выклікаў таксама стартап маладых навукоўцаў з Сярэдняй Азіі, які прадугледжвае распрацоўку экалагічна чыстага біяпрэпарату новага пакалення для барацьбы з сельскагаспадарчымі шкоднікамі.

— Абарона раслін адыгрывае вельмі важную ролю, і ваша праца вельмі важная для сельскай гаспадаркі. Беларусь мае велізарны вопыт у сельскай гаспадарцы, з задавальненнем гатовы разам з вамі папрацаваць з вашым вынаходствам. Самае галоўнае, каб мы забяспечылі яго камерцыялізацыю, каб сёння гэта было выгадна, добра прадавалася і давала добрыя вынікі. Калі ёсць жаданне, мы з задавальненнем вас чакаем, — звярнуўся беларускі прэм’ер да распрацоўшчыкаў.

Мадэрнізацыя і развіццё

Прэм’ер-міністр таксама наведаў павільён «Рэспубліка Беларусь» на ВДНГ. Кіраўніка беларускага ўрада цікавіла, як выконваецца даручэнне Прэзідэнта Беларусі па развіцці павільёна на галоўнай расійскай выстаўцы. Аляксандр Турчын паглядзеў прадстаўлены тут асартымент беларускай прадукцыі, выказаў свой пункт гледжання на планы па мадэрнізацыі павільёна, пагутарыў з супрацоўнікамі гандлёвых пунктаў. Тлумачэнні яму давалі пасол Беларусі ў Расіі Аляксандр Рагожнік і старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Міхаіл Мятлікаў.

Як паведаміў журналістам Міхаіл Мятлікаў, да канца 2026 года на тэрыторыі ВДНГ з’явіцца галоўная кангрэсна-выставачная пляцоўка Расіі, дзе плануецца праводзіць вялікія камерцыйныя выстаўкі і бізнес-мерапрыемствы.

— Зыходзячы з гэтага, мы абмяркоўвалі з прэм’ер-міністрам развіццё беларускай экспазіцыі на ВДНГ, — сказаў ён. Міхаіл Мятлікаў дадаў, што плануецца мадэрнізацыя павільёна Беларусі.
Пры гэтым кіраўнік БелГПП нагадаў, што павільён «Рэспубліка Беларусь» на ВДНГ з’яўляецца помнікам архітэктуры.

— Таму канцэптуальна будуць разглядацца розныя варыянты сумяшчэння выставачных і гандлёвых пляцовак з абнаўленнем калекцый адзення, дэгустацыямі прадуктаў харчавання з інфармацыяй аб тым, дзе і ў якіх сетках можна сёння набыць гэтую прадукцыю, — падкрэсліў кіраўнік БелГПП.

Міхаіл Мятлікаў канстатаваў, што беларускі павільён і прадстаўленыя тут тавары карыстаюцца вялікай папулярнасцю.

— Пра гэта сведчаць і лічбы: толькі за 11 месяцаў гэтага года беларускі павільён наведалі 1,2 мільёна чалавек, — канстатаваў ён.

Па матэрыялах БелТА.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю