Любоў да чытання, павага да кнігі і знаёмства з адважнымі героямі — усё гэта пачынаецца ў дзяцінстве. Спачатку мама альбо бацька чытаюць нам перад сном, пасля, асвоіўшы грамату, мы самі цягнемся да кніжнай паліцы... Таму так важна, каб на ёй жылі ў вашым доме толькі самыя лепшыя дзіцячыя кнігі. Прапаноўваем пазнаёміцца, якімі навінкамі Выдавецкага дома «Звязда» можна папоўніць сваю бібліятэку.
«Мае сябры — басаногія вятры»
Аднайменны зборнік вершаў Алены Якаўлевай-Ігрушскай змяшчае самыя розныя паэтычныя творы, дзе аўтар дзеліцца сваімі разважаннямі на жыццёвыя тэмы. Тут можна знайсці лясную калыханку, чароўны рамонак, зайчыка Зая, незвычайны святлафор і шмат іншага. «Здаецца, і тэм незвычайных не прыдумляе яна, слоў нячутых не выкопвае — гаворыць пра тое, што мы не раз ужо бачылі і чулі, чым захапляліся, а можа, нават, наадварот, не заўважалі, а прачытаўшы вершы, успомнілі», — заўважае ва ўступным слове да кнігі народны паэт Беларусі Уладзімір Карызна. Старонка за старонкай мы знаёмімся з цэлай палітрай мастацкіх вобразаў, кожны з якіх здольны на кароткія імгненні вярнуць да ўспамінаў пра дзяцінства, пра родныя мясціны і дарагіх нам людзей, якія тады рабілі кожны наш дзень непаўторным. «У мяне самы лепшы аловак, // Вам яго не знайсці, не купіць, // — То звычайны лядзяшык вясновы, // Што на змерзлай галінцы вісіць»...
Новыя прыгоды лісачкі Красуні
Зноў радуе навінкай сваіх прыхільнікаў (іх нямала сярод дзяцей і дарослых) пісьменніца Кацярына Хадасевіч-Лісавая. Кніга «Год прыгод лісачкі Красуні» — гэта па-сапраўднаму захапляльная гісторыя, дзе чытачы знойдуць... «Лісачка Красуня перасялілася ў Дзівосны лес з мегаполіса. Малечу прынёс ляснік-лесавік і перадаў на выхаванне добраму і клапатліваму мядзведзю... У Красуні з’явіліся сябры і шмат вясёлых гісторый, звязаных з імі»... — так усё пачынаецца. А пасля разам з ляснымі жыхарамі мы пражываем год, назіраючы за іх падрыхтоўкай да зімы, пабачым, як праходзяць заняткі ў школе на Пяньковай паляне, як жывёлы сябруюць і ў бядзе адно аднаму дапамагаюць, а яшчэ даведаемся рэцэпт навагодніх пернікаў, кавы з жалудоў і шмат карыснага і цікавага. І, што галоўнае, адчуем зноў смак беларускай мовы. Скажам па сакрэце, не абыдзецца і без інтэрактыву, таму спяшайцеся набыць свой асобнік.
Як перамагчы фею Слоту?
Аповесць-казка «Залацінка і фея Слота» Сяргея Клімковіча адрасавана дзецям малодшага школьнага ўзросту. Пад вокладкай юных чытачоў і іх бацькоў чакае аповед, напісаны жывой мовай і аздоблены ілюстрацыямі мастака Алега Грубіна. Галавакружная чароўная гісторыя, у якую трапіла дзяўчынка Васіліса па мянушцы Залацінка, нікога не пакіне абыякавым. Яна нават не ўяўляла, што разам са сваімі сябрамі ўступіць
у барацьбу з агіднай феяй Слотай, якая выкрала Галоўную Кнігу
Навагодніх Казак. І на шляху гэтага супрацьстаяння наша гераіня сустрэнецца з феем мэблі Шкафутам, з кніжнікамі, Вядзьмаркай Пернікавага доміка, з жудасным воўкам — Дырэктарам загадкавай карпарацыі ЎСЯГО і з даволі мілым Змеем Гарынычам, якога мучыць зубны боль. Шэраг чароўных падзей і знаёмстваў, якія адбываюцца з нашай гераіняй, дадаюць новых фарбаў у штодзённасць дзяўчыны-
фантазёркі... «— Попробуйте остановить нашего книжника! — воскликнула Золотинка. — Он знает миллионы книг, а кто много знает, тот никому не по зубам! Вот так!»... І пра тое, хто ж пераможа ў гэтай барацьбе, чытачы даведаюцца пасля прачытання ўсёй гісторыі...
Алена ДРАПКО