Утрымаць раўнавагу
Як расказаў траўматолаг-артапед прыёмнага аддзялення РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Андрэй ЯРАШЭВІЧ, найбольш уразлівыя часткі цела — галёнкаступнёвы, каленны, прамянёвазапясцевы суставы, верхнія канечнасці, радзей — пазваночнік і галава. Непрацаздольнасць пры траўмах можа быць працяглай. Пры адносна лёгкіх на аднаўленне сыходзіць ад двух да дзевяці дзён, пры траўмах сярэдняй цяжкасці — да аднаго месяца, а цяжкіх — да паўгода. Нават пры няўскладненым пераломе прамянёвазапясцевага сустава чалавек знаходзіцца на бальнічным як мінімум паўтара месяца. Пры пераломе ладыжак аднаўленне займае 2,5-3 месяцы.
Як правіла, зімовыя непрыемнасці чакаюць нас у месцах, дзе холад сустракаецца з цяплом, напрыклад, на ганку пад’езда. Нярэдка мы ідзём не па расчышчаных дарожках, а больш кароткімі сцежкамі — часта гэта кароткі шлях да траўматолага.
Каб не ўпасці
Урач падзяліўся яшчэ некалькімі правіламі, захаванне якіх дапаможа пазбегнуць падзенняў і цяжкіх траўм у галалёд:
• абутак павінен адпавядаць надвор’ю, пажадана, каб падэшва была рабрыстая. Жанчынам лепш цалкам адмовіцца ад высокіх абцасаў і шпілек;
• ісці па слізкім тратуары трэба павольна, кароткімі крокамі;
• падаць пажадана на бок, з выцягнутай рукой, як гэта робяць фігурысты;
• падаючы, нельга выстаўляць у бакі рукі ці ногі — у гэтым выпадку яны прымаюць на сябе ўсю сілу ўдару.
Па словах спецыяліста, першае, што трэба зрабіць пры няўдалым прызямленні, — ацаніць сітуацыю.
— Пры траўміраванні ніжніх канечнасцяў не варта спрабаваць устаць самастойна — азірніцеся вакол, побач могуць быць мінакі, якія дапамогуць, — адзначыў Андрэй Ярашэвіч. — Не варта звяртацца ў першую лячэбную ўстанову, якая трапілася. Цяпер ва ўсіх ёсць мабільныя тэлефоны — набірайце 103! Супрацоўнікі «хуткай» ведаюць, куды вас даставіць, бо не ў кожным шпіталі змогуць аказаць медыцынскую дапамогу траўміраваным
У асноўным траўмы ў галалёд атрымліваюць 20—49-гадовыя людзі, прычым часцей мужчыны, чым жанчыны. Але найбольш уразлівай катэгорыяй з’яўляюцца пажылыя людзі. Падзенні ў такім узросце прыводзяць да сур’ёзных траўм, у першую чаргу тазасцёгневых суставаў. І ў амаль 90 % выпадкаў гэта азначае аператыўнае лячэнне і замену сустава ці імплантацыю прыстасавання, якое будзе фіксаваць абломкі. Праўда, не кожнаму пацыенту ў такім узросце магчыма зрабіць гэту аперацыю, таму пажылым людзям рэкамендуецца пры хадзьбе выкарыстоўваць палку, прычым зімовыя іх варыянты аснашчаны адмысловым штыром, які дапаможа ўтрымліваць раўнавагу.
Алена КРАВЕЦ