Адзіны ў сістэме ФПБ санаторый, які арыентаваны выключна на адпачынак і аздараўленне дзяцей, — «Свіслач» — сёлета адзначае сваё 50-годдзе. За гады працы, спалучаючы лячэбныя праграмы з адукацыйным працэсам, ён стаў важным звяном у развіцці дзіцячага аздараўлення Беларусі.
Так, юбілей дзіцячая здраўніца адзначыла цыклам святочных мерапрыемстваў. Арганізацыя спектакля для дзяцей — першы падарунак ад прафсаюзаў. Яркую і добрую пастаноўку ўбачылі ўсе дзеці, якія гэтымі днямі праходзяць аздараўленне. Яшчэ адзін сюрпрыз падрыхтавала Маладзёжны савет ФПБ. Прафсаюзная моладзь заклала алею са 150 дрэў на тэрыторыі здраўніцы. Заключным акордам святочных мерапрыемстваў стаў урачысты сход, на якім кіраўніцтва Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі адзначыла калектыў санаторыя — тых, хто сваёй штодзённай працай дапамагае дзецям з карысцю і ў задавальненне праводзіць час у здраўніцы.

Дзіцячы санаторый — месца прыцягнення хлопчыкаў і дзяўчынак з усёй краіны. Тут спалучаюцца прыродныя фактары і сучасныя медыцынскія тэхналогіі, што дае магчымасць дабівацца ўстойлівых вынікаў у аздараўленні. Але не менш важна — уклад калектыву, які штодня знаходзіцца побач з дзецьмі. Многія супрацоўнікі працуюць у аздараўленчай установе практычна з дня яе заснавання. Гэта медыцынскі персанал, педагогі — кожны з цеплынёй і ўсёй душой штогод прымаюць рабят як з усіх рэгіёнаў нашай краіны, так і з іншых краін.
— Дзеці — гэта наша будучыня. І Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі ўдзяляе асаблівую ўвагу гэтаму санаторыю. У нас распрацавана праграма на 5 гадоў па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўсіх здраўніц сістэмы ФПБ. І для «Свіслачы» у тым ліку. Каб калектыў санаторыя з задавальненнем тут працаваў, а дзеці з радасцю прыязджалі адпачываць, — адзначыла намеснік старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Валянціна Акудовіч.
Трэба адзначыць, што дапамога ў арганізацыі аздараўлення падрастаючага пакалення — адзін з найважнейшых напрамкаў работы Федэрацыя прафсаюзаў. Гэта і патанненне кошту пуцёвак у аздараўленчыя лагеры, санаторыі, і падтрымка саміх устаноў, на якіх дзеці праходзяць аздараўленне.

Каб адпавядаць сучасным патрабаванням, запытам людзей, важна пастаянна развівацца і выходзіць на новы ўзровень арганізацыі аздараўлення. Дарэчы, у прафсаюзным дзіцячым санаторыі за апошні час зроблена нямала. Толькі сёлета было набыта 6 новых сучасных фізіятэрапеўтычных апаратаў, дзякуючы якім укаранёны новыя паслугі. Напрыклад, аэраіянізацыя, якая паляпшае работу дыхальнай сістэмы і ў цэлым умацоўвае імунітэт.

Юбілей стаў яшчэ адной адпраўной кропкай для далейшага развіцця. Санаторый працягне ўмацоўваць свае пазіцыі, пашыраць магчымасці для яшчэ больш якаснага лячэння і адпачынку. Да канца года пры падтрымцы ФПБ у санаторыі з’явіцца новы гульнявы пакой, абновіцца музычная апаратура ў актавай зале і некаторыя пазіцыі ў харчаблоку. А ў 2026 годзе пройдзе маштабная мадэрнізацыя медыцынскага абсталявання. У прыватнасці, гэты працэс закране бальнеялагічныя ванны, фізіятэрапеўтычныя апараты, стаматалагічны кабінет, залу лячэбнай фізкультуры.
Даведачна:
«Свіслач» — адзіны санаторый ФПБ для аздараўлення і рэабілітацыі дзяцей з захворваннямі органаў дыхання, стрававання, нервовай і сардэчна-сасудзістай сістэм, які знаходзіцца на радовішчы мінеральных вод. Вада прымяняецца для піцця ў бювеце, мінеральных ваннаў і нават напаўнення плавальнага басейна. Санаторый размяшчаецца ў Асіповіцкім раёне: чыстае паветра, аддаленасць ад буйных гарадоў і цудоўны ландшафт дапаўняюць лячэбны эфект. Здраўніца працуе круглы год для дзяцей ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў.
Алена КРАВЕЦ