Жарсці вакол абавязковых узносаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва кіпяць у пастах і каментарыях у сацыяльных сетках пастаянна. Новая хваля такіх абмеркаванняў узнялася, калі ФСАН разаслаў індывідуальным прадпрымальнікам і самазанятым смс-паведамленні з напамінам аплаціць страхавыя ўзносы за 2025 год.
Дзіву даешся, наколькі недасведчаныя бываюць грамадзяне, не суадносячы існуючыя нормы заканадаўства з рэаліямі, якія датычацца непасрэдна іх. Многія не разбіраюцца ў парадку падліку і ролі страхавога стажу. Памылковыя версіі незадаволеных прыватнымі «адкрыццямі» ўводзяць у зман аўдыторыю і тым самым ствараюць негатыўны фон вакол аднаго з фактараў, які ўплывае на ўзнікненне права на будучую пенсію.
Патлумачыць чытачам, што ж такое страхавы стаж, як ён фарміруецца і на што ўплывае, нам дапамагла начальнік галоўнага ўпраўлення пенсіённага забеспячэння Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алена Гомарава.
Улічваецца ўзровень зарплаты
— Пад страхавым стажам трэба разумець сукупную працягласць адрэзкаў працоўнай дзейнасці, калі ажыццяўляліся абавязковыя страхавыя адлічэнні ў ФСАН, — патлумачыла Алена Гомарава. — Наймальнік абавязаны выплачваць іх за ўсіх супрацоўнікаў, з якімі заключаны кантракт або працоўны дагавор у аб’ёме 34 % ад налічанага заробку работніка, яшчэ 1 % выплачвае сам работнік. Індывідуальныя прадпрымальнікі і плацельшчыкі падатку на прафесійны даход (самазанятыя) робяць узносы самастойна, адразу за год.
Менавіта таму, што падчас вучобы на дзённых аддзяленнях навучальных устаноў і падчас атрымання дапамогі па беспрацоўі, падчас догляду за дзецьмі ва ўзросце да трох гадоў, дзецьмі-інвалідамі, інвалідамі І групы, асобамі, якія дасягнулі
80-гадовага ўзросту, а таксама падчас ваеннай службы абавязковыя страхавыя адлічэнні ў ФСАН не рабіліся, гэтыя перыяды немагчыма ўключыць у страхавы стаж, як прапануюць канапныя эксперты. Выключэнне складае час тэрміновай ваеннай службы пасля 1 студзеня 2020 года — з гэтай даты страхавыя ўзносы за ваеннаслужачых тэрміновай службы аплачваюцца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту.
Важна, што ўсе гэтыя перыяды ўлічаць пры вызначэнні агульнага стажу работніка, які ўплывае на памер пенсіі.
Гады не знікаюць
Не маюць падставы і здагадкі, быццам улік адлічэнняў у ФСАН вядзецца толькі з 2003 года, а папярэднія гады працы анулююцца — і чалавек трапляе ў пенсіённую пастку. З названай даты вядзецца цэнтралізаваны электронны рэсурс, які ўтрымлівае звесткі аб працоўнай дзейнасці кожнага грамадзяніна. Гэта прыносіць пэўную палёгку: за перыяд работы з гэтага часу не трэба прыносіць даведкі аб стажы і зарплаце, бо такія звесткі ўжо ёсць у сістэме.
У стаж да 1 ліпеня 1998 года ўключна залічваюць перыяды, адлюстраваныя ў працоўнай кніжцы або пацверджаныя даведкай з месца работы. А вось за перыяд з 1 ліпеня 1998 года да 1 студзеня 2003-га для разліку стажу і пенсіі неабходныя таксама даведкі аб зарплаце: з 2025 года пенсія вылічаецца з заробку за апошнія 30 гадоў агульнага стажу работы.
Галоўнае, што трэба ўсвядоміць: перыяд работы да 2003 года не знікае.
Залічваецца прапарцыянальна ўзносам
Страхавы стаж павінен складаць 20 гадоў як для жанчын, так і для мужчын. І вось тут многія ўводзяцца ў зман, калі лічаць: я адпрацаваў поўны год, значыць, і мой страхавы стаж складае адзін год. Або іншая крайнасць: у тым жа ТіkTok некаторыя «эксперты» сцвярджаюць, быццам у страхавы стаж не залічваюцца перыяды, калі чалавек знаходзіўся на бальнічным, у водпуску ці працаваў не на поўную стаўку. Гэта памылка!
Страхавы стаж залічваецца прапарцыянальна выплачаным у ФСАН узносам. Для залічэння поўнага года страхавога стажу ўзносы павінны быць зроблены не менш чым з 12 мінімальных заработных плат за год да выліку падаткаў. Напрыклад, з 1 студзеня да 1 кастрычніка 2025 года МЗП складала 726 рублёў, з 1 кастрычніка да 31 снежня — 752,52 рубля. Адпаведна, для залічэння ў стаж поўнага года агульная сума ўзносаў у ФСАН за год павінна складаць не менш як 3 тыс. 77,14 рубля.
Калі ж яна меншая, прычынамі чаго могуць быць занятасць на няпоўную стаўку ці зменшаная згодна з заканадаўствам аплата бальнічнага лістка, страхавы стаж будзе залічаны не поўнасцю, а з прымяненнем паніжаючага каэфіцыента. Няведанне гэтых нюансаў і параджае чуткі аб тым, што перыяд работы «кудысьці знікае».
— Наяўнасць устаноўленага страхавога стажу 20 гадоў разам з такімі ўмовамі, як наяўнасць агульнага стажу 20 гадоў для жанчын і 25 для мужчын і дасягненне ўзросту адпаведна 58 і 63 гады з’яўляюцца абавязковымі ўмовамі для пачатку выплаты пенсіі, — засяродзіла ўвагу Алена Гомарава. — Памер жа працоўнай пенсіі па ўзросце залежыць ад памеру папярэдняй зарплаты, з якой ажыццяўляліся адлічэнні ў ФСАН, а таксама працягласці працоўнага стажу.
Памылкова сцвярджаць, што перыяды, калі чалавек знаходзіўся на бальнічным або ў водпуску, не залічваюцца ў страхавы стаж.
Каб у стаж — поўны год
ФСАН разаслаў смс-паведамленні з напамінам аплаціць страхавыя ўзносы за 2025 год да 31 сакавіка 2026 года індывідуальным прадпрымальнікам, натарыусам, адвакатам, рамеснікам і самазанятым. Узносы складаюць 35 % ад даходу, які вызначаецца самастойна, але не менш чым з 12 «мінімалак» за год.
Для плацельшчыкаў падатку на прафесійны даход або самазанятых аплата з’яўляецца добраахвотнай. Абавязковыя ўзносы складаюць 6 % ад даходу. Для залічэння ж страхавога стажу трэба даплаціць да ўзроўню 35 %, або яшчэ 29 % ад 12 МЗП за год: не менш як 210,54 рубля за студзень — верасень і 218,23 рубля за кастрычнік — снежань 2025 года. Калі атрыманае паведамленне праігнараваць, стаж будзе залічаны прапарцыянальна выплачанай суме.
Для прадпрымальнікаў аплата 35 % ад МЗП у ФСАН абавязковая. Ігнараванне паведамлення, акрамя незалічэння стажу, цягне такое наступства, як штраф.
Поўная ж аплата страхавых узносаў дапамагае сфарміраваць страхавы і працоўны стаж, атрымаць права на пенсію або іншыя сацыяльныя выплаты. Асабліва важна разгледзець даплату тым, у каго падатак на прафдаход быў адзінай крыніцай даходу, ці тым, хто сумяшчаў некалькі варыянтаў занятасці, але агульная сума ўзносаў, якія паступілі ў ФСАН, за год склала менш за 2549,55 рубля.ФСАН — фонд, з якога выплачваюцца працоўныя пенсіі сённяшнім пенсіянерам, дапамогі па часовай непрацаздольнасці, цяжарнасці і родах, па догляду за дзіцём да трох гадоў, на пахаванне.
Святлана ЯКАЎЛЕВА