Упраўленне інфармацыі і грамадскіх сувязяў Нацыянальнага банка нашай краіны звяртае ўвагу на высокую верагоднасць росту актыўнасці махляроў у навагоднія святы.
Спецыялісты Нацбанка паведамляюць, што для падману грамадзян цяпер часцей за ўсё выкарыстоўваюцца наступныя ашуканскія схемы:
— «інвеставанне» ў вядомыя беларускія кампаніі (у тым ліку з выкарыстаннем крыптавалюты);
— «купля» тавараў па нізкіх цэнах у сацсетках і месенджарах;
— выкананне даручэнняў «кіраўніка» (схема «Fake Boss»).
Як менавіта працуюць гэтыя схемы і як не стаць лёгкай здабычай ашуканцаў?
Схема 1. «Інвеставанне» ў вядомыя беларускія кампаніі.
У сетцы інтэрнэт размяшчаюцца прапановы інвеставаць грошы ў дзейнасць буйнога беларускага прадпрыемства. Для куплі акцый або аблігацый вядомага брэнда трэба зарэгістравацца на прапанаванай анлайн-платформе, увёўшы даныя, з дапамогай якіх ашуканцы атрымліваюць доступ да вЙашага банкаўскага рахунку.
Як не папасціся на гэты выкрут?
Праверце інфармацыю аб прапанаванай схеме інвеставання ў некалькіх крыніцах (афіцыйныя сайты прадпрыемстваў, дзяржаўных органаў, сродкаў масавай інфармацыі);
— не прымайце хуткіх рашэнняў, асабліва калі на вас аказваюць ціск або прыспешваюць. Вазьміце паўзу, каб абдумаць прапанову, вывучыць інфармацыю, пракансультавацца з дасведчанымі людзьмі;
— не пераходзьце па падазроных спасылках, асабліва з незнаёмых адрасоў, якія заклікаюць здзейсніць інвестыцыі.
Схема 2. «Купля» тавараў па нізкіх цэнах у сацсетках і месенджарах.
Увага! Патэнцыйных ахвяр ашуканцы прыцягваюць акцыямі, зніжкамі. Згадваючы пра тое, што колькасць тавару абмежавана, прыспешваюць з купляй і прапануюць перавесці перадаплату за «дэфіцытны» тавар. Вынік — ні тавару, ні грошай.
Чаго не трэба рабіць?
- не пераводзьце перадаплату да атрымання тавару;
- пашукайце рэальныя водгукі аб прадаўцу;
- ніколі не пераходзьце па невядомых спасылках для аплаты тавару.
Схема 3. Выкананне даручэнняў «кіраўніка» (схема «Fake Boss»).
Ашуканцы пранікаюць у чаты працоўных калектываў у месенджарах, збіраюць інфармацыю аб арганізацыі і кіраўніках, ствараюць уліковыя запісы ад іх імя. Далей з дапамогай фэйкавага акаўнта кіраўніка яны ўступаюць у перапіску з падначаленымі і, выкарыстоўваючы давер да начальніка, даюць пэўныя ўказанні.
Напрыклад, чалавек атрымлівае паведамленне ад нібыта свайго кіраўніка аб званку ад «супрацоўніка праваахоўных органаў». Затым уяўны праваахоўнік паведамляе ахвяры аб яе ўцягнутасці ў ашуканскую схему і рэкамендуе перавесці сродкі на «бяспечныя» рахункі. Далей у гульню ўступае «супрацоўнік банка», які раіць прадаць маёмасць або аформіць крэдыт. Ашуканы грамадзянін прытрымліваецца інструкцый і пераводзіць грошы на паказаны ашуканцамі рахунак.
Як паступаць у гэтым выпадку?
Звярніце ўвагу на нумар тэлефона і назву акаўнта, з якога паступіла паведамленне, паспрабуйце звярнуцца з вядомымі вам кантактнымі данымі, пры неабходнасці ўдакладніце іх сапраўднасць у калег;
— паспрабуйце асабіста звязацца з кіраўніком па вядомым вам нумары тэлефона і ўдакладніце, ці паступалі ад яго распараджэнні.
У кожнай сітуацыі захоўвайце разважлівасць, халодную галаву, не паддавайцеся эмоцыям, а галоўнае — не давайце нікому канфідэнцыяльную інфармацыю.