Наяўныя грошы ў сучасным выкананні
На гэтым тыдні на пасяджэнні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах абмеркавалі праект Закона «Аб змяненні законаў па пытаннях лічбавага беларускага рубля». Гэты нарматыўна-прававы акт фактычна легалізуе новую форму нацыянальнай валюты — лічбавую.
Па сваёй сутнасці лічбавы рубель з’яўляецца поўным аналагам наяўнай валюты. Яе эмітуе Нацыянальны банк, фактычна беручы на сябе адказнасць такую ж, як і за наяўную, нам усім звыклую, форму грашовых адзінак. Па вялікім рахунку, розніца паміж лічбавым і наяўным рублём заключаецца ў тым, што пацвярджэннем валодання грашыма з’яўляецца не купюра або манета, а лічбавы код, які захоўваецца на лічбавай платформе Нацыянальнага банка. Праз яго здзяйсняюцца і транзакцыі.
Чым адрозніваецца лічбавы рубель ад безнаяўных грошай або крыптавалюты?
Ключавое і вельмі істотнае адрозненне ў тым, што лічбавы рубель з’яўляецца абавязацельствам Нацыянальнага банка, які выступае адзіным яго эмісійным цэнтрам.
Безнаяўныя грошы — гэта абавязацельства канкрэтнага камерцыйнага банка, у якім у кліента адкрыты рахунак. Напрыклад, калі вы яго папаўняеце і кладзяце на рахунак наяўныя сродкі, то з фінансавага пункту гледжання вы абменьваеце абавязацельствы Нацбанка (наяўныя) на абавязацельствы банка (запіс у яго рэестры аб валоданні пэўнымі сродкамі). Адпаведна, лічбавы рубель для спажыўцоў з’яўляецца больш надзейным, бо Нацыянальны банк адказвае за яго напрамую. А рэгулятар заўсёды выконвае свае абавязацельствы. Банкруцтва эмісійнага цэнтра немагчыма нават тэарэтычна.
Член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах Аляксей Райко лічыць, што лічбавы беларускі рубель будзе зручны грамадзянам як сродак плацяжу. Паводле слоў дэпутата, канцэпцыя лічбавага беларускага рубля была зацверджана яшчэ ў 2024 годзе. Усе падрыхтоўчыя работы, якія выконвалі супрацоўнікі Нацыянальнага банка, а таксама профільныя спецыялісты, ляглі ў аснову дэмаверсіі праграмнага забеспячэння для ўкаранення лічбавага беларускага рубля. Сёння каля 130 краін, якія прадстаўляюць 98 % сусветнай эканомікі, ужо прыступілі да распрацоўкі лічбавых версій нацыянальных валют. У ліку лідараў — Кітай, Індыя, Расія.
«Беларускі лічбавы рубель дазволіць для дзяржавы забяспечыць празрыстасць усіх плацяжоў.
Для грамадзян гэта бяспека, для бізнесу — доступ да сваіх фінансавых рэсурсаў 24/7», — сказаў Аляксей Райко.
Пра сутнасць і магчымасці выкарыстання лічбавай нацыянальнай валюты распавёў першы намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Аляксандр Ягораў. Ён адзначыў: лічбавыя валюты — адносна новае паняцце ў сучасных фінансах. Яно стала вынікам асваення нацыянальнымі банкамі новых тэхналогій, у прыватнасці блок-чэйна, на выкарыстанні якога грунтуюцца лічбавыя валюты.
Аляксандр Ягораў патлумачыў: лічбавы рубель з’яўляецца яшчэ адной формай грошай. Яго эмітэнтам выступае Нацыянальны банк, як і папяровых банкнотаў і манет. Але лічбавы рубель існуе ў выглядзе пэўных кодаў, якія генерыруе лічбавая платформа Нацыянальнага банка. Па гэтым лічбавым кодзе можна прасачыць усе транзакцыі, у якіх прыняў удзел канкрэтны лічбавы рубель, фактычна ўсю гісторыю яго абарачэння. Аляксандр Ягораў удакладніў: гэтая асаблівасць дае шырокія магчымасці для цэнтральных банкаў, органаў дзяржаўнага кіравання, бізнесу і грамадзян.
У прыватнасці, бізнес зможа актыўна выкарыстоўваць смарт-кантракты.
У Беларусі ўжо дзейнічае сістэма электронных накладных: пры перадачы па іх тавару здзелка падмацоўваецца электронным лічбавым подпісам.
Пры смарт-кантракце лічбавы кашалёк суб’екта гаспадарання наладжваецца такім чынам, што пры здзяйсненні тых ці іншых дзеянняў аўтаматычна адбываецца аплата.
Напрыклад, калі тавар паступіў на склад, то адбываецца транзакцыя ў аўтаматычным рэжыме.
Таксама Аляксандр Ягораў адзначыў, што лічбавы рубель дае шырокія магчымасці для кантролю мэтавага выкарыстання сродкаў.
Скажам, калі Міністэрства фінансаў (ці іншы орган дзяржаўнага кіравання) вылучае сродкі на інвестыцыі, то ў лічбавым выкананні будзе лёгка прасачыць, каб яны не выкарыстоўваліся на іншыя сродкі. Скажам, куплю валюты. Таксама калі дзяржава выдзяляе субсідыі грамадзянам на пэўныя мэты (скажам, аздараўленне), то лічбавая форма грошай дазваляе прасачыць, каб яны былі выдаткаваны менавіта на гэтыя сродкі. Па словах Аляксандра Ягорава, паскорыцца хуткасць плацяжоў і ўнутры краіны, і паміж дзяржавамі — опцыя палягчэння трансгранічных плацяжоў закладзена ў канцэпцыі беларускага лічбавага рубля.
Першы намеснік старшыні праўлення Нацбанка дадаў: цяпер праходзіць стадыя распрацоўкі праграмнага забеспячэння. З 1 ліпеня 2026 года плануецца ўвайсці ў этап доследна-прамысловай эксплуатацыі, якая дазволіць адпрацаваць канкрэтныя кейсы па ўсіх сістэмах функцыянавання лічбавага рубля. Будзе ўстаноўлена канкрэтная дата, да якой усё заканадаўства павінна быць гатова да шырокага выкарыстання лічбавай валюты.
Уладзімір ВАЛЧКОЎ