Top.Mail.Ru
187

Тэатр з Алматы прадставіў на фестывалі «Белая Вежа» спектакль пра гісторыю казахскага народа

Казахстанскі дзяржаўны акадэмічны тэатр для дзяцей і юнацтва імя Г. Мусрэпава з Алматы прадставіў 8 верасня на міжнародным тэатральным фестывалі «Белая Вежа» спектакль аб гісторыі казахскага народа, паведамляе БелТА.



Брэст і Алматы падзяляюць амаль 5 тыс. км. Калектыў Казахстанскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра для дзяцей і юнацтва пераадолеў такую вялікую адлегласць, каб далучыцца да фестывалю, які сёлета праходзіць 29-ы раз. «Для нас гэта важна, таму што столькі шмат гадоў фестываль ужо існуе. Для нас вялікі гонар быць часткай гэтай гісторыі», — падкрэсліла балетмайстар Салтанат Беймішава. 

Калектыў з Алматы прывёз на «Белую Вежу» спектакль «Улпан». Ён расказвае не толькі пра лёс прыгожай жанчыны, але яшчэ і пра жыццёвы шлях казахскага народа. Гэта сумная гісторыя аб спробе змяніць стэпавае жыццё. «Нам было важна не проста паказаць спектакль, а ў прынцыпе наша спадчына казахская, нашу культуру. Адчуваем вялікую адказнасць як прадстаўнікі нашага народа. За мяжой чамусьці гэта нават вастрэй адчуваецца. У „Улпан“ мы паказваем, як мяняўся час. Хочацца кожную дэталь, атмасферу перадаць больш дакладна, ярчэй», — растлумачыла Салтанат Беймішава, якая ў гэтай пастаноўцы з’яўляецца яшчэ і памочнікам рэжысёра. 

У пастаноўку гарманічна ўплецены народныя песні і сучасныя кампазіцыі (напрыклад, Майкла Джэксана, Мэраі Кэры і Уітні Х’юстан). «Сама па сабе казахская культура, можна сказаць, складаная, каб яе зразумець да канца. Тым самым мы знаходзім мост да сучаснага свету, каб гэта было больш даступнае, каб людзі разумелі нават без ведання казахскай мовы. У гэтым унікальнасць гэтага спектакля», — заўважыла памагаты рэжысёра. 

Артысты з Казахстана прыехалі ў Брэст 6 верасня. Яны ўжо паспелі крыху пазнаёміцца з Беларуссю. «Учора ездзілі ў Белавежскую пушчу на экскурсію, былі ў Музеі народнага побыту. Было вельмі класна. Горад (Брэст. — Заўв. БелТА) спадабаўся. Ён у вас такі ціхі, спакойны, чысты. Мы ў захапленні», — падзялілася ўражаннямі выканаўца адной з галоўных роляў у спектаклі «Улпан» Рабіна Бельгібаева.

Міжнародны тэатральны фестываль «Белая Вежа» праходзіць з 5 па 12 верасня. За гэты час гледачы ўбачаць 29 спектакляў у выкананні тэатраў з Беларусі, Расіі, Казахстана, Кыргызстана, Арменіі і Таджыкістана.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю