Ужо заўтра пачынаюцца выступленні знакамітага калектыву ў межах «Гастрольнага лета» ў Вялікім тэатры Беларусі.
Асаблівасць балетмайстра Эйфмана — ён заўсёды засяроджаны на чалавеку. Для яго мае значэнне не толькі эстэтычная прыгажосць і знешняя форма — а гэта сучасны балет. Ён праз харэаграфію імкнецца выявіць сэнс, шукае вобразы, якія гавораць пра важныя рэчы і з’явы. Адсюль яго цікавасць да літаратурных твораў, якія Барыс Якаўлевіч перакладае на мову харэаграфіі. Вельмі трапна і ўдала — адзначаюць тыя, хто ўжо мог бачыць гэтыя два балеты, а таксама іншыя, што створаны паводле няпростых кніг рускіх пісьменнікаў. І найперш гэта кнігі Дастаеўскага.
А ў Эйфмана ёсць балеты «Ідыёт», «Карамазавы» і «Злачынства і пакаранне». Чытаць не кожны возьмецца, а тут — балет. А насамрэч, гэтая формула можа спрацаваць роўна наадварот: паглядзеўшы балет (то бок аўтарскую — адмысловую, эфектную аўтарскую інтэрпрэтацыю літаратурнага твора), можа быць захочацца адкрыць кнігу. Таму што Барыс Эйфман не проста перадае змест, а імкнецца знайсці адказы на некаторыя пытанні, што жывуць унутры кожнага чалавека. А праз якіх герояў мы шукаем (ці бачым) адказы — глядач можа зразумець цягам дзеі, ці пасля, калі больш грунтоўна паглыбіцца ў раман. Напачатку гастрояляў — 15 і 16 ліпеня паказы балету «Злачынства і пакаранне» (на музыку Г. Малера, Б. Цішчанкі).А ў наступныя два дні (18 і 19) ёсць магчымасць паглядзець балет «Ганна Карэніна» (на музыку П. Чайкоўскага). Гэта цікава яшчэ і таму, што ў беларускім тэатры ёсць свая сучасная пастаноўка паводле гэтага твора Льва Талстога — фактычна гэта пераклад рамана на мову балета, з захаваннем сюжэтных ліній. У Барыса Эйфмана заўсёды і на ўсё свой погляд: увага харэографа засяроджана на любоўным трохкутніку. І тут вельмі цікава зразумець, на чыім ён баку: ці апявае пачуцці, імкнучыся зразумець Ганну, якая прынесла ў ахвяру сям’ю і любоў да чына? Ці спачувае галоўнай гераіні? Ці папярэджвае, што гуляць з пачуццямі небяспечна? І дзеля чаго?... Гаворка тут не столькі пра герояў Талстога, колькі наогул пра сітуацыю выбару для жанчыны, незалежна ад часу, у які яна жыве.
Сустрэчы з тэатрам Барыса Эйфмана — заўсёды цікавыя, таму што гэта адметная харэаграфія і высокі ўзровень выканальніцкага майстэрства. Паводле папярэдніх такіх сустрэч з трупай з Санкт-Пецярбургу беларуская публіка ўжо магла пазнаёміцца з адмысловымі «літаратурнымі» балетамі і зразумець, што балет — гэта не проста прыгажосць, але глыбіня і нават філасофія. Не верыце?.. Можаце паглядзець і ўпэўніцца самі.
Ларыса ЦІМОШЫК