У археалагічным музеі «Бярэсце» — філіяле Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея — 15 жніўня правядуць мерапрыемства да Дня археолага, паведамляе БелТА
Наведвальнікаў запрашаюць прыйсці да 17.00. У гэты час адкрыецца выстава скульптурных і графічных работ «Сувязь часоў». Затым гасцям прапануюць паўдзельнічаць у квэсце і інтэрактыўным занятку для дзяцей «Займальная археалогія». Самае цікавае пачнецца бліжэй да 18.00 - археалагічная экскурсія па прылеглай да «Бярэсця» тэрыторыі (збор каля музея). Спецыялісты раскажуць, дзе і калі праходзілі першыя раскопкі, што раней знаходзілася на гэтай тэрыторыі, версіі знаходжання берасцейскіх вежаў і многае іншае.
«Бярэсце» -- унікальны музей. Ён створаны на месцы дзяцінца старажытнага горада, дзе навукоўцы пад кіраўніцтвам Пятра Лысенкі падчас раскопак выявілі драўляныя пабудовы XI--XIII стагоддзяў. Аналагаў брэсцкаму археалагічнаму музею няма ў Еўропе. Гэта раскоп з закансерваванымі пабудовамі горада ў тым выглядзе, у якім ён праляжаў з ХІІІ стагоддзя і якім яго знайшлі археолагі ў 1960--1970-я гады. Дзякуючы гэтаму зразумела, як жылі нашы старажытныя продкі і чым займаліся. Прымае наведвальнікаў «Бярэсце» з 1982 года.
Першыя раскопкі на месцы старажытнага горада пачалі праводзіць ваенныя ў перыяд паміж Першай і Другой сусветнымі войнамі. Пра гэта вядома з успамінаў ваеннага інжынера Томаша Жук-Рыбіцкага. Аказаўшыся ў нямецкім палоне, ён рабіў запісы ў дзённіку, які потым сваякі перадалі ў Брэсцкую абласную бібліятэку імя М. Горкага. Дарэчы, на падставе гэтых даных у 2013 годзе шукалі падмурак Берасцейскага замка, але беспаспяхова.
Калі ўжо за справу ўзяліся прафесійныя археолагі, яны не адразу знайшлі месца, дзе апынуўся дзяцінец старажытнага горада. Пётр Лысенка першы шурф заклаў за валамі за некалькі соцень метраў ад сучаснага будынка музея. Там былі знойдзены першыя знаходкі. Вучоны доўга разважаў, дзе варта праводзіць раскопкі. Цана была высокай: памылка б азначала кропку ў гэтым пытанні. У выніку прафесійнае чуццё падказала выбраць участак каля зліцця рэк, на глыбіні былі выяўлены пабудовы. Гэта стала сенсацыяй, паколькі яны так добра захаваліся.
Безумоўна, зямля захоўвае ў сабе яшчэ шмат таямніц аб старажытным Бярэсці. Брэстаўчане не выключаюць, што раскопкі калісьці могуць быць працягнуты. Для гэтага патрэбна мэтанакіраваная праграма. «Калі праводзілі раскопкі, было выяўлена 7 м культурнага пласта, самыя старажытныя пабудовы датаваліся XI стагоддзем. Зразумела, што драўляныя пабудовы і, адпаведна, розныя археалагічныя артэфакты падчас правядзення новых раскопак будуць выяўлены. Самае галоўнае пытанне - трэба не толькі фінансаванне, але і разуменне, што рабіць з пабудовамі (іх трэба кансерваваць), як гэта будзе экспанавацца. У музеі цяпер прадстаўлена 28 пабудоў, а за час раскопак у 1968--1981 гадах было знойдзена 224 рознай ступені захаванасці», — звярнулі ўвагу ў Археалагічным музеі. Перыядычна знаходкі робяць дагэтуль, у тым ліку ў самім раскопе.
Як лічаць археолагі, знойдзены квартал рамеснікаў Бярэсця. «Ёсць яшчэ квартал, дзе пражывалі купцы, месца, дзе пражываў намеснік. Не знойдзены падмурак замка, ніводная вежа (а іх тут было пяць). Шмат пытанняў, якія застаюцца адкрытымі, недаследаванымі. Верагодна, гэта было б вельмі цікава», — падсумавалі ў «Бярэсці».