Top.Mail.Ru

Таямніцы існавання — у дэталях

Вандроўка па незнаёмым маршруце — выбар найперш тых, хто любіць адкрываць новае, умее арыентавацца ў любых абставінах і ніколі не страчвае інтарэсу да жыцця. А калі нам трапляецца цікавая кніга, то гэта якраз добрая магчымасць усё вышэйадзначанае знайсці пад адной вокладкай. Адзінае — пункты на карце ведае толькі аўтар, а чытачу выпадае нагода прайсці па іх у добрай кампаніі. У чарговай падборцы кніжных навінак Выдавецкага дома «Звязда» вы дакладна знойдзеце вартыя прапановы.


Штрыхі да партрэтаў выдатных землякоў

photo_2025-10-09_15-53-31.jpg

Сярод навінак таксама звяртае на сябе ўвагу кніга «Вядомыя людзі Беларусі ў партрэтах і нарысах» Ірыны Аўсеп’ян. 

У аснову яе пакладзены публіцыстычны праект газеты «СБ. Беларусь сегодня», прысвечаны асобам, якія зрабілі неацэнны ўнёсак у развіццё дзяржавы, культуры і літаратуры. Шматгранная дзейнасць кожнага з іх, а таксама знакавыя творы, прызнаныя класікай, сталі сімвалам бескарыслівага служэння Радзіме. І менавіта пра гэтых людзей распавядаецца ў нарысах Ірыны Аўсеп’ян. На старонках гэтай кнігі разам з аўтарам чытачы згадаюць Аляксея Дударава, Івана Навуменку, Васіля Шаранговіча, Кузьму Чорнага, Стэфанію Станюту і многіх іншых. Усе яны аб’яднаны служэннем беларускай культуры. «У вёсцы я чуў толькі беларускую мову. Вось чаму мне так запала яна ў душу і сэрца. Некаторыя дзівяцца: „Вы ніколі не вучыліся ў беларускіх школах, пражылі бадай усё жыццё за межамі Беларусі, а мову ведаеце“. Як жа яе не ведаць, калі яна родная?» — так пачынаецца нарыс пра Уладзіміра Дубоўку, што адразу вельмі трапна характарызуе гэтага майстра слова, паэта, чые жыццё і лёс — як партрэт цэлага пакалення, якому выпала шмат выпрабаванняў і перамен. 

І кожны нарыс, партрэт у кнізе дае вельмі яркае ўяўленне пра людзей, якія згадваюцца ў іх. А мастак Алег Карповіч дапамагае яшчэ і «зазірнуць у вочы» героям кнігі.

Замак з прыгодамі

photo_2025-10-09_15-07-18.jpg

Аднайменная аповесць Алены Гнявушавай знаёміць чытачоў з цікавай гісторыяй незвычайных прыгод. Тут у гераіню можа закахацца прывід, давядзецца сутыкнуцца са зладзеямі, а нянька можа аказацца вядзьмаркай і пры гэтым бацькі застануцца за сотні кіламетраў... Але як добра ўсё ў нашых блізнят пачыналася! Сёстры і падумаць не маглі, што вандроўка ў адзін з самых папулярных замкаў Англіі поўнасцю зменіць іх жыццё. І там ужо ад дарослых не дачакаешся дапамогі, таму дзяўчатам трэба самастойна праводзіць расследаванне, вучыць заклінанні, знаходзіць сяброў і адшукваць таемныя хады. А калі ўлічыць, што, верагодна, на замак накладзена закляцце, то застаецца толькі адно — пажадаць героям удачы!.. Дынамічны сюжэт, жывая мова і каларытныя героі дакладна не дадуць засумаваць вам і вашым дзецям.

Алена ДРАПКО

Чытайце таксама: «Літаратурны Алімп Беларусі» прайшоў ужо ў дзявяты раз

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю