Top.Mail.Ru

Татарыновіч: Мы разумеем усю важнасць пытання ўстойлівага развіцця

У чацвер, 12 лютага, Нацыянальны каардынатар па дасягненні Мэт устойлівага развіцця, міністр фінансаў Беларусі Уладзіслаў Татарыновіч з рабочым візітам наведаў Лагойскі раён Мінскай вобласці. Як развіваецца цэнтральны рэгіён, разам з ім ацанілі намеснік старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Дзяніс Курленка, прадстаўнікі МЗС, пасольства Расійскай Федэрацыі, ААН, ЮНІСЕФ і іншыя.


Разам са старшынёй Лагойскага райвыканкама Аляксандрам Ласевічам госці наведалі мемарыял ва ўрочышчы на Іванаўшчыне, дзе ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны фашыстамі і іх саўдзельнікамі было забіта больш за 1200 мірных жыхароў. 

Наступным пунктам у маршруце стаў дзіцячы сад № 5. Дэлегацыя азнаёмілася з інфраструктурай установы дашкольнай адукацыі, пагутарыла з дзеткамі. Прадстаўнік ЮНІСЕФ у Рэспубліцы Беларусь Рустам Хайдараў адзначыў, што вялікім плюсам установы з’яўляецца тое, што дэфектолаг, псіхолаг з’яўляюцца штатнымі спецыялістамі, створана выдатнае безбар’ернае і інклюзіўнае асяроддзе.

— Я пераканаўся ў тым, што дзяржава сама інвестуе дастаткова і сістэмна ў праграмы інклюзіўнай адукацыі, безбар’ернае асяроддзе. У гэтым садку ёсць псіхолагі, дэфектолагі, сенсарны пакой. І тут таксама знаходзяцца дзеці, у якіх ёсць асаблівасці псіха-фізічнага развіцця. Гэтыя дзеці займаюцца разам са звычайнымі дзецьмі і такім чынам сацыялізуюцца. Такі сучасны дзіцячы сад спрыяе дэмаграфічнаму росту. Я прыемна здзіўлены тым, што ў рэгіёне можна сустрэць велізарныя інвестыцыі ў стварэнне такіх месцаў, як гэты дзіцячы сад, — падзяліўся ўражаннямі Рустам Хайдараў.

Лагойшчына на карце Мінскай вобласці яшчэ адзначана, як рэгіён з добрым вытворчым патэнцыялам, які быў прадэманстраваны гасцям у ходзе рабочага візіту. 

Дэлегацыя таксама наведала сацыяльны пансіянат «Надзейны бераг», якім нядаўна адкрылася ўнікальнае аддзяленне сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў па зроку. Сюды прыязджаюць аздаравіцца і прайсці працэдуры людзі з усёй Міншчыны. Гасцям паказалі, як уладкавана ўстанова і якія віды тэрапій, працэдур тут прапануюць. Яны былі прыемна здзіўлены спектру аказваемых паслуг, якія адказваюць усім сучасным патрабаванням.

Завяршэннем рабочага візіту Нацыянальнага каардынатара па дасягненні Мэт устойлівага развіцця стаў круглы стол «Партнёрства ў інтарэсах рэалізацыі рэгіянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця Мінскай вобласці». На ім спікеры ад Мінскага абласнога выканаўчага камітэта, ААН, ЮНІСЕФ, ЮНФПА абмеркавалі ўжо праведзеную работу і праекты, якія рэалізоўваюцца сёння і перспектывы ўстойлівага развіцця ў будучыні.

Уладзіслаў Татарыновіч заўважыў, што Прэзідэнт часам называе Міншчыну «рэспублікай у мініяцюры». На долю вобласці прыпадае трэць вырабленай прадукцыі сельскай гаспадаркі, пятая частка прамысловай вытворчасці, чвэрць усіх інвестыцый у краіне. Чвэрць экспарту і трэць усяго жылля, якое ўзводзіцца ў краіне, — гэта Міншчына. 

«Мы разумеем усю важнасць пытання ўстойлівага развіцця, — сказаў Уладзіслаў Татарыновіч. — Наша стратэгія цалкам звязана з нацыянальнай стратэгіяй устойлівага развіцця і ўключае пяць ключавых кірункаў. Безумоўна, першы прыярытэт датычыцца развіцця працоўнага патэнцыялу і дэмаграфічнай бяспекі. Мы ўжо зараз сутыкнуліся з праблемай недахопу кадраў у рэгіёнах аддаленых, якія з’яўляюцца больш аграрнымі. Другі прыярытэт датычыцца забеспячэння інавацыйна-арыентаванага эканамічнага росту. Штогод мы ў галіне рэалізуем 3-4 буйных інавацыйных праекта. Трэці прыярытэт — актывізацыя інвестыцыйнай дзейнасці, развіцця інавацыйных сістэм. Чацвёрты — раскрыццё патэнцыялу малога і сярэдняга бізнесу ў забеспячэнні інклюзіўнага і ўстойлівага росту рэгіёну. Пяты прыярытэт — рацыянальнае прыродакарыстанне і забеспячэнне экалагічнай бяспекі. Стратэгія ўстойлівага развіцця — гэта не адзіны дакумент, які вызначае далейшае развіццё нашага рэгіёна. Мы ў цяперашні час, па сутнасці справы, ужо завяршаем работу над Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця ў Мінскай вобласці да 2030 года. Рэгіёны Мінскай вобласці, як і па ўсёй краіне, зусім розныя. Па сваіх прыродных умовах, эканамічнай базе, чалавечых рэсурсах. Таму асновай развіцця рэгіёнаў з’яўляецца эфектыўнае выкарыстанне канкурэнтных пераваг і ўнікальнага патэнцыялу рэгіёну, — адзначыў Уладзіслаў Татарыновіч.

Што датычыцца Мэт устойлівага развіцця, паводле ацэнак, за 2025 год Беларусь дасягнула вялікага прагрэсу — каля 83 %. Нацыянальны каардынатар па дасягненні Мэт устойлівага развіцця выказаў надзею, што станоўчая дынаміка будзе захоўвацца і далей. «Намаганні нашай краіны адзначаюцца і незалежнымі міжнароднымі экспертамі, — дадаў Уладзіслаў Татарыновіч. — Па выніках 2025 года Беларусь ахарактарызавалі як краіну, якая займае 32-е месца сярод 167 дзяржаў, якія далучыліся да праграмы. Удалося дасягнуць значных вынікаў і ў рэгіёнах». 

Раней Беларусь, як адна з краін — членаў ААН, ухваліла парадак дня ў галіне ўстойлівага развіцця да 2030 года. «Гэта 17 МУР — сацыяльных, эканамічных і экалагічных, якія нам добра вядомыя і над якімі мы працуем. Сфармуляваны канкрэтныя задачы і вызначаны паказчыкі, якія, на погляд міжнароднай супольнасці, дазволілі б ісці па шляху павышэння дабрабыту краін і ўзроўню жыцця людзей. Мы далі сабе мэту ўкараніць гэтыя пункты ў нашы асноўныя прагнозныя і праграмныя дакументы»

Сёння для каардынацыі работы па рэалізацыі МУР у Беларусі створана неабходная заканадаўчая база. Указам Прэзідэнта вызначаны прававы статус нацыянальнага каардынатара, створаны адпаведны Савет па ўстойлівым развіцці. Распрацавана Нацыянальная стратэгія ўстойлівага развіцця да 2040 года. Прынята Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на пяцігодку. Рэалізаваны сучасныя тэхналогіі збору і распаўсюджвання інфармацыі, забяспечана аўтаматызацыя працэсу абмену данымі, якія паказваюць дынаміку, распрацавана кіраўніцтва па ацэнцы праектаў нарматыўных прававых актаў на адпаведнасць МУР і г. д. 

Па словах Уладзіслава Татарыновіча, удзел у міжнародных мерапрыемствах па тэматыцы ўстойлівага развіцця — добры фармат данясення аб’ектыўнай інфармацыі аб нашай краіне, абмену думкамі з замежнымі калегамі, наладжвання ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. «Як паказвае вопыт, Беларусь большасцю краін-членаў ААН успрымаецца ў якасці актыўнага і добрасумленнага ўдзельніка ў дзейнасці розных міжнародных арганізацый», — адзначыў ён.

Зараз у Беларусі скончыўся пяцігадовы праграмны цыкл сацыяльна-эканамічнага развіцця. «Мы для сябе ставім такія ж амбіцыйныя задачы, каб і ў новых праграмных дакументах на будучую пяцігодку дасягненне Мэт устойлівага развіцця знайшло сваё адлюстраванне праз канкрэтныя мерапрыемствы», — дадаў Нацыянальны каардынатар па дасягненні МУР.

Пастаянны каардынатар ААН Расул Багіраў пагадзіўся з тым, што Міншчына з’яўляецца драйверам развіцця Беларусі і яе сэрцам. Дарэчы, многія праграмы, пра якія ішла размова, былі рэалізаваны пры падтрымцы пасольства Расійскай Федэрацыі. 

Госці адзначылі, што сёння Беларусь развіваецца ў патрэбным і правільным кірунку. Тут у першую чаргу думаюць і клапоцяцца пра людзей, патэнцыял рэгіёнаў, укараняюць сучасныя экалагічныя тэхналогіі ў многія сферы жыццядзейнасці.

Яна ВАЛАСАЧ

Фота mlyn. by

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю