22 студзеня, у Давосе быў падпісаны статут Савета міру, ініцыіраваны амерыканскім прэзідэнтам Дональдам Трампам. Беларусь стала першай дзяржавай у Еўропе, а Аляксандр Лукашэнка — першым з сусветных лідараў, які публічна пацвердзіў гатоўнасць стаць заснавальнікам гэтай структуры. Нашы эксперты — аб далучэнні нашай краіны да новай архітэктуры міжнароднай бяспекі.
Савет міру ўпісваецца ў сістэму шматпалярнага свету
Паводле звестак ААН, сёння ў свеце налічваецца 195 краін, і толькі каля 60 з іх атрымалі запрашэнне стаць сябрамі фарміраванай Трампам міжнароднай арганізацыі. З постсавецкіх, акрамя Беларусі, гэтага гонару ўдастоіліся толькі Расія, Узбекістан і Казахстан. Сярод запрошаных таксама Кітай, Венгрыя, В’етнам, Індыя, Пакістан, Турцыя, Егіпет. Дзяржавы, з якімі ў Беларусі, дзякуючы дальнабачнай знешняй палітыцы Аляксандра Лукашэнкі, даўно сфарміраваліся трывалыя эканамічныя і проста сяброўскія адносіны, заснаваныя на раўнапраўі, даверы і ўзаемапавазе. Факт, які можа служыць важкім аргументам на карысць таго, што з часам створаны на нашых вачах Савет міру стане сапраўды сур’ёзнай арганізацыяй, здольнай не на словах, а на справе спрыяць усталяванню трывалага міру на Зямлі.
Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Сяргей Рачкоў адзначыў з гэтай нагоды:

— Уваходжанне нашай краіны ў Савет міру адпавядае нацыянальным інтарэсам. Гэта яшчэ адно сведчанне аўтарытэту Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі і правільнасці знешнепалітычнай лініі Рэспублікі Беларусь.
Ён мяркуе, што асцярогі, што Савет міру можа падмяніць ААН або ўмацаваць гегемонію ЗША, або стварыць процівагу ШАС і БРІКС, марныя:
— Гэты міжнародны орган можа спрыяць большай збалансаванасці свету, у тым ліку ў нейкай ступені знізіць залежнасць ад аднабаковых дзеянняў ЗША, якія пашыраюцца. Нішто не заменіць легітымную сусветную арганізацыю з-за ўніверсальнасці прынцыпаў яе пабудовы і дзейнасці. ААН — структура міждзяржаўнага дыялогу і ўзаемадзеяння на раўнапраўнай аснове. Савет міру — клуб лідараў дзяржаў, аўтарытэт і вопыт якіх можа быць задзейнічаны для вырашэння буйных міжнародных і рэгіянальных канфліктаў. Так, ААН неабходна мадэрнізаваць. Але шматгадовыя дыскусіі аб рэфармаванні не зрушваюцца з месца па прычыне розных інтарэсаў дзяржаў-удзельніц.
У той жа час, падкрэслівае дэпутат, жыццё працягваецца і вылучае перад міжнароднай супольнасцю новыя выклікі, у тым ліку новай глабальнай вайны, якія больш нельга абыходзіць бокам:
— Можа, у Савеце міру атрымаецца хутчэй дамаўляцца, чым у СБ ААН? Ну, хоць бы распрацоўваць прапановы, прыняцце якіх можна было б правесці праз легітымны орган, якім выступае СБ ААН. У любым выпадку, спробы прапанаваць свежыя падыходы па пытаннях глабальнага кіравання, хай і з прывязкай да сваіх нацыянальных інтарэсаў, падаюцца годнымі ўвагі, а таксама сведчаць аб тым, што ЗША сур’ёзна ставяцца да працэсу фарміруемага шматпалярнага светапарадку і не хочуць (ужо і не могуць) заставацца ў баку.
У сваю чаргу член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Алена Фурс падкрэслівае, што прапанова з боку Дональда Трампа азначае прызнанне высокага статусу кіраўніка дзяржавы і Рэспублікі Беларусь у пытаннях урэгулявання канфліктаў і імкнення да прасоўвання міру ва ўсім свеце:

— Наша краіна шырока вядомая сваімі добрымі ініцыятывамі, накіраванымі на ўрэгуляванне міжнародных канфліктаў, умацаванне міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі.
Паводле яе слоў, Беларусь нязменна выступае за выбудоўванне светапарадку, у якім усе рашэнні прымаюцца з дапамогай паважлівага дыялогу і канструктыўнага партнёрства, адпрэчваючы любую канфрантацыю:
— Уступленне ў Савет міру — гэта чарговае пацвярджэнне нашай моцнай міратворчай пазіцыі і імкнення да фарміравання здаровай сістэмы міжнародных адносін, якая адпавядае інтарэсам усіх народаў. Безумоўна, такое рашэнне з боку нашага Прэзідэнта — гэта тактычны ход з зачынам на будучыню, у якой багаты міратворчы вопыт Беларусі можа паспрыяць вырашэнню глабальных геапалітычных задач.
Наша сіла — у лідары дзяржавы
Член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Аляксандр Шпакоўскі ў эфіры ток-шоу «Будні» на «Альфа-радыё» адзначыў:

— Нягледзячы на тое, што краіны знаходзяцца ў розных цывілізацыйных лагерах і гэтак далей, пэўная асабістая сімпатыя паміж нашымі лідарамі, паміж Трампам і Лукашэнкам, безумоўна ўзнікла. Інакш не было б гэтага працэсу. Ініцыіравалі яго, дарэчы, Злучаныя Штаты Амерыкі. Мы, у сваю чаргу, разумеючы значэнне ЗША, не маем намеру з імі ваяваць ці канфліктаваць. Калі ёсць магчымасць сысці ад гэтага і паспрабаваць выйсці на нейкія кампрамісныя рашэнні, мы будзем гэта рабіць.
Таму запрашэнне ў Савет міру, звяртае ўвагу парламентарый, беларускі бок разгледзеў:
— Некаторыя лічылі, што мы будзем азірацца на кагосьці і чакаць. Але мы прынялі сваё суверэннае рашэнне: мы далучымся да гэтага фармату. Пры гэтым далучэнне да фармату зусім не значыць, што мы будзем танчыць у нейкім антыкітайскім або антырасійскім ансамблі пад дырыжыраваннем Трампа. Не, мы ідзём са сваёй пазіцыяй. Будзем працаваць там, дзе для нас гэта прымальна, і прынцыпова выказваць свой пункт гледжання там, дзе будуць гучаць непрымальныя прапановы.
Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Ігар Жук нагадвае, што Беларусь заўсёды падтрымлівала ініцыятывы, накіраваныя на прадухіленне канфліктаў, гуманітарнае супрацоўніцтва і ўстойлівае развіццё:

— Нягледзячы на турбулентнасць на міжнароднай арэне, Рэспубліка Беларусь паслядоўна праводзіць палітыку міру, стабільнасці і ўзаемнай павагі ў міжнародных адносінах. Асноўныя прынцыпы знешняй палітыкі краіны замацаваны ў Канстытуцыі і праграмных законах. Краіна ўдзельнічае ў дзейнасці больш за 60 міжнародных арганізацый, уключаючы ААН і ШАС. Такім чынам, мірная палітыка Беларусі — гэта не толькі дэкларацыя, але і практычная лінія, якая рэалізуецца на ўсіх узроўнях, накіраваная на забеспячэнне стабільнасці ў рэгіёне і за яго межамі. Мяркую, менавіта таму Дональд Трамп у ліку дзяржаў — заснавальніц новай міжнароднай арганізацыі хоча бачыць і Рэспубліку Беларусь.
Яшчэ адзін важны аспект, на які звяртае ўвагу сенатар, — дзейснасць Савета міру:
— Беларусь, як невялікая краіна з абмежаванымі рэсурсамі, мала што можа прапанаваць іншым для ўрэгулявання маштабных ваенных канфліктаў (пра гэта казаў і Аляксандр Лукашэнка). Але наша сіла — у лідары дзяржавы: дасведчаным палітыку і дыпламаце, які вызначаецца прамалінейнасцю, адкрытасцю і сумленнасцю. Чуць голас Аляксандра Рыгоравіча на палях новай мірнай платформы — важна для прэзідэнта ЗША, бо менавіта дзякуючы палітыцы нашага кіраўніка дзяржавы Беларусь застаецца астраўком міру і згоды. Таму ў абмеркаванні складаных пытанняў і распрацоўцы стратэгій канкрэтных дзеянняў, упэўнены, веды і вопыт Аляксандра Рыгоравіча будуць значным укладам у эфектыўную работу Савета міру.
Калі форма цалкам адпавядае зместу
Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Людміла Сапега лічыць, што новая ініцыятыва амерыканскага лідара, пра якую ён абвясціў усяго пяць дзён таму, стала своеасаблівым развіццём плана таго ж Трампа па стварэнні пераходнай адміністрацыі па аднаўленні Газы.

— Мэта кіраўніцтва Беларусі відавочная: удзел у фарміраванні новага міжнароднага органа па прадухіленні і спыненні ўзброеных сутыкненняў дазволіць нашай краіне аказваць сур’ёзны ўплыў на глабальныя працэсы па ўрэгуляванні любых міжнародных канфліктаў. Што, у канчатковым выніку, толькі паспрыяе хутчэйшаму выбудоўванню новай архітэктуры бяспекі, ідэю якой актыўна прасоўвае кіраўніцтва Беларусі ў апошнія гады, — акцэнтуе ўвагу парламентарый.
Яна канстатуе, што няўхільнае імкненне Беларусі да міру ў сваім лісце асабліва адзначыў і Дональд Трамп:
— У прыватнасці, што гонар, спалучаны з гэтай місіяй, угатаваны толькі тым, хто здольны весці за сабой асабістым прыкладам, прадбачліва інвесціраваць у бяспеку і росквіт для нашых дзяцей і ўнукаў. Фраза, безумоўна, квяцістая і высакамоўная. Але гэта якраз той рэдкі выпадак, калі форма цалкам адпавядае зместу.
З гэтым салідарны і калега-парламентарый, член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Вадзім Гігін, які ў эфіры тэлеканала АНТ адзначыў, што запрашэнне з’яўляецца прызнаннем аўтарытэту Прэзідэнта Беларусі ў свеце:

— Мы разумеем, што, вядома, далёка, мякка кажучы, не ўся палітыка Трампа, якую праводзяць ЗША, нам імпануе. Напэўна, і Трамп хацеў бы, каб многія з тых лідараў, якія ў Савеце міру праводзілі б іншую палітыку, але мы павінны шукаць шляхі, дамаўляцца. Ці нясе гэта выклікі? Так, пэўныя выклікі ёсць у той сістэме адносін, якая складваецца на аснове Статута ААН, але, як сказаў наш Прэзідэнт, будзем глядзець. [...] Выкарыстоўваць магчымасці для ўплыву [...], данясення свайго пункту гледжання — гэта правільна. Беларусь дэманструе ўзор разважлівасці, таго, чым заўсёды была моцная наша знешняя палітыка. І што заваёўвае аўтарытэт нашаму Прэзідэнту.