Top.Mail.Ru

Падрабязнасці рабочай паездкі Прэзідэнта на Магілёўшчыну

«Пераводзьце вобласць на ваеннае становішча і пачынайце працаваць!»


У пятніцу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка здзейсніў рабочую паездку ў Магілёўскую вобласць. Тут кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з перспектывамі развіцця ААТ «Гавяды-агра» Шклоўскага раёна, а таксама з ходам уборкі бульбы ў сялянска-фермерскай гаспадарцы «Дзіяна». 

«Вы хацелі паказаць, як не трэба працаваць? 

Рабочая камандзіроўка Прэзідэнта Беларусі ў Шклоўскі раён Магілёўскай вобласці пачалася з жорсткай крытыкі. Верталёт кіраўніка дзяржавы прызямліўся на полі сельгаспрадпрыемства «Гавяды-агра». Менавіта на гэтым полі сёлета рос лён, аднак якасць уборкі гэтай культуры пакідае жадаць лепшага. 


«Вы хацелі паказаць, як не трэба працаваць? — адразу задаў тон далейшай размовы кіраўнік дзяржавы. — Ты хочаш сказаць, што тут усё ідэальна?»  

«Далёка не ідэальна», — адказала памочнік Прэзідэнта — інспектар па Магілёўскай вобласці Надзея Каткавец. 

«За гэта ў турму трэба саджаць! Што адбываецца тут? Што тут адбываецца?! Я ведаю, вы мяне тут не чакалі. Я ведаю што гэта „мядзведжы кут“, па-старому кажучы, — звярнуў увагу Прэзідэнт. — Што тут будзем рабіць? Чаго тут не хапае?»  

Кіраўніка дзяржавы таксама цікавіла сітуацыя з ільном. «Гэта такое церабленне лёну? Агідна. Я ад цябе (ад старшыні Магілёўскага аблвыканкама. — „Зв.“) гэтага не чакаў, — абурыўся беларускі лідар. — А вам А вам (кіраўніку МІнсельгасхарча і памочніку ў рэгіёне.— „Зв“) я б параіў тэорыяй перастаць займацца, а канкрэтнымі справамі (займацца. — „Зв.“). Лён вы прыбралі тут? Вы яго загубілі тут. Тут лёну няма. А тое, што засталося, — гэта гнілое. Я вось не разумею: гэта прыбрана? Прыбраны гэты лён?.. Падымаць няма чаго, ён гнілы».  

Звяртаючыся да чыноўнікаў, Прэзідэнт зрабіў выснову: «Гэта гаворыць пра тое, што вы топчацеся там, дзе часцей бывае Прэзідэнт і дзе каля дарогі бліжэй. А ў „мядзведжыя куты“ вы не заязджаеце, — канстатаваў беларускі лідар. — Калі вы рызыкнулі Прэзідэнта пасадзіць на гэтае поле, то астатнія ў вас наогул у жахлівым стане». 

«Культура земляробства павінна быць найвышэйшай!» 

Кіраўніку дзяржавы ў цэлым далажылі аб сітуацыі ў «Гавяды-агра». Нядаўна тут памянялі кіраўніка. Даложана, што работнікаў, спецыялістаў і тэхнікі ў цэлым хапае. Ёсць толькі запыт на некалькі дадатковых адзінак энерганасычаных трактароў і камбайнаў. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што не праблема — даць каманду на пастаўку тэхнікі, але пытанне ў тым, як гэта гаспадарка пры такой рабоце за яе разлічыцца. «Купляць. Але што ты купіш за гэты лён? Тут дысцыпліны элементарнай няма. Калі няма тэхналогіі, навошта даваць трактары і камбайны?» — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. 


Прэзідэнта таксама цікавіла структура гаспадаркі, якім чынам адбываецца кіраванне. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што яшчэ пабывае ў такіх «мядзведжых кутах». Ён жорстка папярэдзіў чыноўнікаў: «Пераводзьце вобласць на ваеннае становішча і пачынайце працаваць. Інакш размова ў нас будзе апошняя».
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу і на якасць узворвання, апрацоўкі зямлі, каб палі па некалькі гадоў не прастойвалі і не зарасталі травой. «Культура земляробства павінна быць найвышэйшай!» — запатрабаваў Прэзідэнт.  

Яшчэ адно патрабаванне кіраўніка дзяржавы — вызначыцца, колькі гектараў лёну неабходна сеяць у раёне і размеркаваць яго паміж гаспадаркамі. «З ільном трэба працаваць. Гэта тэхнічная культура, вельмі складаная культура», — заўважыў ён.  

Таксама Прэзідэнт звярнуў увагу на тэрміны эксплуатацыі энерганасычанай тэхнікі. «Нам трэба вызначыцца! Яны 5 гадоў працуюць — і пад плот трактар! А ён жа каштуе прыстойныя грошы сёння, ён павінен працаваць 10-12 гадоў, яго трэба своечасова абслугоўваць і рамантаваць».

 

«Галоўнае – гэта людзі, дысцыпліна»

Другім пунктам на маршруце кіраўніка дзяржавы, які ён вызначыў сам, стаў малочна-таварны комплекс «Гавяды». Тут Прэзідэнту далажылі аб утрыманні і лячэнні буйной рагатай жывёлы. У гаспадарцы былі сур'ёзныя праблемы ў гэтым плане. Адзначаліся і недахопы з забяспечанасцю ўласнымі кармамі, у выніку чаго ўтварыўся недабор па надоях. Зараз удалося нармалізаваць сітуацыю, мінімізаваць падзеж. Ёсць добрыя віды на ўраджай кукурузы, у выніку чаго і забяспечанасць кармамі будзе вышэйшай.

Аляксандр Лукашэнка дэталёва распытаў пра сітуацыю кіраўніка МТК № 1 «Гавяды» Алену Марыуцэ. «Колькі ў вас тут жывёлы? І якая жывёла?» – пацікавіўся беларускі лідар.

«Сёння ў нас 2,5 тысячы пагалоўя жывёлы. 866 – дойны статак, 98 цяляты. Астатняе – маладняк па ўзроставых групах», – адказала кіраўнік комплексу.

Алена Марыуцэ падрабязна расказала аб стане спраў у комплексе, а таксама аб праблемах і недахопах, якія неабходна ліквідаваць. Так, паводле яе слоў, сёння фіксуецца паніжэнне ўдояў малака. Летась гаспадарка не ў поўным аб'ёме забяспечыла сябе кармамі. У гэтай сувязі кіраўнік дзяржавы пацікавіўся ў спецыяліста, якая абстаноўка з кармамі сёння. «Цяпер сенажом я забяспечаная на 100 %. Мне хопіць да наступнага ўраджаю. Але па сіласу трэба трошкі паскорыцца, таму што цяпер у мяне толькі адна траншэя сіласу. Для гэтага комплексу гэтага катастрафічна мала», – адказала яна.

Кіраўнік МТК расказала, што жыве побач і ўжо 15 гадоў працуе на комплексе. Муж Алены Марыуцэ працуе тут жа механізатарам, а старэйшая дачка – ветсанітарам.

Рабоце спецыяліста кіраўнік дзяржавы даў станоўчую ацэнку. І, як высветлілася, цяпер у гаспадарцы часова няма заатэхніка. «Дык вось заатэхнік. Гатовы. Трэба браць і адпраўляць у гаспадарку. Нам патрэбныя спецыялісты талковыя. Малайчына”, – сказаў беларускі лідар.  

«Я па адукацыі бібліятэкар-бібліёграф», – нечакана прызналася жанчына.

«Мне твая адукацыя няважна. Галоўнае, каб парадак быў. Яна ведае, як трэба рабіць. Трэба гэта маштабаваць на іншыя комплексы. Ёй толькі патрэбна будзе падтрымка. Яна памятае, як працаваў Лапацентаў – мужык быў сапраўдны. Малайчына, гаспадыня», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Словы кіраўніка дзяржавы, відавочна, расчулілі жанчыну, на што адразу звярнула ўвагу памочнік Прэзідэнта – інспектар па Магілёўскай вобласці Надзея Каткавец: «Аляксандр Рыгоравіч, яна да слёз перажывае за свой комплекс. Ужо плача, што комплекс адбіраюць у яе».


«Я цябе нікуды не пасылаю», – адразу супакоіў Аляксандр Лукашэнка.

«Гэта ад шчасця, – патлумачыла Алена Марыуцэ. – У мяне былі вельмі добрыя настаўнікі. Я пачынала працаваць у жывёлагадоўлі ў калгасе «Радзіма» з Аляксандрам Міхайлавічам Лапацентавым (вядомы кіраўнік, які ператварыў некалі стратную гаспадарку ў адну з самых перадавых і прыбытковых у Беларусі. – «Зв.»)».

 Алена Марыуцэ заўважыоа, што вельмі б спатрэбіўся ў гаспадарцы новы сучасны змяшальнік-кормараздатчык. Старому ўжо два дзясяткі гадоў, і яго даўно пара мяняць. «На працягу тыдня як падарунак ад мяне ў яе павінен быць новы кормазмяшальнік. А гэты вы ёй адрамантуеце, каб быў у рэзерве», – паставіў задачу Прэзідэнт.

У ходзе наведвання комплексу кіраўніку дзяржавы прадэманстравалі прафілакторыі для цялят і памяшканні для ўтрымання дойнага статка. «Ну вось комплекс. Вазьміце і скапіруйце, гэта ж элементарна!   Так, як мы спрабуем зараз зрабіць са Шклоўскага раёна ўзор», – звярнуў увагу беларускі лідар.

Прэзідэнт прызнаўся, што на пытанне чыноўнікаў «што трэба зрабіць», ён адпраўляе іх у Шклоў. «Я ім гавару: едзьце ў Шклоў і зрабіце, як у Шклове. «Рабі як я», – у арміі прынцып быў. Вось чаго я хачу. Так і тут».

На МТК абсталявалі самы просты цялятнік, выбудавалі работу. «Вось гэта я прасіў пабудаваць. Не нейкія выбітныя прафілакторыі, а вось такі цялятнічак. Ён жа танны, наогул нічога не каштуе.  Больш нічога не трэба. І нуль падзяжу, – заўважыў кіраўнік дзяржавы. – Але галоўнае – гэта людзі, дысцыпліна».

«Каб да 7 лістапада тут комплекс быў у ідэальным стане»

 Звяртаючыся да нядаўна прызначанага дырэктара ААТ «Гавяды-агра» Аляксея Ладнова, кіраўнік дзяржавы даў некалькі практычных парад, як дзейнічаць і выбудоўваць работу ў гаспадарцы ў цэлым. Асабліва з тым улікам, што на разліковым рахунку гаспадаркі не мільёны, а мінусы. Пры гэтым, што парадаксальна, у гаспадарцы адзін з найлепшых узроўняў заработнай платы ў раёне.

«Ніякай „дармаплаты“ тут быць не павінна. Калі не будзе дысцыпліны, то нічога тут не будзе, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Я гэта ўсё бачыў. Калі хтосьці становіцца ўпоперак, разбірайся жалезабетонна. Калі ты гэта не зробіш зараз, ты гэта не зробіш ніколі. Трэба рабіць усё ў час. І калі ты прыйшоў, яны павінны зразумець, што гэта не жарт».

Аляксандр Лукашэнка даручыў кіраўніцтву вобласці ўзяць сітуацыю ў гаспадарцы і на канкрэтным МТК на кантроль, прыцягнуць пры неабходнасці дапамогу з боку. «Каб да 7 лістапада тут комплекс быў у ідэальным стане», – паставіў задачу ён.


Падводзячы вынік наведвання «Гавяды-агра», Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз растлумачыў, чаму практычна незапланавана вырашыў прыехаць у гэтую гаспадарку: «Не ездзіць жа (толькі. – «Зв.») там, дзе ўсё добра. Трэба паглядзець і дзе дрэнна. Аказваецца, у вас тут можна працаваць».

Прэзідэнт заклікаў наводзіць парадак і падцягваць дысцыпліну. У астатнім, заўважыў ён, ёсць усё неабходнае. Сітуацыю канкрэтна на МТК кіраўнік дзяржавы ацаніў станоўча, адзначыўшы адсутнасць падзяжу, тэхналагічны падыход да працэсаў, нядрэнныя надоі. Але трэба навесці ва ўсім парадак і падцягнуць дысцыпліну.

Аляксандр Лукашэнка таксама папярэдзіў памочніка Прэзідэнта – інспектара па Магілёўскай вобласці Надзею Каткавец, што “спытае жалезабетонна”.

Гаворачы аб устараненні недахопаў, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што за будучы год Магілёўская вобласць у цэлым павінна быць кардынальна зменена і па ўсіх напрамках павінен быць вынік. 

«Што за бульбашы, якія бульбу не вырабляюць?»

Фінальным пунктам на маршруце беларускага лідара стала бульбяное поле сялянскай (фермерскай) гаспадаркі «Дзіяна». Тут кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з ходам уборкі другога хлеба. Прэзідэнту таксама прадэманстравалі айчынныя і імпартныя сарты бульбы, расказалі пра перавагі і недахопы кожнага з іх. 

Сялянская (фермерская) гаспадарка «Дзіяна» створана 23 кастрычніка 1991 года членамі адной сям’і, якія ўнеслі маёмасныя ўклады, для ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці па вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, а таксама яе перапрацоўкі, захоўвання і рэалізацыі. Асноўная спецыялізацыя: вырошчванне збожжавых і алейных культур і іх насення, вырошчванне бульбы і насеннага матэрыялу. Гаспадарка вырабляе больш за 70 % ад валавога збору бульбы ў раёне. 

  • Беларусь, дарэчы, уваходзіць у дваццатку сусветных вытворцаў бульбы. Штогадовы валавы збор складае ад 4 да 5 мільёнаў тон. У 2026 годзе ў гаспадарках усіх катэгорый чакаецца атрымаць 3,3 мільёна тон бульбы (плюс 0,3 мільёна тон да ўзроўню мінулага года), у тым ліку ў сельскагаспадарчых арганізацыях і сялянскіх фермерскіх гаспадарках — 0,88 мільёна тон (плюс 47,8 тысячы тон). Гэтыя аб’ёмы дазволяць забяспечыць унутрырэспубліканскія патрэбы і мець свабодныя рэсурсы для рэалізацыі на экспарт. Пры гэтым каля 70 % вытворчасці бульбы сканцэнтравана ў насельніцтва краіны.

У ходзе рабочай паездкі Прэзідэнта была ўдзелена ўвага і навуковаму складніку — селекцыі новых сучасных сартоў бульбы. Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па бульбаводстве і плодаагародніцтве з’яўляецца адзінай у краіне навуковай арганізацыяй-арыгінатарам беларускіх сартоў бульбы. З 1939 года беларускімі бульбаводамі-селекцыянерамі створана і перададзена ў дзяржаўнае выпрабаванне 147 сартоў бульбы розных груп спеласці і напрамкаў мэтавага выкарыстання ўраджаю.

«Ураду пастаўлена задача знайсці рынкі збыту за зіму. І мы тут вызначыцца павінны, дзе мы будзем апрацоўваць бульбу, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. — Мы павінны больш апрацоўваць бульбы ў Беларусі». 

У сувязі з гэтым яшчэ адно даручэнне — у дастатковым аб’ёме павінен быць у наяўнасці пасяўны матэрыял. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што цяперашнія плошчы пад бульбу ў краіне параўнальна невялікія. «Што за бульбашы, якія бульбу не вырабляюць, — заўважыў ён. — Ну што такое 22 тысячы гектараў? Гэта нішто для краіны».

Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Каранік у сувязі з гэтым выказаў пазіцыю, што ў выпадку з вырошчваннем бульбы не варта павялічваць агульныя плошчы, дадаючы па 30-40 гектараў у цэлым шэрагу гаспадарак. Гэтую работу, лічыць ён, трэба канцэнтраваць там, дзе менавіта спецыялізуюцца на гэтай культуры. «Гэта доля высокаспецыялізаваных гаспадарак», — заўважыў кіраўнік НАН Беларусі.

«Вось вы павінны цяпер ва ўрадзе прыняць рашэнне. Калі будзе стабільны рынак збыту, — яшчэ раз пазначыў задачу кіраўнік дзяржавы. — Проста трэба працаваць. Рынак ёсць». 

«Трэба павялічваць аб’ёмы вытворчасці. Бульба — з перспектывай»

Прэзідэнт адзначыў, што трэба дамаўляцца на буйныя рэгулярныя пастаўкі з пакупнікамі ў буйных гарадах Расіі, ёсць сезонная патрэба ў бульбе і, напрыклад, ва Узбекістане, дзе пражываюць 40 мільёнаў чалавек, але ў сілу кліматычных умоў зямель, прыдатных для вырошчвання сельгаскультур, вельмі мала. І наша бульба для іх можа стаць выратаваннем.

«У нас добрыя адносіны з гэтымі агламерацыямі. Чаму б Ленінградскую вобласць не ўзяць, дамовіцца і цалкам іх забяспечваць. Мы можам грузіць і па старых маршрутах туды адпраўляць. Але трэба павялічваць аб’ёмы вытворчасці, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Проста трэба брацца і рабіць. Бульба — з перспектывай. Мы вырабляем мала бульбы. Трэба адраджаць. Мы ўмеем гэта рабіць»

Кіраўнік сялянскай (фермерскай) гаспадаркі «Дзіяна» Уладзімір Маліноўскі расказаў, як у яго выбудаваныя працэсы, якая пры гэтым выкарыстоўваецца тэхніка, дзе ўдалося скараціць патрэбу ў працоўных рэсурсах, што з вытворчасцю і забяспечанасцю насеннем.

Гаворка ішла і аб магчымасці дадатковых аб’ёмаў вытворчасці бульбы канкрэтна ў гэтай гаспадарцы, і дзяржава ў дадзеным выпадку гатова ў тым ліку дапамагчы са сховішчамі. «Што датычыцца сховішча, я бяру на сябе. Як скажаш, мы пабудуем. 2 тысячы гектараў — таксама не праблема. Але трэба знайсці. Галоўнае — гэта спажывец», — заявіў беларускі лідар.

Ён таксама адзначыў станоўчы вопыт фермера ў гэтай справе: «Калі па-сапраўднаму, так і шмат людзей не трэба, і вопыт ёсць. Галоўнае — умець гэта рабіць. На самым высокім узроўні ён умее рабіць. І ён жа не хавае свае веды. Прыязджайце, глядзіце». 


Аляксандр Лукашэнка таксама заявіў, што ў рамках краіны пад пашырэнне пасеваў не праблема купіць і з дзясятак добрых імпартных камбайнаў для ўборкі бульбы. «Але ёсць добрыя гомельскія. Гэта, можа, ужо вельмі добры (як імпартны ў фермерскай гаспадарцы „Дзіяна“. — „Зв.“). Але гомельскі — добра. Трошкі падкруцім, за зіму нешта дзесьці дададзім. Мы зробім яшчэ крыху лепш», — заявіў кіраўнік дзяржавы. 

Уладзімір Маліноўскі адзначыў, што і айчынныя бульбаўборачныя камбайны, якія выпускаюцца ў Гомелі, вельмі нядрэнныя. «Ён ідэнтычны гэтаму (імпартнаму. — „Зв.“)», — падкрэсліў кіраўнік гаспадаркі.

Аналагічна і па збожжаўборачных камбайнах. Таксама ёсць добрыя айчынныя мадэлі, здольныя ўбіраць і самыя высокаўраджайныя палі. Але трэба пастаянна працаваць над павышэннем якасці, арыентуе кіраўнік дзяржавы. Асаблівы акцэнт — на вытворчасці якаснай айчыннай гідраўлікі, над чым яшчэ трэба будзе сур’ёзна папрацаваць.

Аляксандр Лукашэнка цікавіўся, якія ў гаспадарцы «Дзіяна» вырошчваюцца сарты бульбы, у чым іх асаблівасці. Гэта як беларускія, так і замежныя сарты. Спецыялісты расказалі, што ўсе яны добрыя, але да кожнага патрэбны свой пэўны падыход. Натуральна, і прызначэнне бульбы рознае: нейкі сорт, напрыклад, больш падыходзіць для вытворчасці чыпсаў, а нейкі — бульбы фры. Дарэчы, сорт «Брыз» беларускай селекцыі цяпер вырошчваецца нават на Сахаліне.

На заканчэнне беларускага лідара пачаставалі фермерскай бульбай. Аляксандр Лукашэнка паабяцаў абавязкова пакаштаваць, адзначыўшы, што і сам вырошчвае ў сябе бульбу, а потым частуе ў тым ліку кіраўнікоў дзяржаў.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Шклоўскі раён.

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю