У Слаўгарадзе ва ўрачыстай абстаноўцы адкрылі новы басейн, паведамляе БелТА.
Спартыўны комплекс размясціўся на вуліцы Школьнай — у крокавай даступнасці ад цэнтра горада. Побач школа, жылыя дамы. Як расказаў дырэктар Цэнтра фізкультурна-аздараўленчай работы Слаўгарадскага раёна Павел Зарэцкі, будаўніцтва пачалі ў 2023 годзе. Напярэдадні свята адкрыццё басейна стала сапраўдным падарункам для жыхароў не толькі горада, але і ўсяго раёна. «Гэта патрэбны аб’ект, бо да гэтага ў нас не было дзе займацца плаваннем, — расказаў ён. — Цяпер юных спартсменаў мы не выпусцім. Таксама басейн будзе карысны жыхарам горада ўсіх узростаў».

Акрамя гэтага, тут плануюць праводзіць спаборніцтвы: ад дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы тут адкрыецца аддзяленне па плаванні. «Да нас будуць прыходзіць трэніравацца школьнікі. Будзем праводзіць спаборніцтвы, а таксама пачнем праводзіць спаборніцтвы сярод рабочых калектываў горада — будзем прывучаць усіх слаўгарадчан да плавання», — сказаў Павел Зарэцкі.
Новы басейн — камфортны і сучасны. Ён разлічаны на 4 дарожкі па 25 м. Ёсць і малая чара — для дзяцей і тых, хто толькі пачынае вучыцца плаваць. Душавыя, мужчынская і жаночая раздзявалкі, камеры захоўвання — басейн абсталявалі ўсім неабходным. За дзень яго могуць наведаць больш за 240 чалавек. Таксама тут размясцілася зала сухога плавання, дзе можна праводзіць спартыўныя заняткі. Кошт новага басейна склаў амаль Br7 млн.
Мясцовыя жыхары прыйшлі на адкрыццё спартыўнага аб’екта парадавацца такому важнаму падарунку. Сярод іх — Ала Давыдзенка. «Жыву і працую тут. Наш горад у апошнія гады сур’ёзна зменьваецца, становіцца прыгажэй, камфортней. Я вельмі люблю маленькія гарады і наш Слаўгарад. І вельмі важна, што малым населеным пунктам у нас надаюць такую ўвагу — усё робяць для людзей, — прызналася яна. — Выдатна, што ў нас з’явіўся свой басейн. Гэта вельмі зручна, таму што не трэба далёка дабірацца, зараз усё побач. Калі мой сын быў маленькі, я вазіла яго ў басейны ў іншых гарадах. Сын ужо вырас, зараз сама буду падтрымліваць здароўе, можа, заняткі будуць для старэйшых людзей».

Павіншаваў жыхароў Слаўгарада з адкрыццём новага аб’екта старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачэнка. Ён таксама перадаў сертыфікат на Br10 тыс. на набыццё спартыўнага інвентару і абсталявання.«У нас прынята да свят узводзіць аб’екты і рабіць падарункі для нашых людзей. І сёння мы адкрылі басейн у Слаўгарадзе. Падобныя басейны ўжо функцыянуюць у некалькіх раёнах. Гэта, на мой погляд, зручны праект — ёсць дзе паплаваць, ёсць дзе дзецям павучыцца плаванню», — падзяліўся ён.
Наведваць басейн змогуць не толькі жыхары Слаўгарада і раёна, але і найбліжэйшых раёнаў.
6 лістапада Магілёўскай вобласці адкрылі не толькі новы басейн. «Усяго каля сямі аб’ектаў мы ўвялі. Напрыклад, дзіцячы садок у Буйнічах. Людзі таксама прасілі, мы пайшлі насустрач і зрабілі капітальны рамонт, — адзначыў ён. — Мы ўводзім і будуем аб’екты круглы год. Але наша традыцыя такая, што мы жадаем да нейкага свята адкрыць той ці іншы аб’ект. І ў гэтым нешта ёсць: людзі абвыклі і чакаюць. У нас вядзецца планамерная праца. Але мы стараемся падтрымліваць такія добрыя традыцыі», — падсумаваў Анатоль Ісачэнка.