Малады спецыяліст хутка дабіўся прафесійнага прызнання, заваяваў аўтарытэт у дарослых і дзяцей. Сёння ён трэніруе гарадскую каманду школьнікаў для ўдзелу ў алімпіядах па геаграфіі. Штогод нехта з выпускнікоў гімназіі паступае на геафак БДУ. З Філіпам Шыдлоўскім мне і захацелася пагаварыць аб сучаснай школе, мужчынах у ёй, вучнях, бацьках і штучным інтэлекце.
Любоў да педагогікі перадалася ў спадчыну
Філіп Шыдлоўскі — прадстаўнік вялікай педагагічнай дынастыі, агульны прафесійны стаж якой налічвае звыш 500 гадоў. Яго бабуля Алена Феліксаўна Загуста ў свой час працавала настаўніцай рускай і беларускай моў і літаратуры ў школе Стаўбцоўскага раёна. Мама Святлана Іванаўна Шыдлоўская выкладала нямецкую мову, бацька Канстанцін Уладзіміравіч Шыдлоўскі — англійскую і гісторыю: спачатку ў школах, пазней — у БДПУ імя М. Танка. Бацькі не настойвалі на тым, каб сын ішоў па іх слядах. Аднак у 11-м класе Філіп цвёрда вырашыў паступаць на геафак БДУ і ў выпускным альбоме падзяліўся марай — папрацаваць у роднай гімназіі.
Мара хутка рэалізавалася. Ужо на 3-м курсе Філіп Шыдлоўскі вярнуўся ў родныя сцены: спачатку ў якасці педагога-арганізатара, а потым — як выкладчык геаграфіі.
— З першых жа дзён у новай якасці я адчуваў сябе камфортна ў гімназіі, — адзначае мой суразмоўца. — А вось некаторым калегам спатрэбіўся час, каб перастроіцца: яшчэ ўчора я быў для іх Філіпам, і раптам стаў Філіпам Канстанцінавічам.
Індывідуальны падыход
Самае галоўнае ў школе — гэта, зразумела, дзеці. Мне падабаецца працаваць і з маленькімі, і са старшакласнікамі. Сучасныя хлапчукі і дзяўчынкі вельмі дасведчаныя. Яны жывуць у інфармацыйнай плыні, задаюць шмат пытанняў. Разам з тым у многіх адзначаеш праблемы з канцэнтрацыяй увагі.
Часам да 2 гадзін ночы сядзіш, рыхтуеш прэзентацыю. Раніцай спяшаешся ў школу, каб раздрукаваць матэрыял да ўрокаў. Калі з боку навучэнцаў гэта не знаходзіць чаканай рэакцыі, вядома, крыўдна. Але прыходзіць іншы клас, бачыш зацікаўленыя вочы, і цябе «адпускае»: нездарма стараўся.
Вядома, цікава мець справу з тымі, хто захоплены маім прадметам. У мяне ёсць алімпіяднік, здольны вымавіць назву гары ў Новай Зеландыі, якая складаецца з 82 літар! У гэтым годзе ў нашай гімназіі адкрылі першы ў Фрунзенскім раёне клас, дзе профільныя прадметы — геаграфія і матэматыка. Работа з матываванымі, адоранымі навучэнцамі — маё прафесійнае захапленне. Але гэта патрабуе велізарнай аддачы, напружання. Урокі са звычайнымі дзецьмі праходзяць у больш роўным рэжыме, і такое чаргаванне вельмі карысна для педагога.
Чаму трэба вучыць?
Жыццё імкліва мяняецца, інфармацыя хутка састарваецца — нельга гэта ігнараваць і паўтараць з году ў год тое, што выкладалі дзесяцігоддзі таму. Для мяне важна даць актуальныя веды па геаграфіі, якія спатрэбяцца ў жыцці кожнаму. Каб дзеці лепш засвойвалі інфармацыю, сістэматызаваў вялізны навучальны матэрыял, сабраў калекцыю мінералаў прыкладна ў 200 экзэмпляраў. Імкнуся больш даваць практычных заданняў. На мой погляд, сучасных хлапчукоў і дзяўчынак важна вучыць узаемадзейнічаць з іншымі, адстойваць сваё меркаванне і чуць чужое. На ўроках павінна быць месца дыскусіі, розным пунктам гледжання.
Цяпер не рэдкасць, калі за некалькі гадоў да заканчэння школы вучні вызначаюцца з профільнымі дысцыплінамі і пераважна ім надаюць увагу. Гэта крыху засмучае: хочацца ўсё ж, каб яны былі гарманічнымі асобамі.
Знаходзім паразуменне
З многімі татамі і мамамі навучэнцаў у мяне невялікая розніца ва ўзросце, мы дастаткова добра разумеем адно аднаго. З бацькамі важна адразу знайсці агульную мову і акрэсліць межы. Паведамленні на мабільны мне прыходзяць нават глыбокай ноччу, але пасля 23.00 я адключаю гук. У нашай гімназіі раз на чвэрць праводзяцца бацькоўскія суботы, калі можна сустрэцца з любым педагогам. Цешыць, што дарослыя звяртаюцца звычайна не з прэтэнзіямі за нізкія адзнакі, а з пытаннямі, як павысіць веды. Ёсць таты і мамы, якія знаходзяць час зазірнуць, каб проста сказаць «дзякуй».
Прафесійныя дэфармацыі
Нейкія характэрныя асаблівасці прафесія настаўніка, безумоўна, фарміруе. Часам ідзеш па вуліцы і думаеш: «Вось людзі вернуцца з працы дадому і што яны будуць рабіць, калі ім не трэба рыхтавацца да ўрокаў на заўтра?» Мне здаецца, педагогаў адрознівае гіпертрафіраванае пачуццё адказнасці, жаданне за ўсім прасачыць, усё пракантраляваць. Кладзешся адпачываць — трымаеш у галаве спіс спраў на заўтра, прачынаешся — ізноў у думках, што неабходна паспець за дзень.
Дзеці бягуць па лесвіцы — хвалюешся: не дай бог, хтосьці паслізнецца, упадзе. Педагогі любяць усіх вучыць, патрабаваць парадку і дысцыпліны. У іх звычайна — строгія погляды, якімі «ставяць» на месца тых, хто правініўся. Часам сваяк-педагог так на цябе паглядзіць, што мімаволі адчуваеш сябе як вінаваты школьнік. Калі за святочным сталом нехта пачынае гучна гаварыць, ці ў маршрутцы павысілі голас, у мяне машынальна часта вырываецца настаўніцкае «ч». Калі сябры мяне ўвечары кудысьці клічуць і чуюць маё: «Яшчэ ў школе. У мяне яшчэ ўрокі», яны пастаянна здзіўляюцца: як можна столькі працаваць! І яны ўжо, здаецца, змірыліся з тым, што калі мы збіраемся разам, я ім увесь час расказваю пра школу і пра вучняў.
Двойчы на тыдзень — у басейн, раз на год — у Санкт-Пецярбург
У гэтым годзе нарэшце выкраіў час на басейн — двойчы на тыдзень увечары хаджу плаваць. Гадзіна без тэлефона — гэта сапраўдная перазагрузка, рэлакс. Падчас сваіх водпускаў заўсёды стараюся наведаць Санкт-Пецярбург. Першы раз апынуўся ў гэтым горадзе ў 4-м класе, і ён настолькі мяне ўразіў, што рэгулярна бываю там.
Чаму ў школах мала мужчын?
Каб дзеці бачылі розныя падыходы, розныя мадэлі паводзін у той ці іншай сітуацыі, у школе абавязкова павінны працаваць і жанчыны, і мужчыны. Не з усімі пытаннямі юнакі вырашацца звярнуцца да настаўніц. А ім таксама хочацца часам з кімсьці параіцца, абмеркаваць свае праблемы.
Чаму мужчыны неахвотна сёння ідуць працаваць у школу? Збольшага, на мой погляд, з-за ўкаранёнага міфа аб нізкіх заробках. Насамрэч яны цалкам годныя, калі шмат працаваць. Яшчэ ёсць распаўсюджанае перакананне ў тым, што прадстаўнікі моцнага полу горш за жанчын знаходзяць агульную мову з дзецьмі. Нам, сапраўды, звычайна трэба больш часу, каб адаптавацца да зносін з вучнямі, настроіцца на адну хвалю з імі, але гэта не значыць, што педагогіка — не для нас. Прызнаюся, часам перанервуюся і раздумваю аб тым, каб сысці са школы, «адпачыць» ад такой вялікай адказнасці. А потым адзін вучань выйграе алімпіяду, іншы скажа нешта прыемнае, і вырашаеш не спяшацца. Ды і з калектывам шкада раставацца.
ШІ — нам у дапамогу
Школа выдатна развівае тайм-менеджмент, вучыць дзейнічаць у крызісных сітуацыях, працаваць у рэжыме шматзадачнасці, прагназаваць свае і чужыя крокі. Я ўпэўнены: штучны інтэлект не здольны замяніць выкладчыка. Але асабіста я б не адмовіўся ад яго ў якасці дапаможніка. Ёсць задачы, якія можна з лёгкасцю дэлегаваць ШІ, каб крыху сябе разгрузіць. Напрыклад, ён можа генерыраваць ідэі, складаць тэставае заданне, план, падказаць цікавы пачатак урока.
У пошуку...
Часта чую ад калег: «Ну калі мы ўжо пагуляем на тваім вяселлі?» Ну што тут адказаць? Цяпер у мяне 35 дзяцей у 5-м «А», я за іх адказваю. Мне хочацца прафесійна рэалізавацца, у мяне шмат цікавых ідэй. Здаецца, у сучасным свеце ствараць уласную сям’ю пасля 30 гадоў — гэта нармальна. З маіх сяброў-аднагодкаў ніхто яшчэ не ажаніўся. Гэта не значыць, што сям’я для нас не мае каштоўнасці. Мае. Менавіта таму мы адказна падыходзім да яе стварэння, да пошуку спадарожніц жыцця.
Вольга Паклонская, фото Ксеніі Ліннік