У сучасным грамадстве інклюзія паступова становіцца неад’емнай часткай жыцця, адкрываючы новыя гарызонты для людзей з інваліднасцю. Адным з яскравых прыкладаў гэтай тэндэнцыі з’яўляецца інклюзіўная кавярня ў Мінску, дзе разнастайнасць становіцца сілай, а кава — сімвалам адзінства і ўзаемаразумення.
Першапачаткова праект быў створаны актывістам-калясачнікам Аляксандрам Аўдзевічам і называўся «Інклюзіўны барыста». Асноўная сутнасць праекта заключалася ў навучанні людзей з інваліднасцю прафесіі барыста. Але праз нейкі час стала зразумела, што аднаго навучання мала, патрабуюцца яшчэ і спецыялізаваныя кавярні, дзе могуць працаваць навучэнцы гэтага курса. Уласна кажучы, рэалізацыя задумы не прымусіла сябе доўга чакаць. Першая кавярня адкрылася ў Магілёве, а пасля сетка пачала пашырацца і ў іншых гарадах Беларусі. Што немалаважна, усе кавярні адразу скарылі сэрцы кліентаў. Людзі з задавальненнем прыходзяць туды не толькі па смачную каву, але і пакантактаваць.
Мы апынуліся ў гасцях адной са сталічных кавярняў і першым супрацоўнікам, з якім нам удалося пагутарыць, стаў менеджар Васіль Паўлікаў.
У хлопца сіндром Даўна, але са сваімі абавязкамі ён спраўляецца выдатна. Менавіта з ім мы дамовіліся аб інтэрв’ю, а цяпер ён пазнаёміў нас з калектывам. Старажылам сярод барыста з’яўляецца Наталля Астаніна.
У дзяўчыны захворванне ад нараджэння — анамалія спіннога мозгу і пазваночніка, з дзяцінства яна перасоўваецца на калясцы. Наталля была першай, хто прыступіў да працы.
— На момант адкрыцця нашых кавярняў гэтая тэма была даволі новая і цікавая. Мы атрымлівалі шмат паведамленняў, што людзі хочуць працаваць у нас, — успамінае дзяўчына. — Зразумела, усіх, на жаль, мы ўзяць не маглі. Адбіралі па магчымасцях, бо барыста — гэта прафесія не толькі пра выраб кавы, але і пра зносіны з людзьмі. І не ўсе калясачнікі былі да гэтага гатовыя. Да таго ж тут яшчэ і вельмі цяжкая фізічная праца, бо ў дзень мы варым сотні кубкаў кавы. Свой першы працоўны дзень я памятаю, але ён не быў для мяне нейкім асаблівым. Усё таму, што я мела вопыт працы ў іншых кавярнях і не толькі. Аднак, нягледзячы на гэта, лёгкае хваляванне ўсё роўна прысутнічала. Цяпер я ўжо на сто працэнтаў упэўнена ў сваіх сілах, спакойна магу прыгатаваць кліентам смачную каву, і ў цэлым мая прафесія прыносіць мне толькі задавальненне. Адзіная цяжкасць, з якой даводзіцца сутыкацца, — гэта дарога на работу, асабліва ў дрэннае надвор’е.
Кавярню прыйшлося будаваць з дадатковымі нормамі, каб усе барыста маглі працаваць у камфорце. Так, напрыклад, улічваліся вышыня і шырыня аб’ектаў, каб супрацоўнікі маглі дацягнуцца да патрэбных рэчаў. Ну і, вядома, прастора самога памяшкання: каб, перасоўваючыся на калясках, барыста не перашкаджалі адзін аднаму.
Яшчэ нам удалося пагутарыць у перапынку паміж наведвальнікамі з Дар’яй Захаранкавай. З праграмай інклюзіўнай кавярні дзяўчына пазнаёмілася ў 2019 годзе, калі ў Віцебск, адкуль яна родам, прыехаў заснавальнік кафэ разам з Наталляй праводзіць майстар-клас, пасля якога Дар’ю і запрасілі на работу.
— Вядома, спачатку было страшнавата, былі сумненні, бо мне трэба было выйсці з зоны камфорту. На той момант прайшло гады два пасля траўмы, якая прыкавала мяне да інваліднага крэсла. І ўвесь гэты час я жыла ў цяплічных умовах, у сям’і. Але я ўсё ж вырашыла рызыкнуць, і гэта цалкам апраўдалася. Не скажу, што працаваць лёгка. У нас вялікі паток кліентаў, і часам за перапынак проста не паспяваеш адпачыць. Але лічу, што ўсе складанасці перакрывае такі плюс, як сацыялізацыя. Праца ў кавярні дае магчымасць быць у соцыуме і не сядзець дома.
Акрамя смачнай кавы і натхнення ў кавярні таксама можна набыць шоперы з малюнкамі юных мастакоў з аўтызмам. А ў свабодны ад працы час калектыў з радасцю наведвае розныя мерапрыемствы і творчыя сустрэчы ў якасці запрошаных гасцей і спікераў. Бо яны служаць сапраўдным прыкладам таго, што пры жаданні развівацца няма нічога немагчымага.
фота аўтара