Тэмпературныя арэлі
Сёлета вясной нас кідае то ў спякоту, то ў холад.
Пасля нечаканых замаразкаў у пачатку красавіка, у сярэдзіне месяца да нас зазірнуў амаль што чэрвень.
Як паведамілі ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды, ужо на гэтым тыдні чакаецца паніжэнне тэмпературы.
Сёння надвор’е ў Беларусі будзе вызначаць цёплая няўстойлівая паветраная маса. Пераменная воблачнасць. Ноччу пераважна без ападкаў, днём месцамі па краіне чакаюцца невялікія кароткачасовыя дажджы і навальніцы. Ноччу і раніцай у асобных раёнах слабы туман. Вецер ноччу няўстойлівы слабы, днём паўднёвы ўмераны, пры навальніцах парывісты. Тэмпература паветра ўначы ад плюс 8 да 14 °С, месцамі плюс 4–7 °С, максімальная днём будзе даходзіць да 23–29 °С.
У сераду з тэрыторыі Польшчы чакаецца зрушэнне франтальнага падзелу. Воблачна з праясненнямі. На большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы, месцамі з навальніцамі. Ноччу і раніцай у асобных раёнах слабы туман. Вецер паўднёвы з пераходам на паўночны ўмераны, пры навальніцах — парывісты. Тэмпература паветра ўначы ўсталюецца на ўзроўні плюс 7–14 °C, а максімальная днём — ад плюс 16 °C па паўночным захадзе, да 28 °C па паўднёвым усходзе краіны.
У чацвер надвор’е будуць вызначаць атмасферны фронт і няўстойлівая паветраная маса. Воблачна з праясненнямі. Месцамі па краіне чакаюцца кароткачасовыя дажджы і навальніцы. Тэмпература паветра ўначы плюс 5–11 °С, па паўднёвым усходзе Беларусі да 14 °С. Максімальная тэмпература днём плюс 15–22 °С, на поўдні краіны паветра прагрэецца да 25 °С. Праўда, далей будзе яшчэ халадней.