Увядзенне ў храм Прасвятой Багародзіцы — свята, якое прыйшло да нас з Царкоўнага Падання. У гэты дзень хрысціяне ўспамінаюць, як святыя Іаакім і Ганна прывялі трохгадовую Дзеву Марыю ў Іерусалімскі Храм. Так бацькі Багародзіцы выканалі сваё абяцанне — абяцанне прысвяціць доўгачаканую дачку Богу. Расказваем пра гісторыю, асаблівасці і традыцыі свята.
Што такое Увядзенне ў храм Прасвятой Багародзіцы
Увядзенне ў храм Прасвятой Уладычыцы нашай Багародзіцы і Вечнадзевы Марыі — так поўнасцю называецца свята, якое Праваслаўная царква адзначае 4 снежня (па новым стылі). Гэта другое дванадзясятае багародзічнае свята царкоўнага года. Дванадзясятымі называюцца святы, якія дагматычна цесна звязаны з падзеямі зямнога жыцця Госпада Ісуса Хрыста і Багародзіцы і дзеляцца на гасподскія (прысвечаныя Госпаду Ісусу Хрысту) і багародзічныя (прысвечаныя Божай Маці).
У гэты дзень праваслаўныя хрысціяне ўспамінаюць, як святыя праведныя Іаакім і Ганна прывялі сваю трохгадовую дачку — Прасвятую Багародзіцу — у Іерусалімскі Храм. Зрабілі яны гэта, каб выканаць сваё абяцанне перад Госпадам — прысвяціць дачку служэнню Яму. З гэтага дня Дзева Марыя жыла пры Іерусалімскім Храме — да таго самага моманту, як была заручана з праведным Іосіфам.
Слова «Прасвятая» азначае, што Божая Мацi па сваiх дасканаласцях i сваёй святасцi стаiць не толькi вышэй за людзей, але i за святых Анёлаў. «Вечнадзева» — значыць, што Божая Мацi да Нараджэння Хрыста была дзева, i пры нараджэнні i пасля нараджэння дзiвосным чынам засталася дзеваю.
Падзеі Увядзення ў храм Прасвятой Багародзіцы
Калі Дзеве Марыі споўнілася тры гады, яе праведныя бацькі Іаакім і Ганна зразумелі, што прыйшоў час выканаць абяцанне, якое яны далі Богу. А менавіта — прысвяціць дачку служэнню Яму. Яны прывялі Марыю да сцен Іерусалімскага Храма. Як гаворыць Святое Паданне, Багародзіца лёгка паднялася па стромкіх прыступках, нягледзячы на тое, што была зусім малой. Наверсе яе ўжо чакаў першасвятар, каб благаславіць. Паводле некаторых крыніц, гэта быў святы Захарыя, будучы бацька прарока Іаана Прадцечы.
Захарыю было адкрыццё ад Госпада, і ён увёў Марыю ў Святая Святых — месца, куды дазвалялася ўваходзіць толькі першасвятарам, ды і то ўсяго адзін раз на год. З гэтага незвычайнага для сучаснікаў моманту пачалася доўгая, слаўная і цяжкая дарога Божай Маці.
Ішлі гады, Багародзіца жыла і служыла пры Храме. Праводзіла свае дні ў малітве, вывучала Святое Пісанне — аж да моманту, калі была заручана з праведным Іосіфам.
Калі святкуецца Увядзенне ў храм Прасвятой Багародзіцы
Увядзенне ў храм Прасвятой Багародзіцы святкуецца 4 снежня па новым стылі (21 лістапада па старым стылі). Гэта непераходзячае свята, гэта значыць дата яго нязменная.
Шырокае распаўсюджванне свята атрымала толькі з IX стагоддзя.
У дзень Увядзення ў храм Прасвятой Багародзіцы святочнае богаслужэнне складаецца з малой вячэрні, усяночнага няспання (з літыяй), літургіі. Статут службы практычна не адрозніваецца ад статута іншых дванадзясятых багародзічных святкаванняў (Нараджэння Багародзіцы і Успення). Спяваюцца толькі спевы свята. Святары апрануты ў белыя і/або блакітныя ўборы.
Традыцыі святкавання Увядзення ў храм Прасвятой Багародзіцы
На Русі па ўсіх гарадах і вёсках праводзіліся шумныя і вясёлыя ўводзінскія кірмашы. Тут праходзілі рыбныя таргі, а каробачнікі прапаноўвалі пакупнікам пакаштаваць булачкі, завітушкі, пернікі, блінцы, піражкі. Запівалі ўсё гарачым мядовым напоем — збітнем.
Што абавязкова трэба зрабіць у гэты дзень?
Праваслаўныя вернікі імкнуцца ўзмацніць сваю малітву Прасвятой Багародзіцы. Маці Божую просяць хадайнічаць перад Богам аб выратаванні душы.
Усім, хто хоча правесці свята з карысцю для душы, трэба абавязкова пабываць у храме. Таксама важна прачытаць святаайцоўскія настаўленні, якія дапамагаюць лепш зразумець падзеі Увядзення ў храм Багародзіцы.
Дарэчы, свята прыпадае на Калядны пост (яго яшчэ называюць Піліпаў). Таму вернікам, якія трымаюцца яго, дазваляецца ўжываць толькі посную ежу.