І немаўляты таксама дашкаляты
Па словах галоўнага спецыяліста аддзела дашкольнай адукацыі галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі Вольгі ЛЯШКОВІЧ, летась дашкольную адукацыю атрымалі 88,5 % дзяцей ад 1 да 6 гадоў. Яна таксама адзначыла, што ўсім законным прадстаўнікам без выключэння прадастаўляецца месца для дзіцяці ва ўстановах дашкольнай адукацыі.
— Для таго каб удакладніць інфармацыю аб наяўнасці свабодных месцаў у дзіцячым садку, неабходна проста зайсці на інтэрнэт-партал ведамства, — зазначыла Вольга Ляшковіч. — Альбо на сайт камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, альбо на сайты галоўных упраўленняў адукацыі аблвыканкамаў — і ўся неабходная інфармацыя будзе перад вамі ў выглядзе інтэрактыўных карт са спасылкай на канкрэтную ўстанову і колькасць свабодных месцаў у ёй. Звесткі заўсёды актуальныя, абнаўляюцца на першае чысло кожнага месяца.
Варта адзначыць, што для зручнасці бацькоў і іх малых робіцца сёння вельмі шмат. Напрыклад, арганізаваны падвоз дзяцей, якія жывуць у сельскай мясцовасці, да дашкольных устаноў адукацыі.
— Для дзетак, якія па медыцынскіх паказаннях не могуць наведваць дзіцячыя сады, ёсць магчымасць атрымліваць дашкольную адукацыю дома, — працягнула галоўны спецыяліст Мінадукацыі. — Такіх выхаванцаў у нас у краіне 193.
Рэжым работы дашкольных устаноў таксама падпарадкаваны інтарэсам бацькоў і дзяцей: час знаходжання выхаванцаў ва ўстанове адукацыі можа складаць у розныя часавыя адрэзкі ад 2 да 7–10 з паловай гадзін, 12 і 24 гадзіны.
— Час работы ўстановы або асобных груп устанаўліваецца заснавальнікам. Але пры гэтым па запыце законных прадстаўнікоў дзіцячы сад або група пераводзяцца на той рэжым, які неабходны. Устаноў, якія працуюць 10 з паловай гадзін, — пераважная большасць. Ёсць дзіцячыя садкі (іх 815), што адчынены 12 гадзін. Ёсць і кругласутачныя, іх у нас 15.
Працягваючы тэму, прадстаўнік адукацыйнага ведамства зазначыла, што апошнім часам набіраюць папулярнасць групы кароткачасовага знаходжання.
— Мы максімальна ствараем умовы для адкрыцця такіх груп, — канстатавала яна. — На іх ёсць попыт і запыты законных прадстаўнікоў. Вывучаем і ўлічваем рэсурсныя ўмовы кожнай установы і ідзём насустрач гэтым запытам.
Словы пра папулярнасць такога кірунку пацвярджаюць і лічбы: у 2024/2025 навучальным годзе функцыянавала 2556 такіх груп, а ахоп дзяцей у іх складаў 19 836 чалавек. З гэтай колькасці 1883 групы дзейнічае ў гарадах, 673 — у сельскай мясцовасці.
— Такія групы ўяўляюць сабой і сезонныя пляцоўкі, і пляцоўкі для гульняў, — удакладніла Вольга Ляшковіч. — Прагулачныя, вячэрнія, мацярынскія і групы выхаднога дня. Таксама да іх адносяцца і тыя, дзе праходзіць адаптацыйная падрыхтоўка да школы. Яны, дарэчы, на сёння самыя папулярныя.
Агучыла прадстаўнік Мінадукацыі яшчэ адзін цікавы факт: аказваецца, аддаць дзіця ў яслі можна з двух месяцаў.
— Па Кодэксе аб адукацыі ранні ўзрост пачынаецца з двух месяцаў да трох гадоў, дашкольны ўзрост — ад 3 гадоў да ўладкавання ва ўстанову агульнай сярэдняй адукацыі альбо ва ўстанову спецыяльнай адукацыі, — растлумачыла яна. — Гэта значыць, што любы законны прадстаўнік можа аддаць дзіця з двух месяцаў ва ўстанову адукацыі.
Калі ж казаць пра ранні ўзрост, то тут арганізоўваюцца розныя групы: першага ранняга ўзросту — да года, другога ранняга ўзросту — з года да двух і першая малодшая група — з двух да трох гадоў. У краіне сёння восем дзетак да года атрымліваюць дашкольную адукацыю, а ва ўзросце з года да двух — па краіне амаль 4 тысячы.
Рэсурсны патэнцыял
Апорай педагагічных, навуковых кадраў, навукова-метадычнага і рэсурснага патэнцыялу дэкан факультэта дашкольнай адукацыі Беларускага педуніверсітэта імя М. Танка
Вольга АНЦЫПІРОВІЧ назвала ўстановы, дзе рыхтуюць спецыялістаў для дашкольнай адукацыі.
— Людзей самай выдатнай прафесіі ў краіне рыхтуюць 17 каледжаў і 8 універсітэтаў, — паведаміла дэкан. — На нашым факультэце ўсяго адна спецыяльнасць — «Дашкольная адукацыя». Цяпер ідзе асноўны прыём на бюджэтную і далей — на платную формы атрымання адукацыі. Прахадны бал дазваляе паступіць на факультэт тым, хто добра вучыўся ў школе і здаў цэнтралізаваны экзамен або тэсціраванне.
На «дашкольным» таксама практыкуюцца дзве формы атрымання завочнай адукацыі — поўная і скарочаная. Па першай навучанне складае 5 гадоў, па другой — 3.