Top.Mail.Ru
281

Сёння — Дзмітрыеўская бацькоўская субота

Сёлета Дзмітрыеўскую бацькоўскую суботу, дзень памінання спачылых, праваслаўныя хрысціяне адзначаюць 1 лістапада. 2-га лістапада ў Беларусі — Дзень памяці, рэлігійны святочны дзень, устаноўлены Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 1998 годзе. У католікаў жа дата памінання ўсіх памерлых пастаянная — 2 лістапада. (У народзе гэтыя памінальныя дні называюць Дзяды.)


Чаму Дзмітрыеўская?

Штогадовая «прывязка» да календара простая: гэта субота, якая папярэднічае дню памяці святога велікамучаніка Дзімітрыя Салунскага (8 лістапада па новым стылі).
Старажытны военачальнік-хрысціянін, закатаваны за сваю евангельскую пропаведзь, заўсёды шанаваўся на Русі, нездарма вялікія князі давалі яго імя сваім сынам. Вось і ў святога князя Дзмітрыя Данскога, які праславіўся перамогай над татара-манголамі ў 1380 годзе, нябесным апекуном быў Дзімітрый Салунскі. Пасля вяртання свайго з поля Кулікова князь Маскоўскі Дзмітрый загадаў штогод здзяйсняць памінальныя богаслужэнні па ўсіх рускіх воінах, якія загінулі ў бітве. Для гэтага і ўстанавіў асаблівую памінальную суботу напярэдадні святкавання сваіх імянін — Дзмітрыеўскую.
І тыя, хто жадае ўспомніць памерлых, на Дзмітрыеўскую бацькоўскую суботу могуць прыйсці ў храм, памаліцца аб блізкіх душах разам з іншымі прыхаджанамі і духавенствам і, прама тут жа, у храме, здзейсніць міласціну, якая абавязкова «залічыцца» на тым свеце.

Дзяды — памінальныя дні ў народным календары

У залежнасці ад мясцовасці ў годзе такіх дзён было некалькі: Масленічныя, Пакроўскія, Міхайлаўскія і інш. Найважнейшыя з іх — Восеньскія. У кожных з іх былі асаблівасці. Напрыклад, калі на Радуніцу жывыя ідуць на могілкі да памерлых, а на Восеньскія Дзяды — наадварот. А гасцей, няхай нават з таго свету, трэба сустракаць як мае быць: прыбраным домам, смачнымі стравамі. Гаспадар дома браў кавалачак хлеба ці лыжку кашы, падыходзіў да дзвярэй ці да акна, клікаў продкаў: «Дзяды-дзядочкі, старыя і малыя, з усяго свету сабраныя! Ідзіце да нас на вячэру! Самі ідзіце, сваіх дзетак вядзіце, а хто ня можа ісці — на ручках нясіце!»
На стол абавязкова ставілі гарачую страву. Гэта мог быць толькі што выпечаны хлеб, пірог, боршч з квашанай капусты. Галоўнае, каб са стравы ішла пара, бо, паводле павер’я, менавіта яна — галоўная ежа для душ, якія зазірнулі ў хату на Дзяды. Для продкаў ставілі асобную талерку з кавалачкам хлеба, ежай. Ідучы спаць, яе пакідалі на ноч на стале.
У святочны дзень важна было не забыцца пра куццю — кашу, якую варылі са збожжа, чыё прарастанне сімвалізуе вечнае жыццё. Зараз куцця — крупяная: з рысу, проса. Таксама на стале абавязкова павінна быць мясная страва і салодкі напой: у адной мясцовасці гэта вада з мёдам, у другой — кісель, у трэцяй — саладуха. 
Разам з абавязковымі рытуальнымі стравамі гатавалі і тыя, што асабліва любілі памерлыя пры жыцці. 

Добрым словам і малітвай

Беларусы здаўна верылі, што душы памерлых не знікалі «ў нябыт», а працягвалі ўзаемадзейнічаць з тымі, хто жыве. Лічылася, што пасля смерці продкі дапамагалі жывым, нават садзейнічалі ўраджаю. Таму захоўваць памяць аб іх і перадаваць з пакалення ў пакаленне — справа гонару сям’і. Седзячы за сталом на Восеньскія Дзяды, прынята размовы весці аб тых, хто пайшоў: успамінаць іх добрыя ўчынкі, парады і навучанні, каб моладзь ведала і ганарылася. Але ў той жа час не варта плакаць аб іх і тым больш памінаць іх дрэнным словам. Думайце і гаварыце пра ўсё добрае, што яны зрабілі ў жыцці, са светлай душой і з усмешкай.
Яшчэ адна добрая традыцыя ў такія дні — практыка міласціны. Гэта можа быць матэрыяльная падтрымка, добры ўчынак у адрас любога знаёмага ці незнаёмага чалавека, які мае патрэбу ў дапамозе. Хтосьці ахвяруе грошы, іншы прыносіць у храм прадукты — у царкве ёсць спецыяльныя месцы, дзе можна іх пакінуць.

Прыкметы

Па тым, што адбываецца ў прыродзе на Восеньскія Дзяды, можна прадказаць надвор’е.

• Калі стаіць цёплае надвор’е, зіма будзе з адлігамі.
• Калі ў гэты дзень не будзе снегу, Вялікдзень будзе цёплы. Калі наадварот, то на Вялікдзень таксама будзе снежна.
• Снежны дзень гаворыць таксама аб тым, што вясна будзе позняй.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю