Top.Mail.Ru

Сёння даследчай дзейнасцю займаецца 14 тысяч беларускіх навукоўцаў

Прагрэс рухае навука

Без навукі не можа быць краіны — такім быў асноўны пасыл да дзеячаў навукі Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі на нарадзе па пытаннях развіцця навуковай сферы і дзейнасці Нацыянальнай акадэміі навук, якая прайшла ў лістападзе мінулага года. Кіраўнік дзяржавы выказаў нямала заўваг з нагоды сітуацыі ў навуковай сферы Беларусі і пазначыў ключавыя задачы для Нацыянальнай акадэміі навук, падкрэсліўшы: «Беларускае грамадства чакае ад навукоўцаў новых прарыўных ідэй, утрымання лідзіруючых пазіцый у традыцыйных кірунках навуковай спецыялізацыі, пашырэння кампетэнцый у сусветных вектарах навукова-тэхнічнага прагрэсу». У той жа час Аляксандр Лукашэнка канстатаваў: «Дасягненні ў нашай навукі ёсць. Перш за ўсё ў галіне матэрыялазнаўства, інфармацыйных тэхналогій, медыцыны, сельскай гаспадаркі, біятэхналогій, касмічных даследаванняў і некаторых іншых» і пазначыў вектар руху — толькі наперад.

Арыентаваны на патрэбы эканомікі

Па словах намесніка старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Таццяны СТАЛЯРОВАЙ, спецыфіка бягучай пяцігодкі заключаецца ў тым, што без навукі будзе складана рэалізоўваць тыя маштабныя, амбіцыйныя і грандыёзныя задачы, якія пастаўлены практычна перад усімі сферамі жыццядзейнасці нашага грамадства.

— На бягучы пяцігадовы цыкл у краіне прыняты адзіныя прыярытэтныя кірункі навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці. Гэта лічбавыя тэхналогіі і штучны інтэлект, інавацыйныя тэхналогіі ў прамысловасці, біялагічныя і медыцынскія тэхналогіі, інавацыйныя тэхналогіі ў аграпрамысловым комплексе і харчовай прамысловасці, навуковае і навукова-тэхнічнае забеспячэнне бяспекі чалавека, грамадства і дзяржавы, — расказала намеснік старшыні ДКНТ.

У адпаведнасці з гэтымі прыярытэтамі сфарміраваны і праграмы фундаментальных і прыкладных даследаванняў, а таксама праграмы, якія дазваляюць рэалізаваць буйныя інавацыйныя праекты.

— Пералік даволі аб’ёмны, — падзялілася Таццяна Сталярова. — У ім 20 праграм, але не буду спыняцца на кожнай, лепш — на навіне: у бягучай пяцігодцы будуць рэалізоўвацца шэсць рэгіянальных праграм, замест адной у Брэсцкай вобласці, як гэта было яшчэ летась.

На думку намесніка старшыні Дзяржкамітэта, гэты факт варта разглядаць перш за ўсё як павелічэнне ведаў і кампетэнцый у самых розных сферах дадатку: ад раслінаводства да медыцыны.

— На выхадзе гэтыя стратэгіі будуць напоўнены сапраўды значнымі праектамі для рэгіёна, дапамогуць у тым ліку вырашаць пытанні імпартазамяшчэння, тэхналагічнага суверэнітэту і іншыя, — рэзюмуе намеснік старшыні Дзяржкамітэта.

Навуковая дзейнасць і яе новая архітэктура

Навуковая сфера ў нашай краіне складаецца з трох буйных блокаў: акадэмічная, універсітэцкая і галіновая навукі. Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, як найвышэйшая навуковая арганізацыя Беларусі, каардынуе дзейнасць у галіне навукова-даследчых работ, перш за ўсё гэта дзяржаўныя навукова-даследчыя праграмы, а таксама прымае ўдзел ва ўсіх без выключэння праграмах навуковых даследаванняў.

— Сёння сфарміравана архітэктура новага пяцігадовага цыкла навуковых даследаванняў, — кажа галоўны вучоны сакратар Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Васіль ГУРСКІ. — Яе падмурак — дзяржаўная праграма «Навука для эканомікі і грамадства». А асновай гэтага падмурка служаць нашыя яркія і ўражальныя дасягненні.

28 снежня з расійскага касмадрома Усходні былі запушчаны два беларускія спадарожнікі. Абодва, падкрэслівае Васіль Гурскі, зроблены ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Уся ўнутраная апаратура гэтых спадарожнікаў — таксама распрацоўка беларускіх навукоўцаў.

— У штатным рэжыме ў зададзены час абодва спадарожнікі выйшлі на арбіту, — інфармаваў навуковец. — У цяперашні час яны ўключаюцца ў дзейнасць па зборы неабходнай інфармацыі, якая будзе перадавацца да нас у геаінфармацыйную сістэму.

Спадарожнікі, запушчаныя на арбіту, прызначаны для распазнання тэрмічных анамалій — гэта значыць выяўлення любых узгаранняў, пажараў, тэхнагенных катастроф і гэтак далей.

— Гэта мае вельмі вялікую практычную карысць для краіны, — дзеліцца Васіль Гурскі. — Спадарожнік дазваляе вызначыць наяўнасць пажараў не толькі на тэрыторыі нашай краіны, але і вакол.

У арсенале Акадэміі навук нямала карысных распрацовак. Галоўны навуковы штаб краіны кожны год заключае сотні гаспадарчых дагавораў з прамысловымі прадпрыемствамі ў сферы мікраэлектронікі, штучнага інтэлекту, стварэння нейронавых сетак і іншых.

— Нашымі навукоўцамі распрацавана цэлая лінейка проціпухлінных прэпаратаў сусветнага ўзроўню, — працягнуў прадстаўнік НАН.

Па яго словах, практычна ўсе навуковыя распрацоўкі Нацыянальнай акадэміі навук цяпер пераарыентаваны на патрэбы эканомікі, патрэбы нашага рэальнага сектара. І тут Акадэмія навук актыўна ўзаемадзейнічае з усімі без выключэння міністэрствамі.

— Штогод у рэальным сектары эканомікі ўкараняецца да 300 распрацовак вучоных НАН, — працягнуў галоўны вучоны сакратар. — Акрамя таго, мы ствараем і ўласныя вытворчыя ўчасткі, развіваем уласную вытворчасць на аснове сваіх жа распрацовак.

Цэлюлоза з... лёну

Адукацыя і навука — дзве сферы, якія традыцыйна трывала звязаны паміж сабой, узаемна дапаўняюць і ўзбагачаюць адна адну. Сістэма вузаўскай навукі сёння — гэта 34 акрэдытаваныя навуковыя арганізацыі, уключаючы 21 універсітэт, гэта 4,5 тысячы работнікаў, занятых даследаваннем, 33 галіновыя лабараторыі.

— Кожны год нашымі навукоўцамі выконваецца каля 1300 заданняў навукова-даследчай і доследна-канструктарскай работ, — расказвае першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр БАХАНОВІЧ. — Універсітэтамі таксама праводзяцца даследаванні ў рамках некалькіх тысяч гаспадарчых дагавораў для суб’ектаў гаспадаркі.

Сярод найбольш знакавых праектаў, рэалізаваных на практыцы, Аляксандр Бахановіч назваў інавацыйную гібрыдную тэхналогію фарміравання зносастойкіх пакрыццяў для Беларускага металургічнага завода, інфармацыйна-аналітычную сістэму «Прыродныя рэсурсы Беларусі» — для Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Таксама распрацаваны цеплаізаляцыйны вогнеахоўны кампазіцыйны матэрыял на тэкстыльнай аснове, які супастаўны з імпартнымі аналагамі, але пры гэтым мае меншы сабекошт, бо выкарыстоўваецца айчынная сыравіна. У спісе сумесных распрацовак — хімічна чыстая цэлюлоза з валокнаў лёну ўзамен імпартнай бавоўны для вытворчасці энерганасычаных матэрыялаў.

— Яе вытворчасць мяркуецца на Аршанскім ільнокамбінаце, — удакладніў Аляксандр Бахановіч.

Ён таксама канстатаваў, што ў навукова-тэхнічным парку БНТУ сумесна з рэспубліканскімі навукова-практычнымі цэнтрамі Міністэрства аховы здароўя распрацаваны і робяцца чатыры новыя вырабы медыцынскага прызначэння для траўматалогіі і нейрахірургіі.

Для вырашэння найважнейшых навукова-тэхнічных задач прадпрыемствамі рэальнага сектара эканомікі рэгіёнаў ужо падрыхтавана і прынята да выканання 24 праекты заданняў. Работа па фарміраванні новых праектаў працягваецца. Акрамя таго, навуковыя арганізацыі ВНУ выконваюць каля 100 сумесных міжнародных праектаў з калегамі з Расійскай Федэрацыі, Кітая, краін СНД. Міністэрствам адукацыі сумесна з Акадэміяй навук распрацаваны праект Дагавора аб супрацоўніцтве. Летась адукацыйнае ведамства падпісала шэраг дагавораў аб супрацоўніцтве з галіновымі міністэрствамі і ведамствамі — міністэрствамі прамысловасці, энергетыкі, Мінлясгасам, Мінжылкамгасам, Белнафтахімам і іншымі.

— У бягучым годзе мы працягнем гэту работу, — запэўніў Аляксандр Бахановіч.

Алена ВІНАГРАДАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю