Доказная медыцына не толькі пацвярджае эфектыўнасць гэтага найстаражытнейшага тэрапеўтычнага метаду, але і звяртае ўвагу на выпрацоўку эндарфінаў і дафаміну (гармону задавальнення) падчас яго правядзення.
Але ж варта памятаць прапісную ісціну: карысць здароўю ён прыносіць, толькі калі яго прымяняюць высокакваліфікаваныя спецыялісты. Самалячэнне здольна прывесці да трагедый. Яскравае пацвярджэнне таму — нядаўні выпадак
у Мазыры. У пачатку жніўня хуткая дапамога даставіла ў бальніцу мясцовую жыхарку з двухбаковым пнеўматораксам. Як высветлілася, яна самастойна праводзіла дома сеансы «самадапамогі», выкарыстоўваючы ў якасці інструмента іголкі ад шпрыца. У той раз жанчына «лячыла» спіну і фактычна пракалола сабе лёгкія. Усё магло скончыцца трагедыяй, калі б яна, адчуўшы сябе дрэнна, не выклікала хуткую дапамогу.
Каб не дадаваць работы медыкам, папрасілі спецыяліста расказаць пра іголкарэфлексатэрапію, асаблівасці яе прымянення і эфектыўнасць.
— Іголкарэфлексатэрапія (іголкаўколванне, акупунктура) — гэта ўздзеянне на арганізм з мэтай прафілактыкі або лячэння спецыяльнымі іголкамі, якія ўводзяцца ў пэўныя зоны скуры (акупунктурныя кропкі), — тлумачыць урач-рэфлексатэрапеўт Клінічнага цэнтра традыцыйнай кітайскай медыцыны ГКБ № 10 г. Мінска Вікторыя
Данская. — Звычайна для дасягнення найбольшага эфекту іголкаўколванне сумяшчаюць з іншымі метадамі фізіятэрапіі і рэабілітацыі, масажам, лячэбнай фізкультурай. Напрыклад, пры болевых сіндромах яго часта рэкамендуюць спалучаць з карбаксірэфлексатэрапіяй, магніта- і лазератэрапіяй.
Справа тонкая
— Большасць айчынных іголкарэфлексатэрапеўтаў стажыраваліся ў Кітаі, на радзіме гэтага метаду, — адзначае Вікторыя Данская. — Дарэчы, у розных правінцыях КНР ёсць свае асаблівасці ў падыходах і правядзенні сеансаў акупунктуры. Яе тонкасці можна спасцігаць усё жыццё. Гэта сапраўднае мастацтва — з сотняў акупунктурных пунктаў правільна абраць тыя, уздзеянне на якія дасць найбольшы эфект у канкрэтнага пацыента. Толькі на вушной ракавіне размешчана больш за 100 пунктаў, якія мы актыўна выкарыстоўваем пры лячэнні.
Колькі сеансаў трэба наведаць дзеля дасягнення выніку?
Звычайны курс лячэння — 5–10 працэдур. Але бываюць і больш працяглыя. Камусьці дастаткова аднаго курса, а камусьці пасля першага мы праз 2-3 тыдні прызначаем ужо наступны. Ёсць пацыенты, якія кожныя паўгода наведваюць нас для падтрымання свайго стану. У залежнасці ад дыягназу іголкі могуць ставіць на 5–10, а могуць і на 40 хвілін. Пры некаторых паталогіях для пралангіраванага дзеяння мікраіголкі застаюцца ў вушной ракавіне пацыентаў на працягу некалькіх дзён.
Гематомы пасля акупунктуры — гэта нармальна?
— Так, яны з’яўляюцца ў многіх, — супакойвае спецыяліст. — Нярэдка пасля ўздзеяння на пункты акупунктуры пацыенты кажуць яшчэ і пра галавакружэнне, патлівасць. Гэта не павінна турбаваць.
Ад чаго залежыць вынік
— Эфектыўнасць іголкарэфлексатэрапіі залежыць ад зыходнага стану арганізма, спадарожных захворванняў, іх працягласці, — тлумачыць Вікторыя Данская. — На кансультацыі мы заўсёды вызначаем рэабілітацыйны патэнцыял пацыента. Калі ён высокі ці сярэдні, то эфект звычайна больш выяўлены; калі патэнцыял нізкі, то не варта разлічваць на хуткі прагрэс.
Пацыенты з якімі захворваннямі звяртаюцца да іголкарэфлексатэрапеўтаў часцей за ўсё?
Шмат пацыентаў з болевымі сіндромамі, праблемамі апорна-рухальнага апарату, перыферыйнай нервовай сістэмы, кампрэсійна-ішэмічнымі неўрапатыямі рук і ног, эндакрыннымі паталогіямі, захворваннямі ўнутраных органаў і г. д.
Якія ёсць супрацьпаказанні для лячэння акупунктурай?
Гэта вострыя інфекцыйныя захворванні, якія суправаджаюцца высокай тэмпературай, туберкулёз у актыўнай форме, розныя дэкампенсацыі хранічных станаў: дыхальнай сістэмы, сістэмы кровазвароту, цяжкія парушэнні сардэчнага рытму, ліхаманкі, анкалагічныя захворванні. Рэдка, але ўсё ж сустракаецца і індывідуальная непераноснасць працэдуры.
Ці ёсць нейкія абмежаванні падчас сеансаў іголкаўколвання?
— Мы просім пацыентаў адмовіцца ад курэння і алкаголю, — кажа Вікторыя Данская. — Тым, хто пакутуе ад болевых сіндромаў, раім знізіць фізічныя нагрузкі, адмовіцца ад працяглай хадзьбы. Але наогул акупунктура не патрабуе прыкметных змен у звычайным ладзе жыцця.
Вольга Паклонская