Top.Mail.Ru

Сёння адразу ў двух рэгіёнах Беларусі праходзяць фестывалі-кірмашы працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2026»


Харчовая бяспека краіны і поспехі новага аграрнага сезона Гомельшчыны

Удзельнікі абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2026» у Калінкавічах падвялі вынікі сельскагаспадарчага года паўднёва-ўсходняга рэгіёна.  

Вынікі і новыя планы 

Каб падзяліць радасць свята аграрыяў і прыняць удзел у фестывалі-кірмашы працаўнікоў вёскі на абласныя «Дажынкі» ў Калінкавічы прыехалі ганаровыя госці: кіраўнік спраў Прэзідэнта Беларусі, упаўнаважаны кіраўніка дзяржавы ў Гомельскай вобласці Юрый Назараў, намеснік прэм’ер-міністра Аляксандр Церахаў, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Матусевіч, старшыня аблвыканкама Іван Крупко, памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гомельскай вобласці Юрый Валяваты.

Цырымонія ўзнагароджання лепшых з лепшых аграрыяў паўднёва-ўсходняга рэгіёна пачалася з абвяшчэння прывітальнага адраса Прэзідэнта, які з галоўнай святочнай сцэны зачытаў кіраўнік спраў Прэзідэнта Беларусі, упаўнаважаны кіраўніка дзяржавы ў Гомельскай вобласці Юрый Назараў. 
Асаблівая ўвагу ў гэты дзень ушанаванню герояў жніва Гомельшчыны, чыя самаадданая праца дазволіла ўпэўнена пераступіць планку ў больш як мільён тон збожжа і зрабіць паўднёва-ўсходняму рэгіёна свой унёсак ў рэспубліканскі каравай. 

— Асабліва важна, што Гомельшчына ўвесь час дадае, — падкрэсліў кіраўнік спраў Прэзідэнта Беларусі, упаўнаважаны кіраўніка дзяржавы ў Гомельскай вобласці Юрый Назараў. — Як адзначаў Прэзідэнт, амаль 1,2 мільёна тон збожжа сабралі, а гэта для Гомельшчыны добры вынік. Вядома, не мяжа, але вынік добры. Бо мы ж разумеем, што на Гомельшчыне ўнікальная прырода, — нагадаў Юрый Назараў і звярнуў увагу, што з улікам перыядычнай засухі ў Гомельскай вобласці трэба абдумваць выкарыстанне дадатковых тэхналогій паліву. — І вынік ёсць, і прыбаўляюць штогод. Вось гэта самае важнае, — словы шчырай падзякі героям сёлетняй уборачнай  кампаніі Гомельшчыны адрасаваў кіраўнік спраў Прэзідэнта Беларусі, упаўнаважаны кіраўніка дзяржавы ў Гомельскай вобласці. 

Дэлегацыі раёнаў, прадстаўнікі гаспадарак рэгіёна, удзельнікі ўрачыстага шэсця перадавікоў уборачнай кампаніі вельмі ярка і творча віталі гасцей свята і жыхароў Гомельшчыны. Ва ўрачыстым прывітанні аграрыяў рэгіёна старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко падзякаваў працаўнікам вёскі вобласці за той год вынік працы, які нягледзячы на сур’ёзныя выклікі, удалося паказаць у гэтым сельгассезоне. 


— «Дажынкі» ўвенчваюць сельскагаспадарчы год. Сапраўды, год быў напружаны, няпросты, але вельмі годны. Пры ўсіх перыпетыях, умовах надвор’я, лічу, што аграрыі справіліся на высокім узроўні, — падкрэсліў кіраўнік рэгіёна. — І ўраджай сёння дастойны, і збожжавых каласавых, і рапсу. Ён даў магчымасць забяспечыць выкананне дзяржзаказу і забяспечыць грамадскую жывёлагадоўлю ў поўным аб’ёме, для таго, каб спакойна працаваць у зімовастойлавы перыяд, атрымліваць вынікі ў жывёлагадоўлі. 

Старшыня аблвыканкама асабліва адзначыў прафесійнае майстэрства і адданасць справе аграрыяў Гомельшчыны, што вядуць рэгіён да новых рэкордаў, працвітання Гомельскай вобласці і любімай Беларусі.  

— Больш за 500 механізатараў на ўборцы ўбралі больш за 1000 тон збожжа. Лепшыя механізатары ўбралі больш за тры тысячы тон. Мы сёння ўдзячны нашым вадзіцелям на адвозцы, асабліва жанчынам, якія ўдзельнічалі ва ўборцы, — акцэнтаваў увагу Іван Крупко.  


На выніках сёлетняй ўборачнай кампаніі лідарам па намалоце стаў Рэчыцкі раён. Па ўраджайнасці сярод гаспадарак — сельгаспрадпрыемствы «Тураўшчына», «Отар», «Аграфірма імя Лебедзева», «Беларуснафта-Асобіна», «Антонаўка-Агра». 

Энергія, майстэрства і адданасць справе 

Кіраўнік рэгіёна таксама даў самую высокую ацэнку прафесіяналізму механізатараў, жывёлаводаў, прадстаўнікоў усіх аграрных прафесій, праца якіх прынесла поспехі новага аграрнага сезона на Гомельшчыне.  

Пазнаёміцца з унікальнай прадукцыяй і культурай прадстаўнікоў розных куткоў рэгіёна на фестывалі-кірмашы працаўнікоў вёскі можна было на тэматычных падворках раёнаў Гомельшчыны.  

— Чатыры гады таму сустракалі свята на Добрушчыне, таму добра ведаем, які гэта вялікі гонар. Для нас таксама гонар прадстаўляць свой раён на падворку. Сустракаем гасцей, прапануем пакаштаваць прысмакі з бульбы, дзелімся сваім сакрэтам добрага настрою, а гэта пазітыў і шчырая любоў да людзей, — распавяла «гаспадыня» тэматычнага падворка Добрушчыны, старшыня Усоха-Будскага сельвыканкама Добрушскага раёна Ала Хузеева. 
— У мінулым годзе нашы Лельчыцы былі сталіцай абласных «Дажынак». Цяпер свой падворак у Калінкавічы рыхтавалі, прадумвалі ідэю, як яго прадставіць, усім раёнам. Расказваем гасцям, што на тэрыторыі нашага раёна захаваліся палескія дыялекты, песні, народныя традыцыі, старажытныя абрады, а з 15 нематэрыяльных гісторыкі-культурных каштоўнасцей Гомельшчыны, уключаных у Дзяржаўны спіс нематэрыяльных гісторыкі-культурных каштоўнасцей Беларусі, чатыры аб’екты знаходзяцца ў Лельчыцкім раёне, — нагадалі загадчык Дзяржынскага сельскага Дома культуры Наталля Сівак і дырэктар Сярэднепячанскай базавай школы Лельчыцкага раёна Сяргей Гаўрылавец, якія віталі гасцей на падворку Лельчыцкага краю.  


Сапраўды адчувалася, што стаць сталіцай аграсвята — асаблівы гонар для Калінкавіч, яго жыхароў і гасцей з самых розных куткоў рэгіёна. Гэта свята станоўчых эмоцый, сяброўства і падтрымкі аграрыяў... Такім настроем дзяліліся госці свята.  

— Ведаем, як гэта перажываецца, калі перавозіш першую тысячу збожжа. Як гэта хвалююча., — падзялілася дачка аграрыя Таццяна Коцур, якая на свята працаўнікоў вёскі прыехала са сваёй дачкой. — Мой тата, Міхаіл Коцур шмат гадоў адпрацаваў вадзіцелем на адвозцы збожжа ад камбайна ў гаспадарцы КСУП «Новы шлях-агра» Рэчыцкага раёна. Так што «Дажынкі» вельмі блізкія, родныя! - не хавала самых шчырых эмоцый і перажыванняў свята жанчына. 

Юлія Санько з маленькай дачкой Ксюшай — на свяце група падтрымкі галавы свайго маладога сямейства — Аляксандра Русакова.  

— Тата наш — камбайнер ААТ «Радзіма» Калінкавіцкага раён. Ён з самага дзяцінства вельмі любіў усё, што звязана з тэхнікай, і знайшоў сябе ў прафесіі ў сельскай гаспадарцы. Летась крыху яму не хапіла да тысячы тон намалочанага збожжа, а ўжо ў гэтым сезоне ён «тысячнік». Ганарымся ім! Мы не прапускаем апошнія гады ні адны «Дажынкі», былі і ў Карме, і ў Лельчыцах. Так што заахвочваем усіх да такога турызму святочнага, — падзялілася маладая маці Юлія Санько. 

Найлепшыя на жніве  

Традыцыйна самай чаканай і хвалюючай на свяце стала цырымонія ўзнагароджання найлепшых прадстаўнікоў сельскагаспадарчай галіны рэгіёну. Ганаровыя граматы, сертыфікаты і каштоўныя падарункі на святочнай сцэне ў Калінкавічах атрымалі пераможцы абласнога спаборніцтва за дасягненне найвышэйшых паказчыкаў у сельскай гаспадарцы.  

— Канешне, вельмі цікавая наша праца. Атрымліваць кожны год вынікі, асабліва калі яны ўсё вышэй і вышэй, глядзець на радасць людзей, калі ў іх дастойная заработная плата, а яна можа быць толькі тады, калі людзі працуюць добрасумленна, выконваюць свае абавязкі, нарошчваем вытворчасць прадукцыі, атрымліваем выручку добрую, і кожны год плюсуем па выручцы. У гэты дзень хачу пажадаць усім людзям, якія працуюць на зямлі, моцнага здароўя, шчасця, каб заўсёды іх родныя і блізкія былі здаровымі, каб ніколі не было ў іх засмучэнняў, непрыемных момантаў, каб быў мір і спакой, — перадала пажаданні аграрыям Гомельшчыны, кіраўнік гаспадаркі з вялікім вопытам работы, дырэктар ААТ «Зорка» Чачэрскага раёна Галіна Трыбунах.
Па традыцыі на галоўнай святочнай сцэне адбылася ўрачыстая перадача тытула «Сталіца «Дажынак» ад Калінкавіч — Жыткавіцкаму раёну. Старшыня Калінкавіцкага райвыканкама Павел Сілівончык перадаў сімвал сталіцы абласных «Дажынак» — сноп з каласоў новага ўраджаю — кіраўніку Жыткавіцкага раёна Уладзіміру Антоненку.

Наталля Капрыленка

Фота аўтара


У Шклоўскім раёне ідзе барацьба за званне «лепшы падворак»

Сталіца «Дажынак» яшчэ з раніцы бурліць, спявае, скача. У паветры змешаны пах дыму і шашлыкоў. На небе ззяе сонейка і ўсё гаворыць пра тое, што дзень будзе прыгожы і шчаслівы. Так і павінна быць. Ураджай сабраны добры, ёсць чаму радавацца. Хлебаробаў не пазнаць. У парадных касцюмах, з усмешкай на вуснах гуляюць па святочных вуліцах Шклова. Яны гэта заслужылі, кожны раён зрабіў свой унёсак ў каравай. На вуліцах Ленінскай і Фабрычнай матэрыялізаваліся падворкі ўсіх раёнаў вобласці. 



У рамках абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2026» праводзіцца абласны агляд-конкурсу «Лепшы дажынкавы падворак», галоўны прыз якога легкавы аўтамабіль. Пераможца стане вядомы на ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2026».

На дрыбінскім падворку дым каромыслам, дранікі пячэ сама загадчыца раённага Дома рамёстваў Таццяна Сіроціна. 

—Сёння мы прадстаўляем і працу нашага Дома рамёстваў, і раённага цэнтра культуры, — кажа яна. —Наша разыначка — дранікі, а яшчэ шмат чаго прыгатавалі з гарбуза. Заходзьце, у нас тут цэлы рэстаран. А яшчэ нашы мастацкія вырабы. Вось, напрыклад, кошык са свежай лазы, гэтага ўраджаю. У пятніцу ў Акадэміі музыкі ў Мінску атрымала Падзяку ад Адміністрацыі Прэзідэнта. Прыемна, што нас выдзяляюць.




На кожным падворку свая рызыначка, але журы звяртае перш за ўсё ўвагу на пэўныя дамінанты.

— Кожны з 23 падворкаў павінен не толькі прыгожа выглядаць, але і праслаўляць брэнды рэгіёну, сваіх людзей, працу, — кажа начальнік аддзела народнай творчасці культурна-дасугавай дзейнасці і ўстаноў адукацыі ўпраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Аляксандр Глуздаў. — Журы звяртае ўвагу на нейкія фішкі, асаблівасці. Таму задача ў нас вельмі складаная. Хачу сказаць, што ініцыятарам гэтага конкурсу стаў наш губернатар Анатоль Ісачанка, і ўжо некалькі гадоў запар гэты конкурс праводзіцца. Ён жа адкрые галоўную інтрыгу — назаве раён пераможцу — сёння на свяце.

 



У Гарадцы Шклоўскага раёна адкрылі помнік маці-гераіні Ніне Баранавай

У рамках абласных «Дажынак» у аграгарадку Гарадзец Шклоўскага раёна сёння адкрыўся помнік-бюст савецкаму перадавіку сельскай гаспадаркі, жывёлаводу, Герою Сацыялістычнай працы, маці-гераіні Ніне Баранавай. Удзел у мерапрыемстве прынялі старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, упаўнаважаны прадстаўнік Кіраўніка дзяржавы ў Магілёўскай вобласці Дзмітрый Крутой.

Ініцыятарамі стварэння помніку выступіла Шклоўская раённая арганізацыя ветэранаў. Ён устаноўлены як раз па суседству з сельскім Домам культуры, дзе ёсць музейны куточак у гонар славутай жанчыны, і сярэдняй школай, дзе працуе настаўніцай беларускай мовы і літаратуры яе ўнучка Наталля Стрыжанава. Менавіта яна разам з іншай раднёй падбірала фота ўдарніцы, па якому рабіўся эскіз помніка. Цікавая і яго форма. Жанчына трымае на руках дзіця, чымсьці нагадваючы вобразам Багародзіцу. Ніна Баранава выхавала 10 дзяцей. Менавіта столькі туй і было пасаджана каля помніка. 


— Мне было крыху за 30, калі бабуля памерла, — успамінае Наталля Уладзіміраўна. — Яна пражыла 86 гадоў. Заўсёды была добрая, гасцінная. І вельмі працавітая. Увесь час расказвала пра сваю работу. Вельмі ганарылася, што яе працу так высока ацанілі. Усё хацела ўбачыць, як будзе выглядаць наш малочна-таварны комплекс. Рэканструкцыя аб’екта ўжо вялася. Калі яна працавала, там вырошчвалі свінняў. 

Пра сваю старанную працаўніцу гаспадарка ніколі не забывала. Спачатку ў гонар яе на вялізным камяні была прымацаваная мемарыяльная дошка. Зараз яе перанеслі на будынак ЗАТ «АСБ-Агра Гарадзец». Помнік жа ўвасобіў у сабе працавітасць і жаноцкасць прыгожай беларускай жанчыны. 

— На прыкладзе маёй бабулі сёння выхоўваецца моладзь, — з гонарам кажа ўнучка. — У Доме культуры ў пакоі баявой і працоўнай славы захоўваюцца яе ўзнагароды. Зорку Героя яна атрымала ў 1971 годзе. Але не заганарылася, заставалася такой жа сціплай, якой была і да ўзнагароды. 



Некалькі гадоў таму, калі раён рыхтаваўся адзначыць сваё стагоддзе, прозвішча Ніны Баранавай было ўнесена ў Кнігу Славы Шклоўшчыны.

— Жыццё яе было няпростым, прыходзілася шмат і цяжка працаваць, — кажа ўнучка. — Акрамя работы была яшчэ і вялікая хатняя гаспадарка. Сёння жанчыны выглядаюць нашмат маладзей сваіх равесніц савецкага перыяду. Яны былі больш моцнымі і вынослівымі. Дзядуля трагічна загінуў у 1978 годзе, калі ў сям’і яшчэ былі непаўналетнія дзеці. І бабуля ў адзіночку іх падымала. 


Сёння з 10 дзяцей Ніны Баранавай засталося толькі 6 дачок. Некалькі з іх жывуць са сваімі сем’ямі у Гарадцы і Магілёве. Разам з унукамі, а нехта ўжо і з праўнукамі, яны прынялі ўдзел у адкрыцці помніка. 

— Шматдзетнасць у нашых сем’ях — гэта жывы прыклад нашай бабулі, — кажа Наталля Стрыжанава. — У мяне , напрыклад, два браты і дзве сястры. У асабістай сям’і — трое дзяцей. Дзеці — гэта падмурак сям’і. Разам спорыцца любая работа. Мы з братамі і сёстрамі вельмі любім сустракацца ў бацькоўскай хаце. Калі ўсе раз’язджаюцца, становіцца нават сумна. Сіла менавіта ў сям’і. Калі яна моцная, ніякая работа не страшная. 

«Добра працуеш, атрымліваеш яшчэ больш — такі прынцып будзе ўкараняцца»

Пра гэта ў размове з журналістамі паведаміў Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой. 

— Прэзідэнт неяк сказаў, што на Магілёўшчыне чатыры лідара — гэта Кіраўскі, Шклоўскі, Горацкі і Магілёўскі раёны, — рэзюмаваў ён. — Трэба падцягваць усіх астатніх. І выдатна, што сёлета па прадукцыйнасці, па надою на адну карову, па валавым выпуску ў лідарах Дрыбін, які дадаў больш за ўсіх. А яшчэ — Быхаў, Асіповічы. То бок тыя, хто 3-4 гады таму быў унізе табліцы, і сёння паднімаюцца ўверх. Гэта сведчыць пра тое, што тыя мерапрыемствы і меры, якія распрацаваны, даюць эфект. І тыя рэсурсы, якія ўкладваюцца ў гэтыя раёны, укладваюцца недарма. 

Дзмітрый Крутой нагадаў, як напачатку года, у халодныя студзеньскія дні паступае жорсткае даручэнне Прэзідэнта па паскораным будаўніцтве прафілакторыяў для цялят. У выніку вобласць выканала заданне датэрмінова. 

— Уведзена 45 аб’ектаў, яшчэ 7 будуецца ўжо ініцыятыўных, — удакладніў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. — Таму спадзяемся да гэтай зімы падысці ўжо цалкам у поўным узбраенні. З сакавіка адмоўная, у добрым сэнсе слова, дынаміка па падзяжы.

У вобласці працягваецца маштабная інвестыцыйная праграма. У рамках пяцігодкі ў рэгіёне будуецца, рэканструюецца каля 80 аб’ектаў, з дапамогай якіх плануецца давесці паказчыкі прадукцыйнасці па малаку, мясе, прыбаўленні ў вазе да сярэднерэспубліканскіх памераў. 

— Ужо палова раёнаў вобласці дасягнула прыбаўлення ў вазе больш за 600 грамаў, — адзначыў Дзмітрый Крутой. — Гэта пункт бясстратнасці, які вызначыў прэм’ер. Калі будзе зменена сістэма субсідзіравання сяла — калі ты, умоўна кажучы, даеш менш за 6000 літраў на карову ці атрымліваеш прыбаўленне менш чым 600 грамаў — можаш застацца за бортам гэтай сістэмы. Таму што дапамагаць будуць, у тым ліку і лідарам, якія, дзесьці справядліва, крыўдзяцца, што ім не дастаюцца пэўныя фінансавыя рэсурсы, якія размяркоўваюцца ў межах бюджэтных правілаў. Таму, калі добра працуеш, атрымліваеш больш — такі прынцып будзе ўкараняцца. 

Як паведаміў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта, у цэлым па краіне, і канкрэтна па Магілёўскай вобласці перспектывы АПК выдатныя. 

— Вы, напэўна, заўважылі, што свята «Дажынкі» пашыраецца з кожным годам, — звярнуў ён увагу. — Нават у параўнанні з мінулымі «Дажынкамі», што праходзілі ў Крычаве, у Шклове павялічана ў два разы колькасць удзельнікаў, у два разы даўжэйшыя гандлёвыя рады, колькасць прадуктаў, якія на іх прадстаўленая. Надвор’е таксама добрае. Таму, я думаю, сапраўднае народнае свята парадуе ўсіх нашых удзельнікаў і гасцей.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара і з тэлеграм-канала mogilevnews.by

Шклоў

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю