У пачатку верасня напярэдадні юбілею РУП «Белпошта» і святкавання Сусветнага дня пошты на базе адпачынку «Дружба» прайшоў XXVІІІ Рэспубліканскі конкурс прафесійнага майстэрства работнікаў прадпрыемства. Гэтым разам паміж сабой спаборнічалі начальнікі аб’ектаў паштовай сувязі і іх намеснікі — 42 удзельнікі.
Сёлета конкурс стаў асабліва знамянальны, паколькі прысвячаўся не толькі юбілею і Сусветнаму дню пошты, але і 80-й гадавіне Перамогі савецкага народа ў Вялікай айчыннай вайне, а таксама Году добраўпарадкавання. Варта адзначыць, што за ўвесь час яго правядзення, пачынаючы з 1997 года, у ім удзельнічала больш за тысячу прадстаўнікоў розных спецыяльнасцяў. У цырымоніі адкрыцця ўдзельнічалі прадстаўнікі Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў сувязі, кіраўнікі РУП «Белпошта». У гонар 80-й гадавіны Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне на тэрыторыі базы «Дружба» была закладзена алея Памяці.
У першы дзень конкурсу ўдзельнікі прадстаўлялі свае каманды пад лозунгам «30 гадоў разам ствараем будучыню». Потым было прадстаўленне дамашняга задання на тэму «Наш унёсак у добраўпарадкаванне», пасля чаго канкурсанты спаборнічалі ў выкананні практычных заданняў, звязаных з продажам паслуг. У другі дзень удзельнікі пацвердзілі свае веды і навыкі ў выкананні тэарэтычных заданняў.
Па выніках спаборніцтваў пераможцамі былі прызнаны:
- сярод начальнікаў аддзяленняў першае месца заваявала Марына Ляшчынская — Брэсцкі абласны філіял; на другім — Наталля Буката, якая таксама прадстаўляла Брэсцкі філіял; трэцяе месца ў Раісы Мажэйкі з Гродзенскага філіяла.
-
Сярод намеснікаў начальнікаў аддзяленняў перамогу атрымала Ірына Сярэдзіч, другое месца заваявала Таццяна Барысюк, на трэцім — Ірына Маркава. Усе трое прадстаўлялі Брэсцкі абласны філіял.
-
У камандным заліку філіялы размясціліся наступным чынам:на першым месцы — Брэсцкі, на другім — Магілёўскі філіял, на трэцім — Вытворчасць «Мінская пошта».
-
Прыз сімпатый гледачоў на лепшую камандную прэзентацыю дамашняга задання на тэму: «30 гадоў разам ствараем будучыню» па выніках інтэрнэт-галасавання атрымала каманда Гомельскага філіяла.
Акрамя таго, многія ўдзельнікі конкурсу былі ўзнагароджаны ганаровымі граматамі і дыпломамі. Пераможцаў і ўдзельнікаў спаборніцтваў у заключным слове цёпла павіншавалі генеральны дырэктар РУП «Белпошта» Святлана ЮРКЕВІЧ, першы намеснік генеральнага дырэктара Алена ДРАЗДОВІЧ і старшыня прафсаюзнай арганізацыі прадпрыемства Анжаліка ДРОБАВА.
«Асаблівасць сённяшняга мерапрыемства ў тым, што яно праходзіць ужо у 28-ы раз, — адзначыла старшыня журы конкурсу Алена Драздовіч. — І кожны раз мы чаргуем удзел у ім паміж прадстаўнікамі розных прафесій: паштальёнамі, аператарамі, спецыялістамі паштовай дзейнасці. Гэтым разам паміж сабой спаборнічалі начальнікі паштовых аддзяленняў і іх намеснікі — людзі, якія непасрэдна адказваюць за арганізацыю працы сваіх аб’ектаў паштовай сувязі. Часта менавіта яны выступаюць у ролі настаўнікаў маладых работнікаў, якія толькі пачынаюць свой працоўны шлях. І, галоўнае, усяляюць у свае калектывы сапраўдны камандны дух, ад якога залежыць паспяховае выкананне вытворчых паказчыкаў.
Сёлета мы крыху змянілі фармат конкурсу. Калі раней ён праходзіў у тры этапы: у рэгіянальных вузлах паштовай сувязі, у абласных філіялах і на рэспубліканскім узроўні, то ў гэтым годзе было вырашана правесці адзін этап — рэспубліканскі. Права вызначыць удзельнікаў мы даверылі абласным філіялам і Вытворчасці „Мінская пошта“».
Паводле слоў Алены Васільеўны, вызначыць пераможцу ў прафесійных конкурсах нялёгка заўсёды. З улікам таго, што апошнім часам акцэнт робіцца на продажы паштовых паслуг, то галоўная задача кіраўнікоў аб’ектаў паштовай сувязі — гэта ўменне нацэліць свой калектыў на якаснае прадастаўленне падобных паслуг і самім дакладна разбірацца ва ўсіх гэтых пытаннях.
Безумоўна, усе ўдзельнікі конкурсу адчувалі хваляванне. Па ўзроўні ведаў і прафесійных навыкаў канкурсанты былі практычна роўнымі. Разыходжанне па балах было зусім нязначнае. Ацэньваліся ўдзельнікі па розных крытэрыях: лічбавыя паслугі, папярэдняя апрацоўка карэспандэнцыі, адпраўленне пасылак па сістэме QR box і іншых.
«У кожным абласным філіяле былі пэўныя лідары, — падкрэсліла першы намеснік гендырэктара РУП „Белпошта“. — Хачу ў гэтым плане адзначыць каманду Вытворчасці „Мінская пошта“, ім літаральна крыху не хапіла для таго, каб стаць пераможцам. Ну, а найбольшую колькасць прызоў і першае месца заваявала каманда Брэсцкага абласнога філіяла, якая лідзіравала ва ўсім. Выдатна выступіла каманда Магілёўскага філіяла, якая апярэдзіла мінчан і заняла другое месца. Гэта даказала, што прадстаўнікі каманд-пераможцаў валодаюць найвышэйшым узроўнем ведаў і могуць бездакорна выканаць любую вытворчую задачу, яны добрыя арганізатары і здольныя накіраваць свае калектывы на агульную справу. Гэта вельмі важна!»
Гавораць удзельнікі
— Для мяне гэта быў першы такі конкурс, таму я вельмі хвалявалася ў працэсе яго правядзення, — адзначыла Марына Ляшчынская, начальнік АПС № 22 г. Брэста. — Шчыра прызнаюся, што тыя заданні, якія мы атрымлівалі, для мяне не былі складаныя. З гэтым я сутыкаюся кожны дзень у сваёй працы.
На пошце я працую каля дваццаці гадоў. Галоўная асаблівасць нашай прафесіі — гэта магчымасць мець адносіны з шырокім колам людзей, дапамагаць нашым кліентам. А яшчэ ў нас у аддзяленні выдатны калектыў, працаваць у якім для мяне сапраўднае задавальненне. Сваім калегам я хачу пажадаць цярпення, упэўненасці ў сабе і не баяцца цяжкасцяў.
— У рэспубліканскім конкурсе я ўдзельнічаю ўпершыню, хоць на пошце працую ўжо 27 гадоў, — дадала Ірына Сярэдзіч, намеснік начальніка АПС № 15 г. Пінска. — Раней удзельнічала толькі ў абласных мерапрыемтвах. Паслядоўна прайшла шлях ад паштальёна да аператара паштовай сувязі і спецыяліста паштовай дзейнасці, а цяпер працую ў якасці намесніка начальніка аддзялення. Адзначу, што кожная з вышэйпералічаных пасад па-свойму складаная. Усюды ёсць свае нюансы, але калі ты па-сапраўднаму любіш сваю працу, адданы прафесіі, кожны працоўны дзень становіцца святам. А што можа быць лепш, калі ты раніцай сустракаешся з калектывам, дзе цябе шануюць і паважаюць, дзе знаходзіш разуменне і падтрымку. Тады ўсе вытворчыя пытанні вырашаюцца хутка і дакладна. Задаволены і калектыў, і нашы шматлікія кліенты. Мой дэвіз: «Калі хочаш, каб людзі да цябе добра ставіліся, то і ты стаўся да іх належным чынам. З такім настроем будзем працаваць далей!»
Сяргей РУЧАНАЎ
Фота РУП «Белпошта»