Top.Mail.Ru

Сёлета ў студэнты БДУ залічаны 144 мэтавікі

Беларускія ўніверсітэты ўвайшлі ў заключную стадыю прыёмнай кампаніі. Многія абітурыенты ўжо сталі студэнтамі, выбраўшы шлях мэтавага навучання. Сёння гэта форма запатрабавана як выпускнікамі, так і работадаўцамі. Пра тое, якія гарантыі атрымліваюць мэтавікі, у чым зацікаўленасць заказчыкаў і ВНУ, а таксама аб прыёме будучых студэнтаў мы даведаліся ў рэктара БДУ прафесара Андрэя Караля.


Супрацоўніцтва трох бакоў

— Андрэй Дзмітрыевіч, сёння абітурыенты з дагаворамі аб мэтавым навучанні ўжо сталі студэнтамі. Але тэма з парадку дня не сыходзіць. Таму наша размова, напэўна, для тых, хто толькі пачне вызначацца з выбарам на будучую ўступную кампанію.

— Тэма сапраўды актуальная, і папулярнасць мэтавай падрыхтоўкі расце з кожным годам. Але нават не гэта галоўнае — мы бачым асэнсаваны падыход да выбару такой формы навучання ўсіх зацікаўленых бакоў. Для абітурыентаў — гэта стабільная сацыяльная падтрымка і безумоўная гарантыя атрымання якаснай адукацыі, прафесійнага досведу і першага рабочага месца. Гэта магчымасць прайсці мяккую адаптацыю ў калектыве. За час вучобы студэнт дэталёва знаёміцца з арганізацыяй-заказчыкам, яе супрацоўнікамі, спецыфікай рабочага месца і прыходзіць туды абсалютна падрыхтаваным маладым спецыялістам.

Заказчыкі кадраў, у сваю чаргу, атрымліваюць высокакваліфікаванага супрацоўніка, напрамую ўдзельнічаюць у яго навучанні і падрыхтоўцы: студэнты-мэтавікі ўсе практыкі праходзяць менавіта ў іх, стажыруюцца, выконваюць курсавыя і дыпломныя праекты таксама па тэматыцы работадаўцы. Па сутнасці, арганізацыі вядуць сваіх студэнтаў на працягу ўсёй вучобы, паколькі арыентаваны на якасць і працаўладкаванне сваіх кандыдатаў.

БДУ ж атрымлівае зваротную сувязь ад прадпрыемстваў па запатрабаванасці спецыялістаў, неабходных кампетэнцыях і навыках. Гэта дазваляе ўзмацняць практыкаарыентаваны кампанент адукацыі, своечасова ўносіць карэкціроўкі ў змест навучальных праграм і курсаў, адкрываць новыя спецыяльнасці, прыцягваць да чытання лекцый спецыялістаў-практыкаў. Мэтавае навучанне — яскравы прыклад эфектыўнага трохбаковага і непарыўнага супрацоўніцтва, афіцыйна замацаванага дагаворам паміж абітурыентам, арганізацыяй і БДУ.

Не міф, а рэальнасць

— Некаторыя маладыя людзі перакананы ў тым, што выбар мэтавага навучання — гэта яшчэ і гарантыя стапрацэнтнага паступлення ў ВНУ...

— Памылкова думаць, што мэтавая форма даступная абсалютна ўсім. Яна адкрыта толькі для матываваных і падрыхтаваных юнакоў і дзяўчат, паколькі прадугледжвае першапачатковы конкурсны адбор і здачу ўнутранага экзамену — вуснага або, калі гэта творчая спецыяльнасць, практычнага. У любым выпадку, калі ты атрымаў мэтавае накіраванне, трэба якасна падрыхтавацца да іспыту. І абітурыенты тое разумеюць. Калі казаць пра іх якасную падрыхтоўку ў цэлым, то з 302 абітурыентаў, дапушчаных да іспыту, практычна кожны чацвёрты атрымаў за яго дзевяць або дзесяць балаў. Вельмі высокі працэнт залічаных юнакоў і дзяўчат мае сярэдні бал атэстата 9,0. Напрыклад, адзін хлопец, які паступае на спецыяльнасць «Дзяржаўны аўдыт», — залаты медаліст, мае дзве дзясяткі на сваім рахунку: за экзамен і сярэдні бал атэстата.

Рост — выбухны!

— Колькі абітурыентаў-мэтавікоў прыняла сёлета галоўная ВНУ краіны?

— Колькасць мэтавых накіраванняў з кожным годам экспанентна расце. Калі яшчэ гады два назад колькасць такіх месцаў у нас і да сотні не даходзіла, то ў дадзены момант яна павялічылася больш чым у паўтара раза. Мы сапраўды бачым выбухны рост ліку тых, хто паступае па мэтавай форме. Сёлета залічылі 144 студэнты. Што датычыцца заказчыкаў кадраў, то заяўкі на падрыхтоўку спецыялістаў у гэтым годзе падалі 56 ведамстваў. Яшчэ летась іх было 37. Сярод найбуйнейшых нашых заказчыкаў — Следчы камітэт, Дзяржаўны мытны камітэт, упраўленні адукацыі камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама і Мінскай вобласці.

— Наколькі актыўна прадпрыемствы і арганізацыі ўдзельнічаюць у арганізацыі конкурсу?

— Пытанне арганізацыі конкурсу, які павінны забяспечыць работадаўцы, часта бывае для нас балючым. Як я казаў раней, мы абавязаны, згодна з усімі нарматыўнымі прававымі актамі, ажыццяўляць адбор на мэтавую форму на конкурснай аснове. Часта такі момант заказчыкі недаацэньваюць, і тады БДУ прыкладае дадатковыя намаганні, каб растлумачыць ім неабходнасць больш актыўнага ўдзелу ў гэтым працэсе. На жаль, не заўсёды ўсё атрымліваецца. Часам бывае, што месцы з мэтавага набору пераходзяць на агульны конкурс. Праўда, асобныя арганізацыі да пытання забеспячэння конкурснага адбору падыходзяць вельмі адказна. Напрыклад, сёлета на спецыяльнасць «Правазнаўства» было пададзена 10 заяў, а на «Інфармацыю і камунікацыю» прадпрыемства забяспечыла конкурс у 9 чалавек на месца. Гэта сведчыць аб усвядомленым падыходзе прадпрыемстваў і іх зацікаўленасці ў атрыманні падрыхтаванага спецыяліста.

Пашыраецца і вектар спецыяльнасцяў. Летась мы залічвалі мэтавікоў па 31 спецыяльнасці, з якіх 8 — педагагічныя. Сёлета лічбы ўжо такія — 36 і 11 адпаведна. Гэта чарговае пацвярджэнне асэнсаванага выбару дадзенай формы як з боку абітурыента, так і работадаўцы. Найбольшая колькасць студэнтаў прынята на спецыяльнасці «Правазнаўства» — 31 чалавек, «Мытная справа» — 18, «Матэматыка» — 11, «Руская філалогія» — 9, «Журналістыка» — 10.

Не форма, а змест

— Здаралася, што мэтавікоў адлічвалі?

— Мэтавікі — гэта тыя ж студэнты. Форма навучання тут не вельмі важная. Да ўсіх у нас аднолькавы падыход і ўсім даюцца роўныя магчымасці і ўмовы навучання. Важна разумець, што вучоба ў БДУ патрабуе вялікіх высілкаў і аддачы. Недастаткова толькі паступіць, усё роўна на якіх умовах. Паўтаруся, што да нас паступае, незалежна ад абранай формы навучання, матываваная і таленавітая моладзь, якая свядома падыходзіць да выбару прафесіі. Маладыя людзі гадамі рыхтуюцца да паступлення і выразна ўсведамляюць свой далейшы прафесійны шлях. 

256354-14.jpg

Узважыць свядома і самастойна

— Андрэй Дзмітрыевіч, што вы параіце сённяшнім школьнікам — заўтрашнім абітурыентам — пры выбары дадзенай траекторыі навучання? Якія «за» і «супраць» трэба ўлічваць, каб прыняць сапраўды прадуманае, дарослае рашэнне?

— Найперш усё ўзважыць свядома і самастойна. З боку бацькоў павінна быць падтрымка, але не ціск. Важна прыслухацца да сябе, паглядзець на свае перавагі і аб’ектыўна ацаніць свае магчымасці. Для гэтага рэкамендую загадзя наведаць прадпрыемствы, пазнаёміцца па магчымасці з калектывам, самой сферай. Абавязкова прыйсці ў БДУ, на факультэты, паразмаўляць з прадстаўнікамі прыёмнай камісіі, паўдзельнічаць у Днях адкрытых дзвярэй, праекце «Студэнт на тыдзень» і іншых нашых прафарыентацыйных мерапрыемствах, каб пагутарыць са студэнтамі, якія навучаюцца на мэтавай форме.

Важнае і новае

— Якія чаканні ад ужо праведзенага і будучага прыёму абітурыентаў і якія спецыяльнасці застаюцца ў топе?

— Чаканні — самыя лепшыя. Кожная прыёмная кампанія — асаблівая, паколькі да нас прыходзяць найлепшыя маладыя людзі, арыентаваныя на вучобу, дасягненні. І не толькі асобасныя, але і для сваёй краіны. Абітурыенты ўсе розныя, але кожны па-свойму цікавы і неардынарны. Менавіта такое спалучэнне часта прыводзіць да з’яўлення важнага і новага. Што да топавых спецыяльнасцяў, то традыцыйна ў лідарах як гуманітарныя, так і прыродазнаўча-навуковыя. Гэта юрыдычны і філалагічны кірункі, біяінжынерыя, біятэхналогіі, ІT-спецыяльнасці, усходазнаўства, спецыяльнасці факультэта міжнародных адносін. Адносна гэтага года рана казаць, але ўжо відавочна, што міждысцыплінарны і лічбавы кампаненты пра сябе актыўна заяўляюць.

Алена ВІНАГРАДАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю