Top.Mail.Ru

Сёлета больш за 25 тысяч чалавек ужо прайшлі аздараўленне ў прафсаюзных санаторыях

Усё больш беларусаў аддаюць перавагу адпачынку і лячэнню на Радзіме, пакідаючы станоўчыя водгукі аб якасці і эфектыўнасці працэдур. У чым
перавагі і асаблівасці прафсаюзных санаторыяў, расказалі прадстаўнікі ФПБ.


Даступна, якасна

Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі 12 санаторыяў з агульнай ложкавай магутнасцю каля 5 тысяч месцаў, а даступнасць лячэння ў іх забяспечваецца за кошт скідак, датацый з прафсаюзных узносаў і сродкаў наймальнікаў. З улікам гэтага цана пуцёўкі для члена прафсаюза часта не перавышае 15-20 % ад поўнай, падкрэсліла намеснік старшыні ФПБ Таццяна ФІЛІМОНАВА. Паводле яе слоў, на гэта працуе і сістэма з больш як 18 тысяч калектыўных дагавораў. «Каля 80 % з іх змяшчаюць норму, якая датычыцца пытання патаннення пуцёвак — як для членаў прафсаюза, так і для іх дзяцей».


З пачатку 2026 года больш за 25 тысяч членаў прафсаюза і іх сем’яў ужо прайшлі аздараўленне ў прафсаюзных санаторыях. «Пік аздараўлення членаў прафсаюза супадае з асноўным пікам адпускной пары — гэта летні перыяд. Таму ў членаў прафсаюза ёсць магчымасць праз свае першасныя прафсаюзныя арганізацыі загадзя забраніраваць пуцёўку», — адзначыла Таццяна Філімонава. 


Дарэчы, сярэдняя працягласць санаторна-курортнага лячэння членаў прафсаюза ў гэтым годзе ўпершыню за апошнія пяць гадоў перавысіла 10 дзён — важны паказчык запатрабаванасці і эфектыўнасці такога адпачынку. І нядзіўна: сёння ў здраўніцах ФПБ актыўна ўкараняюцца перадавыя метады дыягностыкі і тэрапіі. У іх ліку — пункцыя сустаўнай поласці пад ультрагукавым кантролем з увядзеннем лекаў, лячэнне чыстым кіслародам пад ціскам, а таксама падводнае выцяжэнне пазваночніка. 

Высокая якасць медыцынскай дапамогі забяспечваецца дзякуючы кампетэнтным спецыялістам: кваліфікацыя ўрачоў і сярэдняга медперсаналу ўсіх дванаццаці санаторыяў рэгулярна пацвярджаецца. Акрамя таго, на іх базе працуюць клінічныя кафедры медыцынскіх універсітэтаў — тэрапіі, рэфлексатэрапіі, фізіятэрапіі, неўралогіі, рэабілітацыі, а таксама кафедра арганізацыі аховы здароўя.

Адпачынак для душы

Паводле слоў намесніка дырэктара дырэкцыі па кіраванні ўласнасцю ФПБ Андрэя КАМІНСКАГА, усе 12 санаторыяў размешчаныя ў маляўнічых кутках краіны — з улікам ландшафту, лясістасці, водных аб’ектаў і прыродных крыніц. Што цікава, у Год беларускай жанчыны было распрацавана каля 30 новых маршрутаў, прысвечаных знакамітым беларускам, — каб ні адна наша суайчынніца не была забытая. 

Да таго ж, санаторыі дапаўняюць адзін аднаго, што дазваляе эканоміць рэсурсы і адначасова прадастаўляць поўны спектр санаторна-курортных паслуг: «Мы выбіраем актуальныя праблемы, дзе можам падтрымаць і дапамагчы, забяспечваючы пераемнасць медыцынскай дапамогі, уключаючы дыягностыку», — адзначыў Андрэй Камінскі. 


У Федэрацыі прафсаюзаў падкрэслілі, што работа па паляпшэнні якасці паслуг, харчавання, пражывання і медыцынскага абслугоўвання вядзецца бесперапынна. У пастаянным рэжыме ладзіцца рамонт і абнаўленне карпусоў, стаіць задача аснасціць усе нумары сучасным абсталяваннем і стварыць максімальна камфортныя ўмовы для наведвальнікаў. У прыярытэце — не толькі мадэрнізацыя, але і ўкараненне новых кірункаў аздараўленчых праграм.
Таксама значная ўвага ўдзяляецца дзіцячаму адпачынку: штогод у спартыўна-аздараўленчых лагерах, якія дзейнічаюць на базе прафсаюзных спартыўных школ, аздараўляюцца 10-15 тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак. У гэтым годзе, расказала Таццяна Філімонава, да пачатку першай змены было праверана больш за 130 такіх лагераў. 

Аміна НАЗАРАВА
Фота БелТА
Фота Валерыя Картуля


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю